Эра любові і прабачэння

Адпачынак - Дзіцячы куточак

 Паважаныя чытачы!
Божае Нараджэнне дало пачатак эры хрысціянства – эры любові і прабачэння. Езус узяў на сябе нашыя грахі, штодзённа нам прабачае і запрашае нас удзельнічаць у таямніцы свайго адкуплення. Я запрашаю кожнага з Вас на хвілінку адарвацца ад штодзённых спраў і паспрабаваць усвядоміць глыбокае значэнне і вартасць калядных традыцый і сімвалаў вігілійнай вячэры.
- Калядная вячэра – напамін пра агапу (са ст.- грэчаскага - агампэ, агампа) агульную трапезу хрысціян першых стагоддзяў, якую называлі “вячэрай любові”. Агапэ – адна з асноўных дабрадзейнасцяў, неназойлівая, ахвярная, міласэрная любоў да бліжняга. Адсюль пайшла традыцыя ставіць дадатковы сталовы прыбор для самотных, пакінутых, вандроўцаў.
    - Аплатка ( лац. oblatum – ахвярны) – cімвал згоды, пагаднення, прабачэння крыўдаў, хлеб Таго, Хто прынёс супакой людзям добрай волі.
    - Стол, накрыты белым абрусам – cімвал алтара. Белы абрус нагадвае пялёнкі, якімі Марыя спавівала Народжанага Езуса. Белы колер таксама з’яўляецца cімвалам чысціні намераў, святасці тых, хто садзіцца вакол стала за ўрачыстую калядную вячэру.
- Сена – напамін пра тое, што Езус нарадзіўся ва ўбостве ў адрыне для жывёлы. У XV i XVI стагоддзях сяляне натрушвалі сена на падлогу ва ўсёй хаце ў знак дабрабыту і падзякі Богу за сабраны ураджай.
    - Дванаццаць страў – напамін пра 12 апосталаў Езуса, якія былі разам з Ім падчас Апошняй Вячэры.
    - Калядныя песні. Раней пры дапамозе гэтых песень людзі віншавалі адзін аднаго са святам Божага Нараджэння, бо ў тэксты калядных песень уключаліся словы пажаданняў. Пазней у калядных песнях з’явіліся разважанні пра таямніцу Божага Нараджэння.
    - Ёлка – зеляніна сярод зімы. Гэта ёсць cімвал надзеі на Езуса, які прыходзіць, нягледзечы на грэх. Хрыстус абуджае і вяртае жыццё кожнаму сэрцу, скаванаму ланцугамі граху.
    - Ліхтарыкі на ёлцы нагадваюць пра тое, што пасля доўгай ночы абавязкова наступае дзень. Сімвал радасці з-за выратаванне ад цемры граху.
    - Падарункі напамінаюць тыя дары, якія пастушкі прынеслі Езусу. Гэта ёсць напамін пра традыцыю хрысціян першых стагоддзяў: бескарысліва адорваць адзін аднаго падарункамі падчас агапы – “імшы любові”.
    - Вігілія (лац. vigilia — дбанне, чуванне). Першая калядная святая Імша адбываецца ноччу. Гэтая хрысціянская традыцыя ўзнікла ў IV стагоддзі і замацавалася ў пару жыцця святога Францішка. Ён першы ў 1223 годзе заснаваў традыцыю ставіць жывыя яслі, якія б дапамагалі ўяўляць сцэну Нараджэння Езуса.