ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

“Ніколі не думаў, што парафія можа так глыбока запасці ў сэрца святара”. Калядная гутарка з вясковым плябанам

Інтэрв'ю

Для значнай колькасці беларусаў вёска з’яўляецца крыніцай самых трапяткіх успамінаў. Святочны стол у гэтым “ландшафце” займае не апошнюю ролю. На жаль, святкаванні ў вясковых хатах малеюць, старэйшае пакаленне адыходзіць, а моладзь гуртуецца вакол гарадоў. Аднак ёсць дні, калі колькасць жыхароў вёсак павялічваецца ў разы. Напрыклад, калі “горад” едзе на каляду да сваіх. Пра гэта размаўляем з навадворскім пробашчам кс. Юрыем Кузьмічам.
– Кс. Юрый, каго больш збіраецца на вялікія святы ў касцёле ў Новым Двары: мясцовых ці прыезджых?
    – Гэта залежыць ад некаторых абставін. Да пандэміі было больш прыезджых. Канешне, збіралася шмат парафіян, але іх родных і блізкіх было прыкладна ў два разы больш. Пасля кавіда гэтая колькасць значна знізілася. Цяпер гасцей, магчыма, у паўтары разы больш. Аднак людзі ўсё роўна прыязджаюць, каб перажываць святы ў блізкім коле.
    Але тут усё таксама зменліва – сёлета на Вялікдзень было менш людзей, чым у звычайную нядзелю. Пазней вернікі ўжо крыху прызвычаіліся да пандэміі, то на адпуст іх было болей, на св. Юрыя таксама.
   Кс. Юрый Кузьміч – пробашч парафіі ў Новым Двары. Дэкан Шчучынскага дэканата. Святарскае пасвячэнне прыняў у 2004 г.
    – А ў Вас ёсць пачуццё, што вось гэтыя госці на Пастэрцы – гэта нібы крыху і Вашы дзеці, якія прыязджаюць у такія важныя моманты і хочуць быць разам?
    – Ёсць такое пачуццё. Я ніколі не думаў, што парафія можа так глыбока запасці ў сэрца святара. Некалі нават на казанні распавядаў, што падаецца: людзей шмат, ксёндз адзін, дзе ўсіх успомніш? Аднак з цягам часу – і гэта Божы дар і цуд! – за кожнага пачынаеш перажываць, як за свайго. Пачынаеш заўважаць, што ў касцёле таго няма, той захварэў, той памёр і яго месца пустое. І гэта праўда, што перажываеш за парафіян, як за родную сям’ю. Так, як Езус казаў: “Будзеце мець і братоў, і сясцёр, і дзяцей”.
   
    – А ці ёсць штосьці такое, як людзі па хатах на вёсках у Адвэнце чакаюць дзяцей на святы, так і пробашч у касцёле рыхтуецца да сустрэчы?
    – Канешне. Можа, больш рыхтуюся, каб свята было не проста для людскога вока, а для духоўнага росту. Свята адзінства, любові, усведамлення таго, што яно з сабой прыносіць. Канешне, хочацца, каб Божае Нараджэнне было часам духоўнага ўздыму, перамен у жыцці людзей.
   
    – Шмат гасцей – гэта радасць. Але, наколькі разумею, пахаванняў робіцца ўсё больш, а хростаў усё менш. Парафія вымірае?
    – Так, на жаль.
   
    – Скажыце, як у такім сумным кантэксце сыходжання цэлай цывілізацыі беларускай вёскі Вы шукаеце сэнс Раства? Як наваколле ўплывае на гэты пошук?
    – Гледзячы на ўсё гэта, працягваю верыць у Божыя планы. Бог не памыляецца і ведае, што робіць. Хоць на вёсках больш пахаванняў, чым хростаў, у гэтым таксама ёсць Божы Провід.
    Яго, канешне, на сёння цяжка зразумець. Да жыцця на вёсцы таксама трэба мець пакліканне і веру, што прыйдзе час, і людзі будуць жыць на гэтай зямлі. Будуць вяртацца на Бацькаўшчыну.
    Калі глядзець толькі на тое, што парафія памяншаецца, жыхары адыходзяць, дык тады зусім сумна будзе. У Старым Запавеце людзі таксама былі вымушаны пакідаць сваю зямлю і шукаць ратунку ў іншых мясцінах, але пазней яны вярталіся. Гэтаксама і ў нас. Чалавек выязджае з вёскі і шукае лепшага жыцця ў горадзе, але і ў горадзе жыццё цяжкое. Да вёскі трэба дарасці, адкрыць яе. Таму давяраю і веру Богу, што Ён ведае, што робіць.
   
    – Прызнацца, нейкі час для мяне было даволі праблематычна прыязджаць на вёску, бо сэрца аблівалася крывёй, калі глядзеў на яе выміранне. Завальваюцца хаты, сцяжынкі, якімі мы хадзілі ў касцёл, ужо даўно зараслі. Як знайсці надзею ў такім мысленні?
    – Я таксама, калі прыязджаю ў сваю родную вёску, шмат успамінаю. І сцяжынкі, і сяброў, і як ездзіў у касцёл. Як з гэтым жыць? Ну як жыць (смяецца – заўв. аўт.)...
    Думаю, тут таксама трэба шукаць сэнс. Умець шанаваць цяперашнюю хвіліну, бо яна праходзіць і яе не вернеш. Трэба вучыцца радавацца часам.
   
    – Богаўцелаўленне нясе ў сабе шмат свежасці, надзеі. Як пра гэта гаварыць людзям старэйшым, якія ўжо шмат чаго ў жыцці бачылі. Наколькі складана размаўляць з імі пра той вялікі імпульс, які нясе з сабой Божай Нараджэнне?
    – Думаю, наколькі гэта складана, залежыць ад чалавека. Стараюся размаўляць у духу папы Францішка: “Святар павінен пахнуць сваімі авечкамі”. Найперш, канешне, спрабую сам зразумець праўду Божага Нараджэння на простых жыццёвых прыкладах. Калі я зразумею яго для сябе, то змагу і іншым патлумачыць. Што ўсё гэта адбываецца не для нейкіх там невядома якіх планаў. Што Божая Веліч спусцілася ў хлеў, каб туды мог прыйсці кожны. Што ўсё гэта здзяйсняецца для мяне асабіста, каб выцягнуць з багны, у якую я на працягу жыцця, магчыма, убоўтаўся.
    У Евангеллі Езус таксама тлумачыў усё на простых прыкладах. Рыбакам казаў, што зробіць іх рыбакамі людзей, людзям іншых заняткаў прыводзіў прыклады на даступнай і зразумелай ім мове. Бог падказвае, як зразумець некаторыя рэчы і мне, і людзям. Але і мы тлумачым іх адзін аднаму сваім жыццём.
   
    – Св. Ян Павел ІІ казаў, што ў дзяцей ёсць перспектыва маладосці, у маладзёнаў – перспектыва дарослага жыцця, у дарослых – перспектыва старасці, а ў старых людзей застаецца перспектыва вечнага жыцця. Якая яна, гэтая перспектыва, у пенсіянераў?
    – Усё залежыць ад чалавека і яго веры. Сустракаюцца розныя людзі. Ёсць тыя, хто марыць, каб як мага хутчэй сустрэцца з Татам. Ёсць тыя, хто сумняваецца, баіцца перспектывы вечнасці. Па розных прычынах. Ёсць таксама перспектыва радасці за дзяцей, унукай, праўнукаў, за іх дасягненні. Усё залежыць ад чалавека.
   
    – Як Вам сучасны вобраз Раства, з якім мы сутыкаемся на вуліцах, у крамах, у публічнай прасторы ў цэлым?
    – Гляджу на падобнае больш негатыўна, чым пазітыўна. Таму што за ўсім гэтым губляецца сутнасць і мэта Раства. З аднаго боку, Бог прыйшоў мяне выбавіць, аднак за празмернай радасцю мы губляем сэнс. Прасцей набыць падарунак, чым працягнуць руку прымірэння таму, з кім, напрыклад, не размаўляеш. Ці папрасіць прабачэння, ці наведаць самотнага чалавека.
    У падарунках няма нічога дрэннага, аднак за мішурою губляецца самае галоўнае. У некаторых краінах ці асяроддзях замест Божага Нараджэння адбываюцца калядныя фестывалі ці кірмашы, і выражэння “Нараджэнне Хрыста” наўмысна пазбягаюць. Гэта як калі дзіцяці падарыць падарунак на дзень нараджэння, а яно скажа: “Ну ўсё, тата, цяпер ты мне больш не патрэбны”. Гэта будзе балюча, смешна і абсурдна. Вось так выглядаюць гэтыя, назавём іх, калядныя кірмашы.
   
    – У якой меры нашы беларускія католікі паддаюцца на падобны маркетынг?
    – Тут я б таксама спаслаўся на ўжо згаданыя адносіны з верай. Калі яны жывыя, шчырыя і цесныя, то людзі бачаць сутнасць Раства. У сям’і, калі адзін аднаго кахаюць, любяць, адзін з адным размаўляць, то дастаткова толькі слова, сказанага з нейкай іншай інтанацыяй, каб зразумець, што нешта сталася. Так і з Божым Нараджэннем. Чалавек можа набыць і вельмі просты падарунак, але ў ім будзе шмат укладзенага сэнсу, адносін паміж людзьмі.
   
    – Як Вы адкрываеце Раство па-новаму і змагаецеся з рутыннасцю штогадовага святкавання? Як аднаўляеце свежасць гэтай праўды?
    – Цяпер для мяне гэта вельмі проста. Ідуць гады, і чалавек глядзіць на іншага чалавека. З узростам гэты погляд змяняецца. Як кажа Пісанне, дзіцяці патрэбна дзіцячая ежа, а даросламу – дарослая. У адкрыванні Божага Нараджэння штогод з’яўляецца штосьці новае, зусім іншае. Былі моманты эйфарыі, радасці і падарункаў, а былі моманты глыбіні Божай любові, адкрыцця Божай пакоры.
    Упэўнены, што калі мы будзем хацець адкрываць сэнс Раства, то з кожным годам будзем рабіць гэта глыбей і глыбей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.