Чатыры свечкі

Дзіцячы куточак

Чатыры свечкі гарэлі ў пакоі і паволі раставалі. Было так ціха, што можна было пачуць, як яны размаўляюць паміж сабой.
    Першая сказала: “Я Супакой. На жаль, людзі не ўмеюць мяне захоўваць. Думаю, мне нічога іншага не застаецца, як толькі згаснуць!” І агеньчык на гэтай свечцы згас.
    Другая сказала: “Я Вера, на жаль, я нікому не патрэбна. Людзі не жадаюць слухаць майго голасу, таму мне няма сэнсу гарэць”. Падзьмуў лёгкі ветрык і згасіў свечку.
    Вельмі засмуцілася трэцяя свечка і сказала: “Я Любоў. У мяне няма больш сіл гарэць. Людзі не шануюць мяне і не разумеюць. Яны ненавідзяць тых, хто любіць іх больш за ўсё – сваіх блізкіх”. І гэтая свечка згасла.
    Але раптам у пакой зайшоў маленькі хлопчык і ўбачыў тры свечкі, якія ўжо нават не тлелі. Спалохаўшыся, хлопчык закрычаў: “Што вы робіце! Вы павінны гарэць: я баюся цемры!” Кажучы гэта, ён заплакаў.
    Усхвалявалася чацвёртая свечка і пачала супакойваць дзіця: “Не бойся і не плач! Пакуль я гару, заўсёды можна запаліць і іншыя тры свечкі, бо я – Надзея”.