ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Парафіі і святыні

Сурвілішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
Парафіяльны касцёл (з XVI ст. у складзе Ашмянскага дэканата) пазначаны тут, ва ўладаннях роду Сурвілаў, як дзеючы яшчэ ў 1500 г. Па іншых звестках, заснаваны ў 1510 г. Асвечаны пад тытулам св. Яна.
    У сярэдзіне XVI ст. маёнтак Сурвілішкі быў падзелены паміж Сурвіламі і Гайкамі, пры гэтым на сваёй палове Ян Гайка (памёр не раней 1569 г.), кашталян берасцейскі і стараста трабскі, вырашыў пабудаваць асобны касцёл, аднак так і не паспеў гэтага зрабіць. Волю памерлага выканала яго жонка Ружа з Жычылаў, збудаваўшы святыню ў 1591 г. Новы касцёл быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1603 г. святыню ўпасажыў Богдан Карызна. У той час пры касцёле дзейнічала альтарыя.
    Пазней касцёл св. Яна больш не ўзгадваецца (верагодна, струхнелую святыню разабралі і вырашылі не аднаўляць, таму што мясцовым парафіянам хапала і аднаго касцёла), а касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў другой палове XVIII ст. быў рэканструяваны ў стылі барока і працягваў дзейнічаць далей. Паволе іншых звестак, на пачатку ХХ ст. коштам парафіян быў пабудаваны новы касцёл, але хутчэй за ўсё адбылася толькі значная рэканструкцыя святыні.
 

Юрацішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
Юрацішкі вядомы як мястэчка ўжо з XVI ст., аднак каталіцкая парафія арганізавалася тут толькі ў міжваеннае дваццацігодзе (хоць па мясцовым паданні, царква, што і зараз дзейнічае ў цэнтры вёскі, перароблена ў 1839 г. з уніяцкай святыні, якая ў сваю чаргу была калісьці касцёлам). Першы касцёл быў пабудаваны тут у 1937 г. і кансэкраваны пад тытулам Перамянення Пана віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім 9 чэрвеня 1938 г. Гэта была драўляная святыня, інтэр’ер якой на 3 навы падзялялі квадратныя ў сячэнні слупы.
    Першым пробашчам стаў кс. Антоній Твардоўскі. У час гітлераўскай акупацыі новы кс. Вінцэнт Стрыжнеўскі быў арыштаваны, змешчаны ў лідскую вязніцу, а 10 сакавіка 1943 г. расстраляны разам з іншымі ксяндзамі.
    Пры савецкай уладзе касцёл быў знішчаны, яго разбурылі ў 1955 г. (сёння на гэтым месцы знаходзіцца аўтастанцыя). Але ў наш час святыня зноў адраджаецца. З 1991 г. вернікі збіраліся на набажэнствы ў капліцы, пад якую было прыстасавана памяшканне ў былой драўлянай школе. А з 2002 г. у цэнтры вёскі паводле праекта архітэктараў бр. Бэла Лані SVD, д-ра Карла М. Руфа і Сяргея Мядзя пачалося будаўніцтва велічнай каменнай святыні з вонкавай жоўтай цэглы. З канца лета 2004 г. у касцёле пастаянна адбываюцца набажэнствы, але кан­сэкрацыя святыні плануецца пасля аздаблення інтэр’ера і касцёльнай тэрыторыі.
   

Трабы

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XV ст., з 1490 г. уз­гад­ваецца як уласнасць Гаштольдаў, з 1549 г. – Радзівілаў, з 1569 г. – каралеўская маёмасць, з 1766 г. – уласнасць Зяньковічаў. У XVI–XVIII стст. Трабы – цэнтр аднайменнага староства, мястэчка. Трабская парафія – самая старэйшая ў Іўеўскім дэканаце. Парафіяльны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны заснаваны Марыянай (Марынай) Гальшанскай у 1410 г. Новая драўляная святыня была пабудавана па фундацыі канцлера літоўскага і ўнука першапачатковай фундатаркі Альбрэхта Гаштольда (+1539) у 1534 г. З таго ж часу пры парафіі пачала дзейнічаць каталіцкая школа. Маршалак Альбрэхта Гаштольда Якуб Крабановіч памножыў касцёльны фундуш, а сам Гаштольд у 1538 г. заснаваў тут місіянарыю на 5 святароў і 1 клерыка. У 1543 г. жонка Гаштольда таксама памножыла фундуш.
    Да трабскай парафіі Вішнеўскага дэканата (цяпер парафія Ашмянскага дэканата) у ХIХ ст. належалі капліцы ў в. Ладзецяняты, Такарышкі і Ценюкоўшчына (цяпер юрацішская парафія), Янцэвічы (цяпер бакштанская парафія) і на мясцовых могілках. Дзейнічала парафіяльная школа, колькасць парафіян не перавышала 4000 вернікаў.
   

Ваўкавыская фара. Касцёл св. Вацлава

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Касцёл у Ваўкавыску быў заснаваны ў 1400-я гг. вялікім князем ВКЛ Вітаўтам, які зафундаваў на ўтрыманне парафіі в. Ясенавіца. Першапачаткова касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Мікалая. Драўляны будынак святыні палілі крыжакі (1409 г., 1413 г.), татары (1504 г.), але касцёл ізноў адбудоўваўся дзякуючы каралеўскім, магнацкім і шляхецкім ахвяраванням. Фундуш Вітаўта быў памножаны каралямі Казімірам і Аляксандрам Ягелонамі. У 1511 г. кароль Жыгімонт I пацвердзіў фундуш і надаў касцёлу статус фары, ён жа ў 1516 г. вызваліў ад падаткаў карчму, што належала касцёлу. У 1523 г. віленскі канонік кс. Вацлаў Чырка запісаў на ваўкавыскую фару свой спадчынны маёнтак Купалішчы і карчму ў Ваўкавыску.
   

Рось

Парафіі і святыні

Рось. Касцёл Найсвяцейшай ТройцыДэканат Ваўкавыск
Паселішча вядома з XV ст. як уласнасць ваяводы навагрудскага Аляксандра Хадкевіча (+1549), на пачатку XVI ст. ужо мела статус мястэчка Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства ВКЛ (аднайменны маёнтак Хадкевічаў знаходзіўся побач, таму мястэчка мела яшчэ назву Падросль) і належала, яшчэ з канца XV ст., канцлеру Гераніму Хадкевічу (+1617). Менавіта яго намаганнямі напрыканцы XVI ст. у Росі быў пабудаваны першы касцёл, а ў 1611 г. тут была зафундавана парафія. Згодна з фундушам плябана “на ўтрыманне вікарыя і трох слуг касцельных: аднаго для паслугі пробашчу, а дваіх для іграння на аргане, спеваў і навучання дзяцей”, ахвяраваўся фальварак Гарасімоўшчына (цяпер Плябанаўцы).
   

Падароск

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Першае ўзгадванне аб Падароску датуецца 1522 г. Менавіта ў гэтым годзе тут быў заснаваны касцёл. Фундатарамі святыні сталі шляхцічы Клочкі, тагачасныя ўладальнікі маёнтка. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя. На карце ВКЛ Макоўскага (каля 1600 г.) Падароск пазначаны ўжо як мястэчка.
    У XVII ст., верагодна, у сувязі з падзеямі Рэфармацыі, парафія спыніла існаванне. У 1630 г. уладальніца мястэчка Марына Клачкоўна Падароская зафундавала тут праваслаўную царкву, даручыўшы апеку над фундушам віленскаму Свята-Духаваму кляштару. Аднак, намаганнямі яе сына Паўла Дольскага, ваўкавыскага войскага, у 1643 г. царква прыняла унію.
    Не пазней за сярэдзіну XVIII ст. уладальнікамі Падароска сталі Грабоўскія. Граф Павел Грабоўскі (+1794), староста ваўкавыскі, або Жыгімонт Ксаверы Грабоўскі (+1809) (не высветлена, хто з іх быў тады ўласнікам Падароска) на месцы былой драўлянай узнёс мураваную уніяцкую царкву. Святыню асвяцілі пад тытулам св. Альжбеты Каралевы Вянгерскай і Дзевы.
   

Касцёл св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску-Цэнтральным

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Гэтая частка горада паў­стала на аснове аднайменнай чыгуначнай станцыі, адчыненай у 1908 г. Мясцовая парафія выдзелілася з Ваўкавыскай у самастойную ў 1925 г. па ініцыятыве тагачаснага пробашча Фары і ваўкавыскага дзекана кс. Баляслава Сперскага. Першапачаткова вырашылі пабудаваць часовую святыню, вуглавы камень пад якую быў закладзены 25 ліпеня 1926 г. Паводле праекта архітэктара Брунона Збароўскага касцёл у стылі польскага мадэрну міжваеннага часу ўзвялі з драўляных тэлеграфічных слупоў, і 12 снежня новую святыню пад тытулам св. Станіслава Косткі кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Разам з касцёлам быў агароджаны ўчастак і пабудавана плябанія. У 1935 г. пабудавалі і Дом каталіцкі (згарэў падчас Другой сусветнай вайны). Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала 3500 чалавек, пробашчу дапамагалі сёстры тэрэзіянкі. На ўзвышшы на поўнач ад касцёла была ўзведзена мураваная плябанія.
   

Старонка 9 з 22:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.