ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Ён наш, мяштунскі!

Лісты чытачоў

Кс. канонік Ян Рэйшаль са святарамі падчас асвячэння прыдарожнага крыжа ў в. Мештуны
Кс. канонік Ян Рэйшаль са святарамі падчас асвячэння прыдарожнага крыжа ў в. Мештуны
Кожны чалавек мае свае карані. І куды б не закінуў лёс, душой ён абавязкова вяртаецца да тых мясцін, дзе рабіў першыя крокі і адкуль пайшоў у жыццё.
Паміж Вялікімі Эйсмантамі і Рэпляй распасціраецца вёска Мештуны. Невялікая, уздоўж дарогі. Раней па некалькі сямей у адной хаце жыло. І ў лепшыя часы налічвалася больш за дзве сотні людзей. Сёння ледзьве назбіраецца два дзесяткі. Пройдуць гады, і мясцовасць знікне з твару зямлі. Застануцца толькі высокія таполі і хаты-прывіды. Як напамін, што некалі тут кіпела жыццё.
    Але не знікне памяць, што тут жылі веруючыя людзі. Пра гэта раскажа прыдарожны крыж. У жніўні 2010 года яго ўзвёў кс. Ян Рэйшаль – святар, родам з нашай вёскі.
    Памятаем яго яшчэ хлопцам. Вясёлы, добразычлівы, набожны. І мама яго – вельмі сціплая і добрая жанчына. Апошнім кавалачкам хлеба падзеліцца. Дзверы Зосінай хаты былі заўсёды адкрытыя для людзей. Сюды прыходзілі і з радасцю, і з горам. Усіх прымалі, нікому не адмаўлялі.

Даведка “Слова Жыцця”
    Кс. канонік Ян Рэйшаль нарадзіўся 3 чэрвеня 1958 года. Ва ўзросце 29 гадоў паступіў у Рыжскую каталіцкую духоўную семінарыю (Латвія). Святарскае пасвячэнне атрымаў 24 мая 1992 года з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Пасля пасвячэння апекаваўся трыма парафіямі: у Скрыбаўцах, Моцевічах і Жалудку. У апошняй служыць пробашчам па сёння.
    У 2017 годзе прызначаны ганаровым канонікам катэдральнага капітула Унебаўзяцця НПМ і св. Казіміра.

    Смерць мамы стала для кс. Яна вялікім болем. Ён вельмі сумаваў, хоць і даверыў душу маці ў рукі міласэрнага Бога. Менавіта ў знак яе памяці святар паставіў каля бацькоўскай хаты крыж.
    З той пары збіраемся тут на супольнай малітве. Стараемся дагледзець “святое” месца: прыбрацца, упрыгожыць кветкамі.
    Памятаем, як усёй вёскай адпраўлялі нашага “ксяндза” ў семінарыю. Хто рубель дасць, хто слоік мёду. Ужо тады яго так называлі, бо і на маёвыя набажэнствы людзей збіраў, і на Ружанец, і па нябожчыках спяваў.
    Разам мы аб’ездзілі нямала касцёлаў. Былі ў Індуры, Лунне, Крамяніцы, у Вострай Браме і шмат дзе яшчэ. Ён заўжды ведаў, што адбываецца ў суседніх парафіях. Пра ўсё паведамляў. Мабыць, місія кс. Яна на гэтай зямлі – быць веснікам добрай навіны. Спачатку ён спяшаўся да нас з газетамі і тэлеграмамі, калі развозіў пошту яшчэ да семінарыі, а потым ужо як святар абвяшчаў з амбоны.
    Умеў вынаходліва дастукацца да нашых мужчын. Магчыма, і таму, што быў з іх асяроддзя. Да яго прыслухоўваліся, меркаванне святара лічылі аўтарытэтным.
    Так і па сёння! Да яго звяртаюцца з набалелым, шукаюць падтрымкі. А ксёндз, у сваю чаргу, да канца жыцця ўдзячны аднавяскоўцам за малітоўную падмогу. Пра гэта не стамляецца паўтараць.
    Заўжды, калі не прыедзе, мае з сабой нейкія слодычы. Нашы ўнукі выраслі на яго цукерках! Калі аказваецца ў роднай вёсцы, запрашае ўсіх у сваю хату на каву. Гаворыць, што тут, у Мештунах, “паветра пахне”.
    Дзверы святарскага дома таксама заўсёды адчынены. У сваёй парафіі вітае нас як самых дарагіх гасцей. Пры нагодзе не раз прыязджалі да ксяндза ў Жалудок. Пасябравалі нават з мясцовымі парафіянкамі. Цудоўныя, мілыя жанчыны! Лічым, што ім вельмі пашчасціла з пробашчам. Шчыра перакананы ў гэтым.
    Кс. Ян нібы ручай: жывы, бурлівы, звонкі. Увесь час у руху, у нейкіх справах.
    Але адначасова чулы і ўважлівы. Усіх нас памятае, пра ўсіх цікавіцца. “А як там Стася? Як Дануся?”, – пытаецца. Насамрэч, “мяштунскіх” ужо засталася горстка, але з кожным кс. Ян знойдзе нагоду загаварыць. Яго і любіць старэйшае пакаленне за блізкасць да людзей. Ён сапраўды наш, свой чалавек.
    Кс. Ян хрысціў мясцовых дзяцей. І сам нават быў хросным бацькам. Быў сведкам вяселляў, шлюбаваў. Наколькі ж мы ўсе павязаныя кроўна і духоўна…
    А сёлета мінае 30 гадоў, як кс. Ян атрымаў святарскае пасвячэнне. Падчас прыміцыйнай св. Імшы ў Рэплі касцёл быў набіты бітком. Першы ксёндз з парафіі!
    Гэта было сапраўды вялікай падзеяй не толькі для самога ксяндза, але і для ўсёй вёскі: тут яго ўзрасцілі, узгадавалі. Будзем шчырыя, вялікі гонар мець штосьці супольнае з чалавекам, якога Бог выбраў адным са сваіх намеснікаў на зямлі. А мы ж аднымі сцежкамі хадзілі, ваду з аднаго калодзежа пілі…
    Дай Божа табе, кс. Ян, доўгіх гадоў жыцця. Няхай хапае сіл і энергіі на ўсе добрыя справы. Дзякуем за ўсё! Пры нагодзе моцна абдымемся.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.