ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Жыццё пражыць – не поле перайсці…

Лісты чытачоў

Няверуючыя чакаюць цудаў ад Бога, а Ён здзяйсняе іх нястомна – патрэбна толькі распазнаць. Ці ж не цуд, калі на сваім шляху сустракаеш зычлівага чалавека? Пра такога кажуць: “Гэта Божы чалавек”.
   Сучасны свет ганарыцца таленавітымі зоркамі, імёны якіх заўсёды на слыху. Добра было б, каб і ў Божай справе часцей былі на вуснах імёны простых вернікаў, на першы погляд мала чым прыкметных. Хтосьці прамовіць у адказ, што вернікі не выхваляюцца. Так! Але звяртаюць на сябе ўвагу, будучы незвычайнымі людзьмі.
Парафіянка Альфрэда Трон служыць Богу пры францысканскім касцёле св. Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Гальшаны. У свае 82 гады вельмі жвавая і рухавая жанчына, нават не кожная маладзіца за ёю паспее. Свой крыжовы шлях зямнога жыцця верніца пачала з актыўнага ўдзелу ў адраджэнні і станаўленні Касцёла падчас атэізму, калі савецкая ўлада руйнавала і зачыняла святыні, каб знішчыць хрысціянскую цывілізацыю.
    У сэрцы добрай парафіянкі адгукнуўся заклік святога папы Яна Паўла II: “Не бойцеся! Адчыніце сэрцы Хрысту”. Жанчына не думала аб пагрозах мясцовай улады, якая магла пазбавіць яе сям’ю апошняга кавалка хлеба, бо ведала, што Бог не пакіне. У нястомнай барацьбе за права дзейнасці Касцёла спадарыня Альфрэда арганізавала мясцовых жыхароў у супольнасць. З дапамогай ксяндзоў з суседніх парафій быў адпраўлены ліст да Папы Рымскага аб вырашэнні праблемы.
    Так наступілі пазітыўныя змены, якія адчынілі дзверы святыні. У 1990 годзе на касцёльным двары была цэлебравана доўгачаканая першая св. Імша. А потым пачаліся рэстаўрацыйныя работы ўнутры і звонку будынка, паколькі яго стан пасля адкрыцця быў плачэўным. І тут парафіянка Альфрэда не сядзела склаўшы працавітыя рукі. Круцілася, як вавёрка ў коле. Быў створаны Касцёльны камітэт. Кожны займаўся ў пэўным напрамку. Вядома ж, спатрэбіліся і фінансавыя сродкі на будаўнічы матэрыял. Жанчына пайшла па сем’ях, каб парафіяне ахвяраваліся на рамонт. Спраўлялася і з хатняй гаспадаркай. Год цапляўся за год, і нарэшце стала здавацца, што галоўныя цяжкасці адышлі ў бок.
    Аднак далей спадарыню Альфрэду чакалі новыя выпрабаванні. Памёр муж, а следам за ім адышла з гэтага свету і дачка. На плечы гаротнай жанчыны лёг цяжар па выхаванні сына і дзяцей дачкі Ганны.
    Колькі бедалазе прыйшлося перажыць… Але верніца штодня малілася да Найсвяцейшай Тройцы і Панны Марыі, каб вытрымаць удары зла і няшчасцяў. І Бог узнагародзіў добрую парафіянку: дзеці жывуць у дастатку, адзін з унукаў вывучыўся на святара, дом уладкаваны, ды і здароўе дазваляе верніцы служыць Богу побач з пробашчам а. Багуславам. З вялікай адказнасцю выконвае любыя касцёльныя паслугі, бо паважае і захапляецца сваім душпастырам, які з мудрай патрабавальнасцю адносіцца да сябе і да іншых. Сёння ад многіх можна пачуць, што жыццё праляцела ў адно імгненне. А для верніцы Альфрэды Трон жыццё пражыць – не поле перайсці…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.