Толькі для дарослых!

Адпачынак - Дзіцячы куточак

Для вопытных, уплывовых, ашчадных, заспакоеных, самазадаволеных, непахісных, няўмольных, заклапочаных, умудроных, рэалістаў, рацыянальных, беспамылковых... Для дарослых, якія думаюць адно, гавораць другое, а робяць трэцяе. Для дарослых, якія жывуць так, як быццам пішуць чарнавік, а паўнацэннае жыццё пачнецца ў іх толькі “заўтра”. Для дарослых, якія развучыліся быць шчаслівымі, развучыліся бачыць праўдзівае становішча рэчаў і падмянілі сапраўдныя каштоўнасці пустымі лічбамі на паперках.
“Дарослыя вельмі любяць лічбы. Калі расказваеш ім, што ў цябе з'явіўся новы сябар, яны ніколі не спытаюць аб самым галоўным. Яны ніколі не скажуць: “А які ў яго голас? У якія гульні ён любіць гуляць? Ці ловіць ён матылькоў?” Яны спытаюць: “Колькі яму гадоў? Колькі ў яго братоў? Колькі ён важыць? Колькі зарабляе яго бацька?” І пасля гэтага ўяўляюць, што пазналі чалавека. Калі гаворыш дарослым: “Я бачыў прыгожую хату з ружовай цэглы, вакол яе цвітуць чырвоныя ружы, а на страсе – галубы”, – яны ніяк не могуць уявіць сабе гэтую хату. Ім трэба сказаць: “Я бачыў хату за сто тысяч франкаў”, - і тады яны ўсклікнуць: “Якая прыгажосць!” ... “Сапраўды, дзіўны народ гэтыя дарослыя!»
А. дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”
Быць самім сабою – гэта прывілей дзяцінства. Дзеці не спрабуюць быць кімсьці, яны такія, якія ёсць. Яны не робяць з сябе паважаных, разумных. Калі ім весела – яны шчыра смяюцца, плачуць, калі ім крыўдна або балюча; калі яны галодныя, то адразу гавораць пра гэта. Яны не ўтойваюць свае пачуцці, не захоўваюць субардынацыю, не схіляюцца перад чынамі, таму што ім усё роўна. Ці не гэта - свабода? Дзеці - гэта самы шчыры, сумленны і непасрэдны народ. Яны не ведаюць, што такое комплексы, страхі, няўпэўненасць. Іх успрыманне свету вольнае, аўтаномнае і чыстае, як яны самі.
    Дзеці павінны быць вельмі паблажлівыя да дарослых. Дарослыя ніколі нічога не разумеюць самі, а дзецям вельмі нудна без канца ім усё тлумачыць. Таму дзеці часцей маўчаць, але калі яны гавораць, то іх вуснамі гаворыць праўда… Прыслухаемся?


  •   “Развод - гэта пахаванне сям'і”. Вольга, 4 клас
  •   “Радасць - гэта калі нюхаеш бэз”. Аліна, 3 гады.
  •   “Я не хачу ў свет дарослых - там усё няпраўда” Андрэй, 4 клас
  •   “Калі жадаеш навучыцца любіць яшчэ лепш, то трэба пачаць - з такога сябра, якога ты цярпець не можаш”. Вераніка, 6 гадоў
  •   “Калі цябе хтосьці кахае, ён своеасабліва прамаўляе тваё імя. Твайму імені ўтульна ў яго на язычку” Антуан, 4 гады.
  •   “Калі ты не любіш, то ні ў якім разе не павінен гаварыць: “Я люблю цябе”. Але калі любіш, то павінен гаварыць пра гэта ўвесь час, а людзі - забываюць”. Джэсіка, 8 гадоў
  •   “Жадаю жыць на Зямлі, якую стварыў Ты, а не людзі”. Віктар, 3 клас
  •   “Божа, зрабі так, каб на Зямлі зламалася ўся зброя” Кастусь, 4 клас
  •   “Божа, можна, я буду Табе часам сніцца?” Марыя, 4 гады
  •   “У некаторых людзей на сэрцах - аканіцы” Вольга, 3 клас
  •   “Божа, у Цябе атрымаліся кветкі лепш, чым чалавек” Галя, 4 клас
  •   “Божа, я напісаў вершы і саромеюся іх паказваць каму-небудзь. Я не паказваў іх нікому, але Табе, Божа, я пакажу. Вось яны:
  •    Дарослыя плачуць слязьмі.
       Дарослыя плачуць вачыма.
       Маленькія плачуць сэрцам,
       Маленькія плачуць жыццём.
       Але калі дарослы плача, як маленькі,
       Значыць, ён сапраўды плача”. Марк, 4 клас