ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Сэрца Бога

Хрысціянскія традыцыі

wnieboswt
“Гэта сэрца, якое так любіла людзей, што нічога не шкадавала, ажно да поўнага вычарпання, каб аказаць ім любоў...” (з апошняга аб’яўлення св. Маргарыце Алакок).
Кожны год у чэрвені мы святкуем урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая паказвае і набліжае нам велізарную любоў Бога да людзей. Гэтая любоў ахоплівае ўсіх, хто спадзяецца на Яго.
 
   Прабітае дзідай сэрца Езуса, з якога выцекла кроў і вада – дзве жыватворныя крыніцы Божай любові і дабрыні, – з’яўляецца праявай бязмежнасці гэтай любові. Сэрца Хрыста напоўнена спагадлівай і міласэрнай любоўю. Евангеллі поўныя прыкладаў добразычлівай любові Езуса да кожнага патрабуючага чалавека. Яго дабрыню зведалі не толькі тыя, хто еў цудам размножаны Ім хлеб ці вяртаў страчанае здароўе, але і тыя, хто – сацыяльна адлучаны, пагружаны ў грахі – зведаў людское асуджэнне і быў блізкі да адчаю. Яны чулі ад Хрыста поўныя падбадзёрвання і надзеі словы: “Вер, сыне, адпускаюцца табе грахі”.

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса была ўстаноўлена ў Касцёле пасля аб’яўлення Хрыста св. Маргарыце Марыі Алакок у 1673–1675 гадах. У аб’яўленнях Хрыстос даручыў манахіні ўстанавіць свята ў гонар Яго Сэрца ў першую пятніцу пасля актавы Божага Цела.

   Сэрца Езуса было адчувальным да матэрыяльнай беднасці і бяды чалавека, але значна больш чуллівым яно было, калі сутыкалася з беднасцю маральнай – грахом. Яе імкнулася вылечыць любым магчымым спосабам, каб толькі чалавек, які пакутуе ад такой бяды, не супраціўляўся ласцы дабрыні Езуса.
    Гэтая велізарная любоў і дабрыня Сэрца Езуса, якую мы шмат разоў спазнавалі ў духоўным вымярэнні, патрабуюць адказу з нашага боку. І адзіным годным Бога адказам можа быць наша вялікая ўдзячнасць. Святы апостал Павел заклікаў вернікаў быць удзячнымі за дар веры і іншыя праявы Божай дабрыні. Яшчэ больш належыць дзякаваць за прабачэнне нам зла, якое ўчынілі ў сваім жыцці. Гэтае Божае прабачэнне з’яўляецца праявай любові дарэшты. Таму Езус чакае нашай узнагароджваючай любові.

Сёлета ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса адзначаем 24 чэрвеня.

   Многія людзі сёння растоптваюць міласэрную любоў Бога. Ёсць шмат тых, хто стаіць асобна ад Яго, хто штодзённа сілкуецца грахом, не ўсведамляючы, што такое любоў Езуса. Таму з нашага боку ёсць вялікая патрэба ў кампенсацыі гэтых абраз і пагардаў адносна нашага Творцы.
    Памятайма, што Бог хоча, каб нашы сэрцы былі падобнымі на Яго палаючае сэрца. І як вада прыносіць палёгку, няхай агонь любові зноў распальвае нас для Хрыста. А гледзячы на выяву Сэрца Езуса ці на фігуру, абуджайма ў сабе жаль за грахі і ўсклікайма: “Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі!”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.