ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Механізмы сужэнскай здрады

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг

Сужэнская нявернасць і з боку мужчыны, і з боку жанчыны мае сваю прычыну.
Жыццё ў шлюбе і сям’і – гэта вельмі сур’ёзны выбар, які не належыць да простых момантаў жыцця. Выбіраючы сужэнства, чалавек павінен быць да яго гатовы, бо бярэ на сябе дадатковае абавязацельства ў выглядзе клопату аб збаўленні жонкі ці мужа.
Сямейны крызіс адчуваецца на кожным кроку. Адным з цяжкіх момантаў, якія прыводзяць да распаду сужэнства і сям’і, з’яўляецца здрада. Нягледзячы на тое, што даследаванні паказваюць, што часцей здраджваюць мужчыны, нявернасць з кожнага боку мае сваю прычыну. Мужчынская здрада часцей за ўсё павярхоўная і выпадковая, у той час як жаночая – гэта, як правіла, моцныя пачуццёвыя адносіны.
    Здрада з’яўляецца актам парушэння клятвы вернасці. Сёння, на жаль, цана клятвы знізілася. Моладзі варта з самага пачатку памятаць, што для здрады ніколі не будзе апраўдання. Яна заўсёды становіцца жыццёвай памылкай і трагедыяй. Найчасцей сужэнская нявернасць з’яўляецца эфектам нясталай асобы здрадніка і ўзнікае тады, калі сужэнства перажывае крызіс. На жаль, пасля здрады ўжо вельмі цяжка вярнуцца да такога сужэнскага жыцця, якое было раней. Самае складанае – дараваць мужу ці жонцы, зноў аказаць ім поўны давер, працягваць разам будаваць дабро сямейнага жыцця і несці адказнасць за сужэнца. Абодва бакі павінны быць настолькі сталымі і адказнымі адзін за аднаго, каб не прывесці потым да балючых сітуацый у сям’і. Каб выключыць такія моманты, варта разгледзець пэўныя механізмы сужэнскай нявернасці. Найлепш, калі маладыя людзі ведаюць пра іх яшчэ да шлюбу, каб пазней не змарнаваць сабе і бліжнім шлюбнае і сямейнае жыццё.
    Часцей за ўсё сужэнская здрада можа вынікаць альбо з сексуальных патрэб, альбо з несексуальных матываў.
   
    1. Здрада, якая вынікае з сексуальных патрэб, мае некалькі прычын:
    • Сексуальная незадаволенасць у адносінах;
    • Непрыняцце нормы вернасці.
    Перш за ўсё, маладыя людзі, якія маюць намер уступіць у сужэнскі саюз, павінны дасягнуць шлюбнай сталасці. Яны павінны быць здольнымі прымаць рашэнні, выконваць задачы і патрабаванні, звязаныя з жыццём у шлюбе. Сталасць і здольнасць да сталага кахання дапамогуць усвядоміць, што палавыя зносіны могуць быць толькі з сужэнцам. Сюды ўваходзіць павага да цела партнёра, адказнасць за мужа ці жонку, якая вынікае з абяцання захавання вернасці ў адносінах. Элементамі сталай сужэнскай любові будуць блізкасць, выключнасць, спачуванне і адорванне. Варта памятаць, што палавыя зносіны не з’яўляецца ўсёй любоўю паміж мужам і жонкай, яны дапаўняюць сакрамант шлюбу, могуць і павінны быць выяўленнем любові сужэнцаў, каб у будучыні прынесці сваё патомства. Толькі ў шлюбе можна атрымаць сапраўднае сексуальнае задавальненне.
   
    2. Несексуальнымі матывамі могуць быць, напрыклад, здрада для атрымання матэрыяльнай карысці, здрада як форма атрымання прыняцця, прызнання і задавальнення псіхічных патрэб, як помста за нявернасць партнёра і інш.
    Сужэнцы павінны разам працаваць над стварэннем добрага клімату ў сваёй сям’і, а ў цяжкія моманты разам шукаць рашэнне. У сям’і заўсёды павінна быць камунікацыя, сумеснае планаванне, адказнасць адзін за аднаго і за сваіх дзяцей. Не варта адыходзіць ад сям’і, ад Бога і ад рэлігійных практык.
    Перш за ўсё, калі ўзнікла такая складаная сітуацыя, трэба разарваць усе кантакты з палюбоўнікам. Асоба, якая здрадзіла, павінна папрасіць прабачэння ў сужэнца і паспрабаваць як мага хутчэй загладзіць сваю віну. У такой сітуацыі аднаўленне сямейных сувязей цалкам ляжыць на плячах той асобы, якая здрадзіла. Варта сесці і разам мудра пагаварыць пра тое, што прывяло да здрады. Для веруючых сужэнцаў, безумоўна, дапамогай будзе супольная малітва і даручэнне гэтай справы пад апеку Бога. Каб не ўскладніць сямейнае жыццё здрадай, варта зрабіць усё, каб не давесці да яе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.