ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Да індульгенцый трэба дарасці. Пра адпусты ў сучасным Касцёле

Інтэрв'ю

Нягледзячы на тое, што за індульгенцыямі цягнецца досыць брыдкі гістарычны хвост, католікі ніколі не адыходзілі ад іх, а наадварот развівалі. Папа Бенедыкт зусім нядаўна ўзгадваў, што адпусты могуць “дзейсна падтрымліваць вернікаў на шляху навяртання”. З экспертам па кананічным праве размаўляем пра простыя і складаныя бакі гэтай практыкі.

   – З дакументаў Касцёла вынікае, што індульгенцыі можна атрымліваць кожны дзень. За чытанне Святога Пісання, Ружанец, адарацыю і яшчэ дзесяткі практык прадугледжаны адпусты.
    – Усё так. Можна атрымліваць поўны адпуст кожны дзень. Гэта рэгулюецца дэкрэтам Пэнітэнцыярыя з 1999 года. Увогуле гэты дакумент быў выдадзены ў 1968 годзе, аднак з таго часу ён меў чатыры рэдакцыі. Каталог адпустаў не змяняецца, толькі крыху карэкціруюцца ўмовы для іх.
   
    – Паводле гэтага дакумента, калі перыядычна спавядацца і атрымліваць адпусты, рай чалавеку гарантаваны?
    – Неба чалавеку гарантавана ахвярай Хрыста, Яго Крывёй і пакутай на крыжы. Калі чалавек па жыцці ідзе з Хрыстом, яднаецца з Ім усімі магчымымі спосабамі, то ён атрымае збаўленне. Галоўнае – хацець яго скарыстаць.
    Адпуст, у сваю чаргу, з’яўляецца адной з магчымасцей, праз якую мы можам выразіць нашу прыхільнасць да Хрыста.
   Кс. Павел Урбан – пробашч у Парэччы. Віцэ-афі- цыял Касцёльнага суда Гродзенскай дыяцэзіі і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.  Ліцэнцыят кананічнага права.    – Вось як думае просты католік: “Я стараюся жыць добра, але хто яго ведае, траплю ў тое Неба ці не”. У гэтым прысутнічае доля сумнення. Калі ж паглядзець на адпусты, атрымліваецца так: спавядайся, штодзённа 30 хвілін чытай Святое Пісанне, маліся за Папу, не мей прывязанасцей да граху – і будзеш збаўлены.
    – Хто будзе чытаць Пісанне кожны дзень ці маліцца Ружанцам у сям’і, не маючы веры? Толькі гэта можа рухаць чалавекам. Таму карыстанне адпустамі – гэта выраз веры людзей: калі ты верыш, стараешся максімальна выкарыстаць магчымасці супольнасці свайго Касцёла.
   
    – Усё-такі гэта выглядае настолькі простым, што не верыцца. Занадта “ружова”, у жыцці так не бывае…
    – З аднаго боку, усё проста. Езус жа казаў: “Любі бліжняга і любі Бога”. Ці, як казаў св. Аўгусцін, “любі і рабі, што хочаш”. Разам з тым мы ведаем, што любіць вельмі цяжка. І нават здабываць гэтыя адпусты часта няпроста, бо адной з умоў з’яўляецца стан асвячальнай ласкі. Цяжка захаваць такі стан, напрыклад, працуючы ў калектыве.
   
    – А адпуст за выслуханне бласлаўлення “Urbi et Orbi”?
    – Так. І ў кожнага біскупа яшчэ ёсць права тры разы на год удзяліць папскае бласлаўленне, з якім таксама звязана магчымасць атрымаць поўны адпуст.
    Трэба разумець, што практыка адпустаў вырасла з паглыблення свядомасці Касцёла, што Бог не толькі міласэрны, але і справядлівы. Падчас споведзі мы атрымліваем прабачэнне віны за грахі, аднак справядлівасць дамагаецца пакарання. Так, як і ў грамадскім жыцці – калі чалавек хоча вызваліцца са стану вінаватага, ён павінен не толькі быць прабачаным, але і панесці пакаранне за крыўду.
    Таму адпуст прызначаны для таго, каб мы як супольнасць Касцёла маглі дапамагчы чалавеку вызваліцца ад кары. Чалавеку, які пакаяўся падчас споведзі і хоча выправіць учыненыя духоўныя шкоды.
   
    – Ёсць такі каталіцкі падыход – “заслужыць хоць чысцец”. Маўляў, мы такія грэшнікі, што адзінае, што можам заслужыць, – гэта чысцец. Практыка адпустаў гэтаму пярэчыць.
    – Адзін пратэстанцкі прапаведнік гаварыў: “Чым мне не падабаюцца католікі, дык гэта тым, што многія з іх кажуць: «Дай Бог трапіць хоць у чысцец». Ці, можа, у якія сені ў Небе”. І гэты прапаведнік адзначаў, што ён хоча менавіта ў цэнтр раю, у цэнтр Божага сэрца. У пэўным сэнсе я з ім згодны: сапраўдная пазіцыя католіка павінна быць скіравана на здабыццё збаўлення. Як казаў Хрыстос, “гвалтам здабывайце Неба”. Не чысцец, а Неба. Таму трэба рабіць для гэтага ўсё, што магчыма, карыстацца ўсімі сродкамі.
   Падчас парафіяльнага адпусту ў Суботніках    – Чаму ў нашай каталіцкай супольнасці няма ўстойлівага нагадвання пра магчымасці адпустаў? Адзіны адпуст, пра які гаворыцца ў касцёлах, – за Крыжовы шлях у Вялікім посце.
    – Не магу пагадзіцца з гэтым. Калі я вучыўся ва ўніверсітэце ў Любліне, на канікулы прыязджаў у Беларусь. Парафіі я не меў, і мяне запрашалі на рэкалекцыі. Ездзіў то да аднаго сябра святара, то да другога… Таму шмат дзе пабываў і магу сказаць, што святары самі казалі пра адпусты, звязаныя з духоўнымі практыкамі.
    У нашай Гродзенскай дыяцэзіі ёсць рубрыцэрый – такі літургічны каляндар. Там галоўныя адпусты ўпісаны ў парафіяльныя аб’явы. Пробашчы павінны аб’яўляць іх, і гэты мінімум выконваецца. Аб’яўляюцца і парафіяльныя адпусты, і велікапосныя, і звязаныя з памяццю пра памерлых, і Парц’юнкулі. Можа, не ўсе, але галоўныя і найбольш традыцыйныя для нашай мясцовасці – дакладна.
   
    – Ведаеце, ва ўсёй гэтай размове ў мяне ёсць моцнае пачуццё, што Касцёл дае штосьці вельмі вялікае, але большасць ставіцца да гэтага абыякава. Як Вам бачыцца з практыкі?
    – Канешне, хацелася б, каб людзі больш карысталіся адпустамі. Каб паглыблялася ўсведамленне вартасці адпустаў. З другога боку, па маіх назіраннях, актыўнасць, звязаная з асноўнымі адпустамі, большая, чым у звычайны перыяд. У Вялікі пост, падчас парафіяльных адпустаў, у актаву Усіх Святых людзі актыўней спавядаюцца, ідуць да Камуніі. Ніхто, канешне, не рабіў даследаванняў, чаму яны гэта робяць, але спадзяюся, што гэта бярэцца з жадання атрымаць адпуст.
   
    – Значыць, Вы не бачыце нейкага заняпаду адпустаў сярод католікаў?
    – Як ужо згадваў, я бачу павелічэнне актыўнасці, звязанай са споведдзю і св. Камуніяй у дні, калі можна атрымаць адпуст. А ў сэрца чалавека не заглянеш.
   
    – Але возьмем, напрыклад, успамін св. Агаты ці асвячэнне велікодных страў. Напэўна, столькі людзей не прыходзіць за адпустамі.
    – Згодзен, столькі не прыходзіць.
   
    – Няўжо з нашай агульнай верай усё так кепска?
    – Не думаю, што ўсё кепска. Я лічу, людзі цяпер больш свядома вераць і больш свядома ставяцца да веры. Вядома, раней болей прыходзіла, сёння менш. Аднак рэлігійная свядомасць людзей, якія прыходзяць сёння, павялічваецца.
   
    – Нас робіцца менш, але…
    – Але гэта больш якасныя хрысціяне, так.
   
    – Вам не падаецца, што маладое пакаленне ўспрымае практыку адпустаў як састарэлую, непрацуючую?
    – Мой досвед такі, што свядомасць адпустаў павялічваецца разам з узростам чалавека. Мяркую, маладыя людзі мала думаюць наконт таго, навошта патрэбны індульгенцыі і ці варта імі займацца.
   
    – То-бок, да гэтага трэба дарасці?
    – Так, да адпустаў трэба дарасці.
   
    – І гэта ўжо высокі ўзровень духоўнасці?
    – Гэта пэўны ўзровень адказнасці за сваё жыццё і свядомасці таго, што прыйдзе час стаць перад абліччам Бога. Вядома, Ён прабачае, але прыходзіць таксама ўсведамленне важнасці выпраўлення шкоды, якую я прынёс у духоўным свеце.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.