Самы прывабны

Адпачынак - Дзіцячы куточак

Дарагія нашыя маленькія чытачы!

Гэта нявыдуманая гісторыя здарылася калісьці з дзяўчынкай вашага ўзросту. Можа і з вамі адбылося штосьці падобнае?!
Галінцы вельмі падабаліся кветкі. У яе раслі рознакаляровыя афрыканскія фіялкі, пярэстыя колеусы, зграбныя драцэны, гонкія цыперусы, прывабныя гібіскусы і фуксіі. Дзяўчынка любіла свае кветкі. Яна палівала іх, акрапляла цёплай вадою лісце, падрэзвала сухія галінкі, падкормлівала ўгнаеннямі, спявала прыгожыя песні. Кветкі таксама любілі яе, амаль круглы год вокны хаты, дзе жыла Галінка, былі ўпрыгожаны кветкамі. Адзін вазон адцвітаў, другі распускаў кветачкі. Усе ведалі, якія кветкі падабаюцца дзяўчынцы, і менавіта такія ёй дарылі. Але аднойчы Галінка атрымала ў падарунак калючы выродлівы кактус. А здарылася гэта вось як.
У клас, дзе вучылася дзяўчынка, у пачатку навучальнага году прыбыла новенькая. Яна была непрыгожая, таму з ёй цэлы месяц ніхто не размаўляў, не гуляў і не сябраваў. Але аднойчы ўсё раптам змянілася. Пасля ўрокаў усе дзяўчынкі засталіся і паклікалі новенькую. Толькі Галінкі з імі не было. Равесніцы з класу вырашылі дамовіцца, што кожная з іх падорыць сваёй аднакласніцы на дзень нараджэння, які будзе ў суботу. Адна з дзяўчынак вырашыла падарыць хатнія ружы, другая - новую фіялку, трэцяя - незвычайныя блакітныя рамонкі, чацвёртая - гладыёлусы... Кожная дзяўчынка прыдумала, якія кветкі яна падорыць Галінцы.
    - А ты, новенькая, падары Галінцы кактус. У яе яшчэ не было кактуса... Яна вельмі ўзрадуецца, - злосна хіхікнула адна з дзяўчынак.
    - Сапраўды, кактуса ў яе няма, - пацвердзіла другая.
    Школьніцы добра ведалі, што іх сяброўка цярпець не можа кактусы. А паколькі новенькую яны недалюблівалі, яны вырашылі над ёй пасмяяцца. І сапраўды, новенькая падарыла Галінцы кактус. Тая зморшчылася ад агіды, але нічога не сказала новенькай. Дзяўчынка паставіла кактус у кухні на халадзільнік і думаць пра яго забылася. Дні ішлі за днямі. Маленькая гаспадынька не палівала кактус. Ён стаяў у сухой зямлі, растапырыўшы свае іголкі. А тут яшчэ кветкі сталі над ім падсмейвацца:
    - Гэй, вырадак! Дарма ты да нас завітаў. Галінка не можа цярпець кактусаў, - гаварыў цыперус. - Ад цябе - ніякай карысці. Ні лісця ў цябе, ні кветак - адны калючкі! - смяяліся фіялкі. - Без вады табе не пражыць. Гаспадыня цябе не палівае, каб ты высах, - дадавалі гібіскусы.- Ніколі ў цябе не будзе такіх далікатных лісточкаў і такіх аксамітных кветак, як у нас.
    Усё, што гаварылі кветкі, было падобна на праўду. Зямля ў яго гаршку высахла і патрэскалася, кактус зморшчыўся, калючкі яшчэ больш падоўжыліся. Зараз ён быў падобны не на вожыка, а на дзікабраза. Але мала хто ведаў, што якраз дзякуючы калючкам кактус выжыў. Калючкі, як помпы, высмоктвалі ўсю вільгаць з паветра кухні. А вільгаці было досыць, таму што маці Галінкі кожны дзень варыла супы, кампоты, марынавала агурочкі, гатавала іншыя розныя стравы, ад якіх сыходзіла пара, такая патрэбная для кактуса. І вось аднойчы Галінчына маці заўважыла, што зямля, у якой рос кактус, зусім высахла. Яна паліла кактус цёплай кіпячонай вадой і сказала Галінцы:
    - Чаму ж ты, дачушка, пра кактус забылася?
    - Не, я не забылася. Проста ён мне не патрэбны, выкінь яго, калі хочаш! - адказала Галінка.
    - Як жа такую прыгажосць выкінуць? - здзівілася маці.
    - Мама, ды якая ў ім прыгажосць?! Выкінь яго.
    - Галінка, падыдзі сюды бліжэй і паглядзі, якая на ім цудоўная кветачка!
    Маці зняла вазонік з халадзільніка і паказала Галінцы кветку. І праўда, з кактуса звісала тоўстае доўгае сцябло, канец якога быў увенчаны вялізнай белай кветкай.
    - Хіба кактусы так цвітуць? - здзіўлена глядзела на кветку Галінка.
    - Цвітуць, - усміхнулася маці. - І нам з табой вельмі пашанцавала, таму што кактус цвіце толькі раз у год усяго толькі суткі. Заўтра кветачка звяне. І мы маглі яе зусім не ўбачыць.
    - Трэба яго паставіць на бачнае месца. – сказала Галінка. - Я сябровак паклічу, хай паглядзяць на гэты цуд.
    Кветкі на паліцы прысаромлена маўчалі: у гэты час года ні адна з іх не цвіла. І ніколі гаспадыня не рабіла з іх выставу. А гэты незвычайны кактус Галінка паставіла на самае бачнае месца і сябровак паклікала. І, вядома ж, - новенькую.