ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Выплыві на глыбіню

Стаць пастырам на ўзор Хрыста!

Выплыві на глыбіню

Марцін Лудзіч, алюмн 1 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі Божага Цела ў КрамяніцыЕзус аддаў жыццё за людзей, каб кожная авечка была збаўлена. Таму святар павінен пераймаць Настаўніка, які ніколі не пакіне свой статак без нагляду.
Пра паліканне
    Сваё пакліканне я адкрываў паступова. Разважаў пра гэта заўсёды, аднак сур’ёзна пачаў задумвацца ў старэйшых класах. Непакоіла, ці будзе гэта верны шлях? Аднак думкі прыходзілі і пакідалі, але жаданне крочыць за Хрыстом не знікала. Таму, скончыўшы сярэднюю школу, я вырашыў пайсці шляхам, да якога заклікае Пан. Значную ролю ў распазнанні майго паклікання адыгралі родныя і блізкія, якія былі прыкладам, заўсёды дапамагалі і падтрымлівалі. Вялікае значэнне мела таксама малітва, асаблівым чынам сямейная малітва разам з бацькамі.
 

Толькі наперад і з Богам!

Выплыві на глыбіню

Аляксей Заічанка, алюмн 1 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі Унебаўзяцця НПМ у ПінскуЦяжкасці не павінны засмучаць. Дзякуючы ім можна стаць яшчэ больш моцнымі і свядомымі.
Пра паліканне
    Першыя думкі аб тым, каб стаць святаром, да мяне прыходзілі яшчэ калі служыў міністрантам у пінскай катэдры. Глядзеў на святароў і хацеў быць падобным да іх. На мой светапогляд вельмі паўплывалі светлай памяці кард. Казімір Свёнтэк і пробашч роднай парафіі кс. Станіслаў Паўліна. Прыкладам свайго жыцця яны паказвалі ўзор, якім павінен быць сапраўдны душпастыр. Было бачна, што святары жывуць тым, аб чым гавораць. І я так хацеў.
    Пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. На апошнім курсе стаў сур’ёзна задумвацца, што далей рабіць у жыцці. Было вялікае жаданне дапамагаць людзям, і з гэтым вярталася думка пра святарства. Але адчуваў нейкі страх перад такім адказным рашэннем і звычайнае жаданне мець сям’ю. Можна сказаць, стаяў перад дылемай. Акурат тады сустрэў чалавека, які распавёў пра катэхетычны каледж у Баранавічах, што ёсць магчымасць быць сямейным кансультантам ці катэхетам. Я сказаў Богу: “Дапамагаць людзям можна не толькі будучы святаром!” – і паступіў у каледж.
    Працуючы на “Радыё Марыя” ў Мінску, я завочна вучыўся ў каледжы і далей разважаў над сваім жыццёвым пакліканнем. Быў шэраг знакаў, якія дапамаглі прыняць няпростае рашэнне. Урэшце рэшт, скончыўшы 2 курсы каледжа, я паступіў у семінарыю.
 

З Богам магчыма ўсё!

Выплыві на глыбіню

Андрэй Януль, алюмн 1 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў ПагошчыУ жыцці кіруюся словамі са Святога Пісання: “Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе” (Флп 4, 13). Калі надыходзяць цяжкія моманты, цалкам давяраюся Богу, і Ён дае сілы крочыць далей.
Пра паліканне
    Аб святарстве я пачаў разважаць пасля хросту, які прыняў у 14 гадоў. Спярша не надаваў гэтым думкам сур’ёзнага значэння, меркаваў, што яны мінуць так хутка, як і з’явіліся. Аднак праз некаторы час яшчэ больш захапіўся паслугай святара. Мне моцна захацелася служыць пры алтары. Кожны раз, калі святар падчас св. Імшы падымаў Гостыю, я заўжды ўяўляў сябе на яго месцы.
    Гэтыя думкі не давалі мне спакою – трэба было з кімсьці параіцца, пажадана з кампетэнтнай асобай. З такім намерам накіраваўся да пробашча нашай парафіі кс. Славаміра Самковіча. Ён распавёў пра свае семінарыйныя гады, пра сваё пакліканне. Пахваліў мяне за адважнае рашэнне, сказаў, што маю добрае жаданне і што трэба падыходзіць да гэтай справы вельмі адказна. Пасля школы я паступіў у прафесійна-тэхнічны каледж. Мае планы на будучыню і жаданні некалькі разоў змяняліся, ажно пакуль не прыйшоў да высновы, што павінен служыць Богу як святар. Сёння дзякую Усявышняму за тое, што навучаюся ў семінарыі, што хапіла адвагі зрабіць такі няпросты выбар.
   

Бог акрыляе і натхняе ісці наперад

Выплыві на глыбіню

Антон Тышко, алюмн 1 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім“Але тыя, хто спадзяецца на Пана, адновяць сілы, расправяць крылы, як арлы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не знясіляцца” (Іс 40, 31). Калі я аддаю ўсё Богу ў спадзяванні на тое, што Ён дапаможа, адчуваю новыя сілы. Гэта ўздымае на духу.
Пра паліканне
    У дзяцінстве мяне непакоіў галаўны боль, я нават ляжаў у шпіталі. Гэты боль ніяк не праходзіў. Аднойчы мы з мамай паехалі ў Росіцу, дзе сустрэліся з а. Чэславам Курэчкам, які мяне хрысціў. Святар памаліўся, каб галаўны боль зышоў. І сапраўды, пасля гэтага выпадку ён мяне больш не турбаваў.
    Праз некаторы час я пачаў адчуваць голас Бога. Нястомна задаваўся пытаннем: “Куды Ён мяне кліча?”. Шмат разважаў і прыйшоў да высновы, што павінен ахвяраваць сябе Пану і пайсці тым шляхам, які для мяне падрыхтаваў любячы Айцец.
 

Праз церні да зорак

Выплыві на глыбіню

Кл. Аляксандр Шыманскі, алюмн 3 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў МінскуЦяжкасці ў маім жыцці з’яўляюцца як ласкай, так і любоўю Бога, бо дзякуючы ім узмацняецца вера.
Пра паліканне
    Аб святарстве я разважаў з самага дзяцінства. Але сваім думкам не надаваў сур’ёзнага значэння, бо ўсе мае браты і сёстры таксама хацелі прысвяціць жыццё Богу. У кляштар ці семінарыю ніхто не паступіў, і я прыйшоў да высновы, што жаданне стаць святаром – вынік набожнага каталіцкага выхавання. Мая сям’я рэгулярна збіралася на вячэрняй малітве, заўжды наведвала касцёл.
   

Старонка 1 з 2:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.