ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_jn

12 чэрвеня – каментарый да Евангелля 
 (Ян 16, 12–15)

Таямніца Найсвяцейшай Тройцы
   Місія Езуса на зямлі скончылася разасланнем. З таго часу вучні абвяшчаюць Добрую Навіну “ўсім народам” і хрысцяць у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. З апостальскіх часоў заклік да веры ў імя Найсвяцейшай Тройцы суправаджае паўсядзённае жыццё. Так мы пачынаем і заканчваем дзень, а на працягу дня – пасілкі, працу, падарожжы і важныя справы. У імя Айца, і Сына, і Духа мы былі ахрышчаны. У імя Найсвяцейшай Тройцы святар адпускае грахі ў сакраманце паяднання. Такім жа чынам мы пачынаем і заканчваем св. Імшу і кожны псалом у Літургіі гадзін. У імя Найсвяцейшай Тройцы мы развітаемся з гэтым светам, каб увайсці ў жыццё вечнае ў Ёй.
 

ХІІ Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_jn

19 чэрвеня – каментарый да другога чытання
(Гал 3, 26-29)

Юдэі, грэкі і беларускі народ
   Чытанне з ХІІ Звычайнай нядзелі гаворыць нам пра тое, што Хрыстос яднае ўсіх людзей, незалежна ад полу, сацыяльнай ці нацыянальнай прыналежнасці. Апостал Павел піша да Галатаў: “Бо ўсе вы, хто ахрысціліся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Ісусе” (Гал 3, 27–28).
    У візантыйскай традыцыі ў другую нядзелю пасля Зыходу Святога Духа адзначаецца свята ўсіх святых той краіны, дзе знаходзіцца лакальная Царква. Напрыклад, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква святкуе 19 чэрвеня свята Усіх святых беларускага народа.
 

ХIII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_lk

26 чэрвеня – каментарый да літургіі слова
(Лк 9, 51–62)

Шукаць і рэалізаваць Божую волю
   Езус Хрыстус падчас свайго навучання на зямлі неаднаразова звяртаўся да сустрэчных людзей з заклікам: “Ідзі за Мною”. Некаторыя самі, зачараваныя Яго Асобай, пад уплывам хвіліннага энтузіязму заяўлялі: “Я пайду за Табой”. Здавалася б, менавіта такога спантаннага стаўлення Езус і чакаў. Тым часам св. евангеліст Лука запісаў незвычайны адказ, які атрымаў ад Збаўцы такі захоплены вучань. Езус выразна папярэдзіў яго аб наступствах прынятага рашэння, падкрэсліваючы цяжкасці і нязручнасці, звязаныя з выбарам шляху, які сёння свет называе хрысціянствам: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву” (Лк 9, 58). Гэта яскравы напамін аб тым, што вучань Хрыста на зямлі – усяго толькі пілігрым на шляху да вечнай радзімы ў Нябёсах.
   

ХIV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

3 ліпеня – каментарый да другога чытання
(Гал 6, 14–18)

Каб заквітнеў крыж
   “Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету (Гал 6, 14)”, – кажа апостал Павел. Неяк дзіўна гучаць гэтыя словы. Як гэта – хваліцца крыжам? Крыж – гэта ж пакуты, іх можна спрабаваць пазбегнуць, маліцца, каб Бог іх забраў. Ці з пакораю трываць, бо Хрыстос цярпеў і нам загадаў. Але хваліцца?
    У візантыйскай традыцыі значнае месца займае пахвала крыжу. Шмат спеваў, асабліва на свята Узвышэння пачэснага Крыжа, пачынаецца словамі “Радуйся, жыццядайны Крыжу” ці “Слаўны цуд!”. Чаму так праслаўляецца крыж? Таму што гэта не толькі прылада смерці, пакут ці пакарання. Гэта прылада Збаўлення: не толькі для чалавека, але і для ўсяго сусвету. Вось, напрыклад, спеў падчас ютрані: “Хай цешацца ўсе дрэвы дубовыя, бо іхная прырода асвяцілася праз Таго, хто іх спярша насадзіў, – Хрыста, які сам распасцёр рукі на дрэве. У дзень узвышэння мы ўзвялічваем Яго і пакланяемся Ягонаму крыжу”.
   

ХV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_lk

10 ліпеня – каментарый да Евангелля
(Лк 10, 25–37)

Чалавек з чулым сэрцам
   Прыпавесць пра міласэрнага самараніна паказвае, якім павінна быць наша стаўленне да церпячых бліжніх, да людзей у патрэбе. Нам нельга праходзіць міма іх, абмінаць з абыякавасцю, але трэба спыніцца побач і прыняць канкрэтныя меры.
    Міласэрны самаранін – гэта чалавек, які спыняецца перад пакутамі іншай асобы. Такое спыненне азначае не цікаўнасць, а гатоўнасць. Гэта чалавек, уразлівы да цярпенняў іншых, чалавек з чулым сэрцам, усхваляваны няшчасцем бліжняга, але расчуленасцю і спачуваннем ён не абмяжоўваецца. Міласэрны самаранін – той, для якога эмоцыі становяцца стымулам да дзеянняў, накіраваных на дапамогу параненаму. Міласэрны самаранін – гэта той, хто дапамагае ў цярпенні і ўкладае ў аказаную дапамогу сэрца і час, а таксама не шкадуе і матэрыяльных сродкаў. Міласэрны самаранін – гэта чалавек, які здольны на такі дар самога сябе. Гэта чалавек, сэрца якога добрае і велікадушнае. Чалавек, які выконвае волю Бога, які больш жадае міласэрнасці, чым ахвяры (параўн. Мц 12, 7).
   

ХVI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

17 ліпеня – каментарый да першага чытання
(Быц 18, 1–10а)

Наш “стары запавет”
   Дадзены фрагмент распавядае нам надзвычай маляўнічую гісторыю сустрэчы Абрагама з Богам, які з’явіўся патрыярху ў выглядзе трох мужчын. “Аб’явіўся Госпад Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр падчас дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаяць насупраць яго” (Быц 18, 1–2). Патрыярх зладзіў для гасцей багаты пачастунак, а напрыканцы сустрэчы атрымаў ад Госпада абяцанне, што праз год будзе мець сына.
    У візантыйскай традыцыі гэтай гісторыі, як і постаці патрыярха Абрагама ўвогуле, надаецца няшмат увагі. Пра яго сустрэчу з анёламі лаканічна распавядаецца ў Вялікім пакаянным каноне св. Андрэя Крыцкага, якім Усходняя Царква моліцца ў першыя дні Вялікага посту: “Каля Мамбрыйскага дуба патрыярх аказаў гасціннасць анёлам і ў старасці атрымаў узнагароду і абяцанне”. Найбольш узгадваецца Абрагам у Нядзелю Праайцоў. Гэта адна з нядзель, якія папярэднічаюць урачыстасці Нараджэння Хрыстовага. Але і тут пра яго гаворыцца як пра аднаго з многіх.
   

ХVII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_lk

24 ліпеня – каментарый да Евангелля
(Лк 11, 1–13)

Багацце малітвы
   Дадзены фрагмент Евангелля гаворыць пра каштоўнасць малітвы.
    У ім мы з самага пачатку бачым, як Езус “маліўся ў пэўным месцы, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца»” (Лк 11, 1). Мы не ведаем, што гэта было за месца і калі адбылася размова. На самой справе для св. Лукі гэта няважна. А важна тое, што апосталы бачаць Езуса, які моліцца. Малітва – гэта такі вялікі знак, што яны просяць, каб іх навучылі. Менавіта прыклад малітвы Хрыста фактычна з’яўляецца прычынай “святой рэўнасці” вучняў. Яны бачаць Езуса пагружаным у малітву. Не чуюць, што Ён кажа, але ведаюць, што нешта ёсць.
   Кожны з нас можа адчуць, што гэта ён просіць Хрыста навучыць маліцца. І атрымлівае першую падказку: калі не ўмееш маліцца, ідзі да Пана, Ён цябе навучыць. Гэта падобна на розныя віды практык у прафесійна-тэхнічных школах. Вучні ідуць да свайго майстра, які вучыць іх, як маляваць, як класці плітку, афармляць сады, шыць вопратку і г. д. Ён перадае ім практыку. Тое самае і ў веры: не ведаеш ці не ўмееш маліцца – ідзі да Езуса і глядзі на Яго, слухай Яго, рабі тое, што робіць Ён.
   

ХVIII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

biblia

31 ліпеня – каментарый да другога чытання
(Кал 3, 1–5, 9–11)

Манаства ў свеце
   Напэўна, кожны з нас у жыцці адчуваў тое, пра што так ёміста сказаў адзін з найвялікшых настаўнікаў Усходняй Царквы св. Рыгор Багаслоў: “Адно загадвае мне цела, іншае – прыказанне; адно – Бог, іншае – зайздроснік; адно – час, іншае – вечнасць”. Таму надзвычай актуальным гучыць для кожнага хрысціяніна чытанне з Ліста да Каласянаў. Яно заклікае нас да таго, што ў царкоўнай традыцыі называецца аскезай, альбо барацьбой з пажадлівасцямі: “Таму зрабіце мёртвымі тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, моцнае захапленне, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам” (Кал 3, 5).
   З першых стагоддзяў хрысціянства вернікі імкнуліся як мага больш дасканала выканаць параду апостала. Так узнікла манаства, якое ва Усходняй Царкве займае асабліва важнае месца. Настаўнікі манаскага жыцця заклікалі сваіх паслядоўнікаў да радыкальнага выканання евангельскіх запаведзей. “Нельга лічыць мэтай пабожнага жыцця прыкрыццё ляноты альбо ўцёкі ад цяжкасцей. Наадварот, манаскае жыццё з’яўляецца нагодай для няспыннай барацьбы, вялікай працы і цярплівасці ў выпрабаваннях,” – пісаў св. Васіль Вялікі.
   

Старонка 51 з 51:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.