ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

У імя справядлівасці

З жыцця Касцёла

Кс. Цэзарый Міх
Пашырэнне хрысціянства і станаўленне Касцёла садзейнічала таму, што было апрацована права, абавязковае ў каталіцкім Касцёле, вядомае як кананічнае права (канон – асноўная рэдакцыйная адзінка касцёльных прававых актаў). Для вырашэння спрэчкаў у рамках касцёльных установаў былі створаны касцёльныя суды, якія называюць інакш трыбуналамі. Прапануем размову на гэтую тэму з ксяндзом Цэзарыем Міхам, судовым вікарыем суда I інстанцыі для Гродзенскай дыяцэзіі.
Касцёльны суд дзейнічае ад імя Касцёла. У сувязі з гэтым якія ён выконвае заданні?
    Не толькі свецкае, але і перш за ўсё касцёльнае заканадаўства патрабуе пашаны да правоў чалавека і таму трэба прытрымлівацца не толькі нормаў судаводства, але і прынцыпаў справядлівасці, павагі да чалавечай годнасці, кананічнай слушнасці і любові. 221 канон Кодэкса Кананічнага Права гаворыць, што кожны вернік мае права дамагацца і абараняць свае правы паводле прадпісанняў кананічнага права. Вернікі, калі яны былі выкліканы ў суд кампетэнтнай уладай, маюць права быць асуджаны з захаваннем інструкцый права, якія прымяняюцца ў адносінах да іх слушна. Адным з заданняў і правоў Касцёла з’яўляецца клопат пра тое, каб прытрымлівацца справядлівасці і пашыраць любоў. Касцёльныя суды былі створаны для таго, каб па-людску рэалізаваць ідэю Божай справядлівасці.


   Што Вы можаце сказаць пра структуру касцёльных судовых установаў у Беларусі?

    Разам з арганізацыяй касцёльных структураў у Беларусі ў 1989 – 1991 г.г. быў створаны касцёльны суд для католікаў, якія жылі на тэрыторыі тагачаснай БССР. Ён функцыянаваў да канца 1993 г. 18 студзеня 1994 г. быў створаны Міждыяцэзіяльны Судовы Трыбунал (Суд), які сваёй дзейнасцю ахоплівае Гродзенскую дыяцэзію і апостальскія адміністрацыі на тэрыторыі еўрапейскай часткі Расіі, Сібіры і Казахстана. Адначасова Міждыяцэзіяльны Трыбунал у Гродне пачаў выконваць ролю апеляцыйнага суда для Міждыяцэзіяльнага Суда ў Мінску. Цяпер у кожнай дыяцэзіі ёсць свой касцёльны суд. Дзейнасць суда ў Гродне распаўсюджваецца толькі на вернікаў з Гродзенскай дыяцэзіі. Ён з’яўляецца судом I інстанцыі і адначасова выконвае ролю апеляцыйнага трыбунала для Міждыяцэзіяльнага Суда ў Мінску. Як гэта выглядае? Гэта азначае, што зацікаўленая асоба, якая вяла працэс аб сцвярджэнні несапраўднасці свайго сакрамэнтальнага сужэнства і прайграла справу, можа падаць апеляцыю пасля прысуда ў суд II інстанцыі. У выпадку, калі гэта будзе вернік з Гродзенскай дыяцэзіі, то яму звяртацца трэба ў суд у Мінск. А каб справа была завершана, павінны быць вынесены два прысуды, згодныя ў двух інстанцыях.

    Якія справы вырашае Міждыяцэзіяльны Суд у Гродне?
    Ён быў створаны, каб займацца перш за ўсё разглядам справаў, звязаных з сужэнствам. Цяпер Кодэкс Кананічнага Права Яна Паўла II з 1983 г. змяшчае 12 кананічных перашкодаў для заключэння сапраўднага сужэнскага саюза. У каго з вернікаў ёсць такая перашкода паводле кананічнага права, той не можа заключыць сакрамэнтальнае сужэнства. Аднак калі перашкода была ўтоена і дайшла справа да заключэння сужэнскага саюза, а ён распаўся, то такой справай займаецца касцёльны суд. Таксама могуць быць хібы сужэнскай згоды: не хапіла дастаткова мудрасці, не былі распазнаны сужэнскія правы і абавязкі, псіхічная няздольнасць прыняць істотныя сужэнскія правы і абавязкі, боязь і прымус, прытворная згода, адзінадушша пры пэўных умовах і памылковая згода.
 
    Як праходзіць судовы працэс пасля падачы заявы аб пачатку судовай справы пра сцвярджэнне несапраўднасці заключэння сакрамэнта Сужэнства?
    Каб пачаць кананічны працэс аб несапраўднасці сужэнства, трэба падаць у канцэлярыю суда просьбу: заяву з указаннем прычыны. У ёй апрача персанальных даных зацікаўленай асобы трэба апісаць прычыны распаду сужэнства. Не ўказанне істотнай прычыны (перашкоды ў разуменні кананічнага права) прывядзе да таго, што такую заяву не прымуць. Калі заява выконвае ўсе крытэрыі, то яна будзе прынята і тады пачынаецца кананічны працэс. Для правядзення яго згодна з патрабаваннямі права будзе скліканы калегіяльны трыбунал, члены якога будуць браць удзел у розных этапах судовага працэса. Старшыня трыбунала кіруе і назірае за яго сутнаснай часткай, а таксама з’яўляецца адначасова суддзёй. Апрача яго ёсць яшчэ два суддзі, якія пасля знаёмства з судовымі актамі выносяць прысуд. Сужэнства з’яўлецца сакрамэнтам і мае прыхільнасць права. Папа Бэнэдыкт XIV склікаў cудовую ўстанову абароны сужэнства ў 1741 г., каб абараняць яго святасць і неразарвальнасць. Заданне абаронцы сужэнскага саюза ў судовым працэсе – прадстаўленне суддзі аргументаў, з дапамогай якіх можна рацыянальна ўказаць супраць несапраўднасці гэтага саюза. У судовым працэсе прымае ўдзел і натарыус. Працэс у касцёльным судзе мае іншы характар, чым у грамадзянскім: бакі і сведкі праслухваюцца індывідуальна, а судовы працэс не носіць публічны характар. Асноўная мэта кананічнага працэса – гэта высвятленне таго, ці сужэнства было заключана як несапраўднае ці як сапраўднае. Самае істотнае – дайсці да праўды.

    Рашэнне аб заключэнні сужэнскага саюза з’яўляецца вельмі важным у жыцці кожнага чалавека. Што Вы хацелі б сказаць асобам, якія цяпер раздумваюць над гэтым?
    Я хачу павучыць усіх кандыдатаў да сужэнства, каб рашэнне аб выбары мужа ці жонкі яны прымалі мудра, пасля глыбокага роздума. Такое рашэнне звязвае мужа і жонку на ўсё жыццё і мае ўплыў як на якасць асабістага, сямейнага, так і грамадскага жыцця.

    Дзякуем Вам за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.