ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

ХVI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

17 ліпеня – каментарый да першага чытання
(Быц 18, 1–10а)

Наш “стары запавет”
   Дадзены фрагмент распавядае нам надзвычай маляўнічую гісторыю сустрэчы Абрагама з Богам, які з’явіўся патрыярху ў выглядзе трох мужчын. “Аб’явіўся Госпад Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр падчас дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаяць насупраць яго” (Быц 18, 1–2). Патрыярх зладзіў для гасцей багаты пачастунак, а напрыканцы сустрэчы атрымаў ад Госпада абяцанне, што праз год будзе мець сына.
    У візантыйскай традыцыі гэтай гісторыі, як і постаці патрыярха Абрагама ўвогуле, надаецца няшмат увагі. Пра яго сустрэчу з анёламі лаканічна распавядаецца ў Вялікім пакаянным каноне св. Андрэя Крыцкага, якім Усходняя Царква моліцца ў першыя дні Вялікага посту: “Каля Мамбрыйскага дуба патрыярх аказаў гасціннасць анёлам і ў старасці атрымаў узнагароду і абяцанне”. Найбольш узгадваецца Абрагам у Нядзелю Праайцоў. Гэта адна з нядзель, якія папярэднічаюць урачыстасці Нараджэння Хрыстовага. Але і тут пра яго гаворыцца як пра аднаго з многіх.
   Тлумачэннем таму, што такой важнай біблейскай постаці надаецца так мала ўвагі, можа паслужыць трапар Нядзелі Праайцоў: “Вераю Ты праайцоў апраўдаў, прадвясціўшы цераз іх Царкву ўсіх народаў. Радуюцца святыя ў славе, бо з іхняга семя ўзрасла, быццам цудоўны плод, Тая, што без семя нарадзіла Цябе. Малітвамі іх, Хрысце Божа, змілуйся над намі”.
    Стары Запавет – гэта толькі падрыхтоўка да Новага. Патрыярхі, прарокі, праведнікі толькі рыхтавалі прыйсце Хрыста. Яны сталі зямнымі продкамі Багародзіцы. Вера патрыярхаў сталася правобразам веры для нас, якія сёння атрымліваем збаўленне не дзякуючы прыналежнасці да пэўнага народа, а дзякуючы асабістаму выбару. Таму ўсе старазапаветныя героі павінны кіраваць наш позірк на Хрыста.
    Кожны з нас таксама меў свой “стары запавет” – час, у які мы яшчэ не ведалі Хрыста, але шукалі Яго. Гэты час рыхтаваў нас да сустрэчы са Збаўцам. Падзякуем Богу за яго. І распачнём сапраўднае жыццё – жыццё з Хрыстом, пад апекай Яго Маці, жыццё ў Царкве.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.