Гісторыя каляднай ялінкі

Дзіцячы куточак

Існуе мноства легенд, звязаных з каляднай ялінкай. Чаму мы сталі ставіць яе ў хатах напярэдадні Божага Нараджэння? Чаму ўпрыгожваем яе мішурой? Пра ўсё гэта распавядаюць старыя паданні.
Гісторыя пераўтварэння елкі ў каляднае дрэва дакладна не вядома, хоць існуе меркаванне, што гэты звычай бярэ свой пачатак са старажытнагерманскай традыцыі, у якой елка лічылася сімвалам неўвядальнай прыроды, знакам перамогі жыцця над смерцю. Пасля хросту германскіх народаў, елка стала знакам Божага Нараджэння, яе ставілі ў хатах 24 снежня. Першыя калядныя ялінкі былі ўпрыгожаны кветкамі і садавінай, а пазней – цукеркамі, гарэхамі і свечкамі. Такія ўпрыгожанні былі занадта цяжкімі для яловага дрэўца, таму нямецкія майстры пачалі ствараць шкляныя цацкі, каб замяніць садавіну і іншыя цяжкія ўпрыгожанні. Традыцыя ставіць ёлку на Божае Нараджэнне распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і Амерыцы.
Пра паходжанне каляднага дрэўца існуе мноства легенд. Паводле адной з іх, у ноч Божага Нараджэння ўсе дрэвы ў лесе зацвілі і далі плады. Магчыма, менавіта на аснове гэтай легенды і ўкараніўся звычай вешаць на вечназялёнае дрэва яблыкі, цытрусавая і іншую садавіну.
    Паводле іншага падання, у калядную ноч усе расліны адправіліся ў Бэтлеем, каб пакланіцца маленькаму Езусу. Першымі прыйшлі пальмы, якія раслі непадалёк ад Бэтлеема, затым прыйшлі бярозы, клёны, дубы, пасля іх – далікатныя магноліі, вытанчаныя эўкаліпты і высокія кедры. А з далёкай халоднай Поўначы да Езуса прыйшла маленькая ялінка, якая на фоне велічных дрэў выглядала сціплай Папялушкай. Дрэвы саромеліся ялінкі і рабілі ўсё магчымае, каб схаваць яе ад вачэй Боскага Немаўляці. Гэта ўбачыў анёл і пачаў праслаўляць пакору ялінкі. І раптам на небе адбыўся цуд: зоркі пачалі танцаваць і падаць на зямлю. Яны апускаліся на галінкі маленькай ялінкі, пакуль яна ўся не заблішчала сотнямі агеньчыкаў.
    У яшчэ адной легендзе пра паходжанне каляднага дрэва распавядаецца пра тое, як анёлы пайшлі ў лес, каб выбраць для людзей дрэва Божага Нараджэння. Спачатку яны палічылі, што ім павінен стаць магутны дуб. Аднак адзін з анёлаў не пагадзіўся з гэтым: “Не, – сказаў ён, – мы не можам выбраць дуб. У яго вельмі цвёрдая драўніна”. Анёлы адправіліся далей і падышлі да бука. Тады другі анёл сказаў: “І гэтае дрэва мы не можам узяць у якасці каляднага, таму што ўвосень бук хутка губляе сваё лісце”. Калі яны падышлі да бярозы, трэці анёл сказаў: “Бяроза таксама не падыходзіць, таму што яе галінкі звычайна выкарыстоўваюцца ў якасці бізуноў для пакарання”. Не ўзялі анёлы і вярбу, бо, па меркаванні чацвёртага анёла, падчас дажджу вярба плача і не можа быць знакам радасці. Нарэшце, анёлы падышлі да ялінкі і з-за яе вечназялёнага ўбрання, сіметрычнай формы і прыемнага паху ігліцы аднадушна выбралі яе дрэвам Божага Нараджэння.
    У адной са старадаўніх германскіх легенд распавядаецца пра тое, як аднойчы на куццю ляснік і яго сям’я раптам пачулі нясмелы стук у дзверы. Гаспадар адчыніў хату і ўбачыў на парозе маленькага босага хлопчыка, які дрыжаў ад холаду. Ляснік запрасіў хлопчыка ў хату. Сям’я абагрэла і накарміла малога, а раніцай усе прачнуліся ад гукаў анёльскага спеву і ўбачылі свайго начнога госця пасярод анёлаў. І толькі тады ў маленькім, якому яны напярэдадні далі прытулак у сваёй хаце, яны пазналі Езуса. Ён, адламаўшы яловую галінку, сказаў: “Я прыняў вашыя падарункі, а гэта мой падарунак вам. Гэтае дрэва заўсёды будзе прыносіць плады на Каляды і вы заўсёды будзеце жыць у дастатку”.
    А вось легенда пра паходжанне срэбнай мішуры. Даўным-даўно жыла добрая бедная жанчына, у якой было шмат дзяцей. Неяк напярэдадні Божага Нараджэння яна ўпрыгожыла ёлку, але дрэўца атрымалася сціплае, амаль без упрыгожанняў. Уначы на ёлку залез павучок і развесіў на галінках сваё павуцінне. Ведаючы дабрыню жанчыны, маленькі Езус блаславіў гэтую ёлку, і павуцінне зазіхацела на дрэўцы сапраўдным срэбрам.
    Гісторыі пра калядную ёлку перадаваліся з пакалення ў пакаленне, так узніклі легенды. Магчыма, у гэтых гісторыях ёсць частка выдумкі, але без сапраўдных падзей не бывае казак і легенд. Так і ў ялінкі, гэтай вечназялёнай прыгажуні, ёсць і загадка, і рэальнасць, якія старанна перапляліся паміж сабой.