Беларусь |
Інфармацыя з пленарнага пасяджэння ККББ
|
24 чэрвеня б.г. у сакратарыяце ККББ у Мінску адбылося пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У ім прынялі ўдзел усе члены канферэнцыі, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч, сакратар апостальскай нунцыятуры ў Беларусі ксёндз-пралат Крыспін Вітальд Дубель, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек MIC. У сувязі з заканчэннем тэрміна паўнамоцтваў старшыні, намесніка старшыні і генеральнага сакратара ККББ з пачатку пасяджэння прайшлі выбары кандыдатаў для выканання згаданых функцый. Тайным галасаваннем было выбрана кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (у складзе, які існуе да гэтай пары) на чарговыя 3 гады, згодна са статутам ККББ. Старшынёй канферэнцыі на новы тэрмін быў выбраны Аляксандр Кашкевіч, гродзенскі біскуп, намеснікам старшыні – Уладзіслаў Блін, віцебскі біскуп, а генеральным сакратаром – Антоній Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Епіскапат абмеркаваў праблему перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, прызнаючы зробленыя да гэтага часу пераклады, згоднымі з нормамі ватыканскай інструкцыі “Liturgiam authenticam”. Ішла размова таксама пра візіт ad limina Apostolorum, які намечаны для беларускіх біскупаў у снежні. У сувязі з годам Святарства была падтрымана ініцыятыва правесці сустрэчу святароў і кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі, якая адбудзецца ў дзень успаміну апекуна святароў св. Яна Марыі Віянэя 4 жніўня б.г. у касцёле імя св. Сымона і Алены ў Мінску. Апрача гэтага закраналіся іншыя справы, якія былі важныя для каталіцкага Касцёла Беларусі.
З нагоды каранацыі абраза Браслаўскай Божай Маці
22 жніўня 2009 г. адбудзецца ўрачыстасць, падчас якой будуць ускладзены папскія кароны на абраз Браслаўскай Божай Маці. У гэты дзень у час св. Імшы у 11.00 у дыяцэзіяльным санктуарыі імя Божай Маці, Каралевы Азёраў у Браславе акт каранацыі ажыццявіць кардынал Яўхім Майснэр, Мітрапаліт Кёльна. “Святая Марыя займае з моманту Звеставання важнае месца ў Валадарстве Божага Сына” – піша біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін у пастырскім лісце з нагоды ўрачыстасці каранацыі абраза Браслаўскай Божай Маці. Накіроўваючы сваё пасланне да духавенства і вернікаў дыяцэзіі іерарх разважае пра мацярынскі ўклад Марыі ў адкупленне чалавецтва, які быў пацверджаны на Галгоце, калі Балесная Маці, стоячы пад крыжам свайго Сына, разам з Ім перажывала боль. Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі заахвочвае вернікаў прыбыць у гэты ўрачысты дзень да абраза Божай Маці разам з блізкімі і знаёмымі, каб прасіць Каралеву нашых сэрцаў аб міласэрнай дапамозе і благаславенні для нашых сем’яў, парафіяў, дыяцэзіі і Беларусі. У рамках духоўнай падрыхтоўкі да каранацыі абраза з 26 ліпеня да 2 жніўня б.г. у Браславе адбудзецца пленэр для мастакоў і фатографаў, прысвечаны Браслаўскай Божай Маці, які будзе спалучаны з рэкалекцыямі. Дадатковую інфармацыю пра ўдзел у пленэры і рэкалекцыях можна будзе атрымаць па тэл.: + 375 29 512 17 92 (ксёндз Лешэк Віцвіцкі SDS ). †
|
Наступная > |
---|