ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

XVIII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна

Калі людзі ўбачылі, што тут няма ні Езуса, ні Ягоных вучняў, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»
    Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец».
    А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
    Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».
    Народ сказаў Езусу: «Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «Хлеб з неба даў ім есці».
    Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету».
    Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб».
    Езус адказаў ім: «Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць».

Ян 6, 24-35

Што нам найбольш за ўсё патрэбна?

 Мы ведаем рэакцыю слухачоў: шмат з іх пасля гэтых словаў адыйшлі ад Езуса і ўжо больш не хадзілі за Ім. Для іх Яго навука аказалася вельмі складаная. Потым было яшчэ горш. Калі ў Вячэрніку Езус перамяняў хлеб у сваё Цела, то пры ім было толькі 12 самых верных вучняў. Але і яны разбегліся, калі ўбачылі свайго Настаўніка, схопленага ў Аліўным садзе вартай габрэйскіх святароў. Каля крыжа быў толькі адзін з вучняў. Таму ў навучанні Езуса не было спектакулярных поспехаў.
    Аднак Ён перамог канчаткова! Гэта нічога, што мы, як нявольнікі, прывязаны да нашых малых зямных справаў. Гэта няважна, што пошук штодзённага хлеба забірае большасць нашай энергіі. Не мае значэння нават тое, што сёння шмат людзей не можа зразумець навучання Езуса. Ён ёсць і застаецца нашым Збавіцелем, які здольны заспакоіць кожны голад чалавечага сэрца.
    Мы падобны да слухачоў Езуса з Кафарнаум, якія ўвесь час дамагаліся знака з неба, што пацвердзіў бы Яго словы. У адказ мы чуем: “Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне”. Ці гэтага мала, каб Яму давяраць? Ці можа неабходны знак, які паваліў бы нас на зямлю? Замест гэтага Езус прапануе Сябе самога ў выглядзе Хлеба і Віна. Чаго Ён чакае ўзамен? Каб чалавек адказаў сэрцам, свабодным ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў.
    Крыху сумна цяпер у нашых касцёлах у час канікулаў. Здаецца, чалавек, калі мае больш вольнага часу, менш давярае Богу...

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.