ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Парафіі і святыні

Радунь. Касцёл Маці Божай Ружанцовай

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Касцёл быў заснаваны тут па мецэнацтве каралевы Боны Сфорцы ў 1556 г. Па іншых звестках – у 1538 г. Пасля ліхалецця сярэдзіны XVII ст., у 1660 г. драўляны касцёл быў адноўлены і асвечаны пад гістарычным тытулам Маці Божай Ружанцовай. Чарговыя драўляныя святыні гарэлі і адбудоўваліся нанова ў 1662 г. (пасля “маскоўскага нашэсця” адноўлены і кансэкраваны б-пам Слупскім), 1752 і 1801 гг.
    Апошні драўляны будынак святыні (фарны) быў узведзены ў 1838 г. намаганнямі ксяндза Маціеўскага на сродкі парафіян. Асновай гэтай святыні стаў былы пакармеліцкі касцёл з Калеснікаў (сёння Літва), які перанеслі ў Радунь. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.
    На пачатку ХХ ст. драўляны касцёл (велічная святыня з трансептам, завершаная невялікай васьміграннай вежай над галоўным фасадам) ужо не задавальняў сваіх парафіян, і ў 1933 г. над Радунню ўзнеслася велічная дзвюхвежавая базіліка з цэглы і бутавага каменю ў стылі мадэрн (з рысамі неаготыкі). Пачалі будаваць касцёл у 1929 г. паводле праекта архітэктара Яна Бароўскага, будаўнічымі працамі кіраваў майстар Антоні Бепка.
 

Іўе

Парафіі і святыні


Дэканат Іўе
Як сведчаць гістарычныя дакументы, касцёл пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла быў заснаваны каля 1495 г. троцкім ваяводам і маршалкам ВКЛ Пятром Яновічам. Аднак з-за раптоўнай смерці ён не паспеў дакументальна аформіць будаўніцтва, што было зроблена ўжо ў 1499 г. ягоным сынам Янам Пятровічам. Пры касцёле ў драўляным будынку ўжо ў той час жылі 4 манахі францішканцы, але, верагодна, яны не мелі статусу кляштара, а толькі місіі. Пабудавалі святыню ў цэнтры паселішча, на ўзвышэнні (звесткі, што гэта старажытнае замчышча, не пацвердзіліся).
    У тыя часы Петрапаўлаўскі касцёл (хоць ёсць звесткі, што канчаткова ён не быў дабудаваны) уяўляў сабою велічны (у параўнанні з касцёламі ў Ішкалдзі і Усялюбе) храм у гатычным стылі, арыентаваны алтаром на ўсход. Прамавугольны ў плане аб’ём святыні з пяціграннай апсідай, сцены якой былі зроблены ў тэхніцы гатычнай муроўкі, па перыметры быў умацаваны контрфорсамі. Інтэр’ер асвятлялі гатычныя спічастыя вокны. Сакрыстыя была адна і далучалася да паўночнага фасада. У першай палове XVІ ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
   

Геранёны

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У пісьмовых крыніцах паселішча вядома з пачатку XV ст. (хоць на ўездзе стаіць мемарыяльны знак з датай 1287 г.) як Геранёны Мураваныя ці Гаштольдавыя, у адрозненне ад Геранёнаў Манівідавых (цяпер в. Суботнікі) і Геранёнаў Старых (цяпер в. Зыгмунцішкі). Было вялікакняскім уладаннем, потым уласнасцю Гаштольдаў, Пацаў. З 1520 г. – мястэчка Ашмянскага павета, з XVІ ст. – цэнтр староства, старостамі якога былі Гедройцы, Сапегі, Мнішкі, Салагубы, Браніцкія. Пры каралю Аўгусце ІІІ, каля сярэдзіны XVІІІ ст., паселішча атрымала Магдэбургскае права, з 1792 г. мела ўласны герб – пранізанае мячом сэрца на зялёным фоне. Да ХІХ ст. геранёнская парафія ўваходзіла ў склад Радунскага дэканата, затым – Вішнеўскага, у 1921 г. увайшла ў новаўтвораны Беняконскі дэканат, а з 1991 г. знаходзіцца ў складзе Іўеўскага дэканата.
    Касцёл пад тытулам св. Мікалая, біскупа, быў заснаваны тут у 1411 г. па фундацыі вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча, якому ў той час належалі Геранёны. Ужо ён пабудаваў касцёл у 1458 г. Першапачаткова святыня была драўлянай, пабудавалі яе ў паўднёва-заходняй частцы вёскі, побач з замкам. Пасля знішчэння святыні ў пажары канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд у 1519 г. узвёў ужо мураваны касцёл і заснаваў пры ім альтарыю.
    У 1540 г. ужо Войцех Гаштольд атрымаў у Рыме для геранёнскага касцёла статус інфулацкага, інфулатам геранёнскім стаў кс. Стэфан граф Талбжыкоўскі, прэлат віленскі. У тыя часы геранёнская парафія лічылася адной з найбагацейшых у дыяцэзіі, а ў дэканаце больш багатай, чым Іўе і Трабы.
   

Дуды

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У 1608 г. дудскае староства знаходзілася ва ўладанні ваяводы віленскага Караля Хадкевіча і, як сведчаць архіўныя дакументы, у гэтым годзе ён выдзяліў на касцёл у Дудах значныя ахвяраванні. Такім чынам, хоць датай заснавання дудскага касцёла і лічыцца 1608 г., атрымліваецца, што ў гэты час святыня ўжо існавала.
    Святыня была нанова адбудавана ў 1712 г. на сродкі мясцовага землеўладальніка Гераніма Зяньковіча і яго жонкі Барбары з Сулістроўскіх. У 1772 г. касцёл рэканструявалі, і ў 1781 г. віленскі біскуп Тамаш Зяньковіч урачыста кансэкраваў святыню пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Касцёл заўсёды стаяў у цэнтры вёскі, апошні раз быў рэканструяваны ў 1908 г. З таго часу ён уяўляе сабой драўляны залавы аб’ём на каменным падмурку з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма квадратнымі сакрыстыямі. Галоўны фасад фланкаваны дзвюма магутнымі чацверыковымі вежамі, якія да пачатку ХХ ст. былі двух’яруснымі і ўвенчваліся чатырохсхільнымі купаламі з заломам пад барокавымі фігурнымі галоўкамі.
   

Лаздуны

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
Касцёл пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша і святой Ганны быў заснаваны тут у 1576 г. па фундацыі князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла як філіяльны ад суботніцкай парафіі. Святыня была кансэкравана толькі ў 1704 г. віленскім біскупам Бжастоўскім. Да 1757 г. касцёл абслугоўвалі дамініканцы. Калі знікла старажытная святыня, новы драўляны касцёл быў пабудаваны на сродкі віленскага біскупа суфрагана Тамаша Зяньковіча ў 1770–1775 гадах. Адзначаецца таксама капліца, заснаваная ў 1765 г. у Лаздунах на сродкі старосціны пінскай Ельскай. Пры касцёле дзейнічала школа.
    Некаторыя звесткі падаюць, што апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1852 г. на сродкі пана Самуэля Воўка, аднак ён памёр каля 1850 г., а па дакументах, якія захоўваюцца ў парафіі, касцёл быў пабудаваны ў 1853 г. на сродкі ўладальніка Лаздунаў пана Аскара Мілеўскага. Гэта была адносна невялікая святыня на бутавым падмурку з дзвюма сакрыстыямі пры прэзбітэрыі, крытая гонтай і завершаная вежай-сігнатуркай над уваходам і крыжам над алтарнай часткай даху. У святыні было тры алтары: галоўны з абразамі Найсвяцейшай Тройцы і св. Ганны, правы бакавы – св. Антонія, левы бакавы – св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Падлога была цаглянай, хоры над уваходам абапіраліся на чатыры слупы. Каркасная званіца на чатырох слупах стаяла асобна, у ёй змяшчаліся два званы. Касцёльная тэрыторыя была абнесена бутавай агароджай, уваход з вуліцы быў пазначаны цікавай трохпралётнай цаглянай і атынкаванай брамай, зробленай з элементамі стылю барока.
   

Ліпнішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
Ліпнішкі вядомыя з XVI ст. як мястэчка Ашмянскага павета ВКЛ, вялікакняжацкая маёмасць. Парафіяльны касцёл быў заснаваны тут у 1510 г. па фундацыі караля Жыгімонта I Старога. Першапачаткова святыня была асвечана, магчыма, пад тытулам св. Ганны (культ св. Казіміра быў зацверджаны ў 1521 г.). Апошняя драўляная святыня была пабудавана ў 1804 г. на сродкі князя Аляксандра Безбародкі, тагачаснага ўладальніка мястэчка (ён у 1812 г. прадаў Ліпнішкі Пуслоўскім, ад якіх яны перайшлі да Вольскіх), і асвечана пад тытулам св. Казіміра, але амаль праз стагоддзе, у 1890 г., знішчана пажарам. Пры парафіі дзейнічала школа.
    Драўляны касцёл стаяў на ўсходнім баку рынкавай плошчы мястэчка, пасля на гэтым месцы збудавалі прыдарожную капліцу ў стылі неакласіцызму. Гэта была двух’ярусная, цагляная і атынкаваная пабудова, квадратная ў сячэнні, пад чатырохсхільным дахам з цікавым, накшталт манстрацыі, крыжам. Другі ярус скразны, прарэзаны аркавымі праёмамі, тут усталявана паліхромная фігура Хрыста, які нясе крыж. А пад новы і ўжо мураваны касцёл адвялі пляц на захад ад плошчы, пры дарозе на Тракелі.
   

Суботнікі

Парафіі і святыні

Дэканат Іўе
У пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XV ст. як Геранёны Манівідавыя, у адрозненне ад Геранёнаў Гаштольдавых ці Мураваных (цяпер в. Геранёны) і Геранёнаў Старых (цяпер в. Зыгмунцішкі). Парафіяльны касцёл (з XVI ст. у складзе Радунскага дэканата) быў зафундаваны тут Войцехам Манівідам, віленскім ваяводам, яшчэ ў 1423 г. Новая драўляная святыня была пабудавана па фундацыі караля Жыгімонта I Старога 24 лістапада 1545 г., аднак у часы кальвінізму драўляны касцёл стаяў спустошаны, не маючы ўласнага пробашча. У 1573 г. князь Альбрэхт Радзівіл (+1592), першы ардынат клецкі, калі навярнуўся з кальвінізму ў каталіцызм, аднавіў касцёл у Суботніках і надзяліў святыню вялікім капіталам. Але і гэтая святыня не захавалася. У 1755 г. апошняя драўляная святыня ў Суботніках была пабудавана на сродкі Юрыя Абрамовіча, тагачаснага ўладальніка мястэчка, і ягонай жонкі Марыі. Касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Юрыя. Гэта быў храм з сасны на каменным падмурку падоўжанай формы.
   

Старонка 8 з 22:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.