ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Парафіі і святыні

Нача

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Вёска вядома з 1529 г., калі Януш Касцевіч, ваявода падляшскі, разам са сваёй жонкай Марыяй заснаваў тут парафію (перанёс цэнтр парафіі з Дубічаў) і пабудаваў першы драўляны касцёл, асвечаны пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. мучаніка Юрыя. Пазней Нача належала Кішкам, Ра-дзівілам.
    Апошні драўляны буды-нак святыні быў пабудаваны намаганнямі кс. Юзафа Кучэўскага і парафіян у 1756 г. Гэта быў велічны трохнававы храм з пяціграннай апсідай, арыентаванай на захад, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі, паўднёвая з якіх была пашырана. Касцёл быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам з застрэшкамі і вальмамі над прэзбітэрыем і ўвенчваўся васьміграннай шатровай вежай над уваходам і дастаткова вялікай чацверыковай сігнатуркай над алтаром. У галоўным алтары была змешчана вядомая цудамі фігура Пана Езуса Антокальскага.
    У 1780 г. у Начы, якая належала палкоўніку Тамашу Масальскаму, была збудавана капліца.
    Але драўляныя пабудовы не могуць стаяць вечна, і ў 1910 г. на сродкі вернікаў на ранейшым месцы ў цэнтры вёскі ўзнёсся велічны дзвюхвежавы касцёл з вонкавай чырвонай цэглы ў стылі мадэрн з рысамі неаготыкі і неараманікі. Святыня трохнававая з двухпавярховым трансептам (унізе знаходзяцца сакрыстыі, наверсе – малітоўныя ложы) і паўкруглай апсідай. Галоўны фасад пазначаны дзвюма стромкімі пяціяруснымі (верхні ярус васьмерыковы, ніжнія чацверыковыя) вежамі-званіцамі пад высокімі гранёнымі спічакамі. Касцёл багата дэкараваны профільнымі паясамі, нішамі, ступеньчатымі контрфорсамі, пінаклямі, сігнатуркай з фігурнай цэглы. Вітыя лесвіцы ў кутах трансепта, што вядуць на малітоўныя ложы, у аб’ёме пераходзяць таксама ў васьмігранныя шатровыя вежачкі. Касцёл быў кансэкраваны 26 красавіка 1927 г.
 

Канвелішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Паселішча вядома з дру-гой паловы XVIІ ст. як маёнтак Калвелішкі ў Ашмянскім павеце, які належаў роду Пражмоўскіх і ў склад якога ўваходзілі вёска Калвелішкі і мястэчка Смолінск (пазней Канвалішкі). Смолінскі касцёл адзначаны ў 1738 г. як ужо дзеючы і прыпісаны ў якасці капліцы да беняконскай парафіі. Гэта была пабудаваная ў выгля-дзе цэнтрычнай, хутчэй за ўсё васьміграннай ратонды святыня. У алтары святыні быў змешчаны абраз св. Ганны. У канцы ХІХ ст. капліца па невядомых прычынах стаяла зачыненая.
    У 1808 г. Мікалай Янкоўскі, канонік мінскай катэдры і тагачасны ўладальнік вёскі, сумесна са сваімі пляменнікамі Амброзіем і Алойзам Янкоўскімі, зафундавалі тут самастойную парафію і касцёл, кансэкраваны пад тытулам св. Мікалая 28 жніўня 1809 г. Дзвюхвежавая святыня была пабудавана з сасны над каменнай крыптай – родавай пахавальняй роду Янкоўскіх. Першымі тут былі пахаваны тры фундатары касцёла – Мікалай Янкоўскі (+1821), Амброзій, маршалак шляхты ашмянскай (+1828) і Алойзы, ветэран польскага войска (+1840). У галоўным алтары было змешчана вялікае разьбянае Укрыжаванне.
   

Забалаць

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
У пісьмовых крыніцах вёска вядома з канца XIV ст. У канцы XV ст. знаходзілася ва ўласнасці Дашковічаў у Лідскім павеце Віленскага ваяводства ВКЛ. Потым належала Глінскім, з 1508 г. – Войцеху Нарбутовічу, які ў 1536 г. заснаваў тут мястэчка. У пачатку XVІІ ст. – уласнасць Сапегаў, пазней Палубенскіх, Габаяў, у 1690 г. – Нарбутаў. У ХІХ ст. – графаў Тышкевічаў.
    Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут ў 1601 г. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Забалаці земскага суддзі Войцеха Нарбута. Першы храм пабудавалі з дрэва ў цэнтры вёскі. Сын фундатара Мікалай Нарбут упасажыў святыню ў 1623 г. з абавязкам утрымліваць бакалаўра для навучання дзяцей у школе пры касцёле. Апошні драўляны касцёл узвёў Мікалай Пятроў Нарбут па ўласнай фундацыі ад 16 верасня 1750 г. Інтэр’ер святыні тады ўпрыгожвалі 4 алтары. Галоўны, кансэкраваны віленскім біскупам суфраганам Антоніем Жаўкоўскім – алтар Найсвяцейшай Тройцы з тытульным абразом у цэнтры ў акружэнні абразоў св. арханёлаў Міхала і Габрыэля, завяршаў кампазіцыю абраз св. Ганны. У прэзбітэрыі стаялі алтары св. Вінцэнта і Наведзінаў НПМ, і яшчэ адзін алтар – св. Антонія з абразом св. Яна Непамука ў другім ярусе – быў, відаць, прысценным.
   

Жырмуны

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Вёска вядома з пачатку XV ст., калі яна з’яўлялася родавым маёнткам Бутрымаў. Потым уласнасць Кучукаў, з канца XV ст. – Мантоўтавічаў, з 1513 г. – князя Юрыя Радзівіла. На карце Т. Макоўскага 1613 г. Жырмуны пазначыны як мястэчка Лідскага павета. У XVІІ ст. знаходзіліся ва ўладанні Завішаў, з пачатку XVІІІ ст. – зноў перайшлі да Радзівілаў. У 1724 г. кароль Аўгуст ІІ надаў мястэчку магдэбургскае права.
    Касцёл тут быў заснаваны ў 1437 г. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Жырмунаў пана Войцеха Кучука. У сярэдзіне XVІ ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
    Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1624 г. на сродкі Яна Завішы, ваяводы віцебскага, і яго жонкі Ганны Трызнянкі. Касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны і ўпасажаны “з абавязкам утрымання арганіста, школкі, кантара і слуг касцёльных”. Але святыня была знішчана падчас вайны 1654–1667 гг. Новы касцёл ў 1667–1673 гг. паўстаў дзякуючы намаганням кс. Мацея Шаркевіча на сродкі пана Алойзы Кунцэвіча. Менавіта ў гэты час тут з’явілася галоўная парафіяльная рэліквія – кроплі крыві Пана Езуса. 20 сакавіка 1667 г. жонка віцебскага кашталяна Завішы, Гальшка Тышкевіч, ахвяравала іх жырмунскаму касцёлу. А ёй, атрымаўшы іх ад Папы Урбана VIII, прывёз з Рыма яе брат віленскі біскуп Тышкевіч. У 1674 г. святыню кансэкраваў біскуп суфраган Мікалай Слупскі, у яго тагачаснай візіце адзначаецца цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, змешчаны ў алтары касцёла.
   

Доцішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Звестак аб існаванні тут каталіцкіх святынь у ранейшыя часы не знойдзена. Каталіцкая супольнасць сабралася тут у 1992 г., у прыватнай хаце была зроблена капліца, якой апекаваліся ксяндзы з эйшышскай (Літва) парафіі. Але ўжо ў 1995 г. праектны інстытут “Гроднаграмадзянпраект” (галоўны архітэктар праекта – А. Б. Тараненка) стварыў праект новага касцёла менавіта для Доцішкаў. Будаўніцтва, асноўныя сродкі на якое ахвяраваў мясцовы калгас “За Радзіму”, завяршылася ў 1998 г. Асаблівыя намаганні для ўзвядзення святыні прыклала сям’я Казлоўскіх, яны таксама ахвяравалі звон для касцёла, які адлілі ў Польшчы. Перад іх домам у 2000-х гг. была пастаўлена прыдарожная каплічка-слупок з сілікатнай цэглы з фігуркай Маці Божай. Касцёл 17 лістапада 2002 г. кансэкраваў пад тытулам Божай Міласэрнасці гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
   

Старонка 9 з 30:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.