ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

V Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Ян 15, 1–8
Езус сказаў сваім вучням: “Я – сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі”.

Жыць Духам Езуса
   Вінаградная лаза – расліна, добра вядомая слухачам Езуса ў Палестыне. Яны ведалі, колькіх намаганняў яна патрабуе, каб прынесці плён. Усведамлялі таксама, што не ўсе яе галіны пладаносяць і што тыя, якія развіваюцца належным чынам, патрабуюць догляду вінаградара: пастаяннай абрэзкі і ачысткі. Езус спасылаецца на веды і досвед сваіх слухачоў. Ён параўноўвае Бога Айца з вінаградарам, падкрэсліваючы тым самым Яго пастаянны клопат пра наша развіццё. У той жа час, параўноўваючы сябе з лазой, а слухачоў з галінкамі, Езус паказвае, што еднасць з Ім – неабходная ўмова правільнага росту, без якога наша жыццё не дасягне сваёй мэты.
    Сродкам ачышчэння з’яўляецца вучэнне Хрыста. Калі мы трываем у еднасці з Ім, слухаем Яго словы, молімся Яму і жывём згодна з Яго вучэннем, то паступова перамяняемся па Яго вобразе. Галінка, якой з’яўляемся, разрастаецца і становіцца ўсё больш неад’емнай часткай вінаграднай лазы. Нас напаўняе Божы Дух, а ўласныя думкі, пачуцці, імкненні і ўчынкі становяцца ўсё больш падобнымі на тыя, што характарызавалі Езуса. Навучанне Хрыста выражаецца не ў мностве рэкамендацый, указанняў, норм і запаведзей, але ў закліку жыць Яго жыццём – г. зн. жыццём Сына Божага. Божай запаведдзю з’яўляецца вера ў Езуса і любоў паводле меры Яго любові. Калі мы імкнёмся жыць Духам Езуса, то змагаемся за сумленнасць, справядлівасць, мір і дабро, як і Ён. І тады Бог выконвае ўсе нашы просьбы.
   
   Пане Езу, учыні, каб я заўсёды стараўся жыць Тваім Духам, каб мае словы і ўчынкі падабаліся Табе!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.