ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Грамнічныя свечкі як сімвал Хрыста

Хрысціянскія традыцыі

Існуе павер’е, што грамніца зберажэ ад навальніцы. Аўтар працы Вераніка Ганчар

“Тут так цёмна, што не бачу, куды ісці…”.
2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Прапануем узнавіць у памяці гісторыю свята, а таксама даведацца, навошта асвячаць грамнічныя свечкі, як імі карыстацца і што не патрэбна з імі рабіць.

    Кс. Уладзіслаў Сурвіла
    З IV стагоддзя на Усходзе свята Ахвяравання Пана ўрачыста адзначалася працэсіяй пад назвай “Сустрэча”, што ўказвала на своеасаблівую сувязь Старога і Новага Запавету. Традыцыя была ўсталявана ў памяць аб сустрэчы немаўляці Езуса Хрыста з прадстаўнікамі Старога Запавету – старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай – у Іерусалімскай святыні.
Гістарычнай асновай урачыстасці з’яўляецца апісанне гэтай падзеі, змешчанае ў Евангеллі паводле св. Лукі. Закон, згодна з якім кожны першынец – габрэйскі хлопчык – мусіў быць ахвяраваны Богу ў Святыні, быў усталяваны ў памяць зыходу габрэяў з Егіпта: вызвалення ад рабства, выратавання габрэйскіх першынцаў ад смерці. Гэта не азначала, што дзіця “аддавалася” на святарскую службу. Жэст быў сімвалічны – Богу прысвячалася тое, што з’яўлялася найбольшай каштоўнасцю для яго бацькоў. Прапанавалася скласці ў ахвяру пару туркавак альбо два маладыя галубы.
    На свята Ахвяравання Пана асвячаюць васковыя свечкі. Яны лічацца сімвалам Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Грамніцы таксама сімвалізуюць Марыю – пакорную слугу Божую, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
    Назва свечак звязана з традыцыяй запальваць іх падчас навальніцы і грому, каб аберагчы дом і гаспадарку ад маланкі. У такіх выпадках іх ставяць на акно альбо перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, а калі побач узнікае пажар, выносяць на вуліцу, молячыся аб захаванні ад небяспекі. Асвечаныя грамніцы звычайна захоўваюць пры святой выяве. З запаленай свечкай ідуць насустрач святару, які нясе Найсвяцейшы Сакрамант да хворага, а ў момант смерці яе кладуць у руку паміраючаму.
    Людзі давяраюць Богу свае дамы ды хатніх жывёл і вераць, што грамнічная свечка абароніць ад навальніцы.
   
    Тэрэза, Шчучын
    Падчас буры ў вёсцы бабуля запальвала адну свечку і ставіла на падаконнік, а другую дзядуля нёс у шклянцы ў хлеў. Такім чынам абаранялі ад навальніцы дом, сям’ю і ўсю гаспадарку.
   
    Вераніка, Гродна
    Аднойчы ў Гродне была моцная навальніца, ураган, парывісты вецер. Па ўсім горадзе паваліла шмат дрэў, а на пабернардынскім касцёле пагнуўся крыж. Я запаліла грамнічную свечку – і ні адна галінка каля дома не зламалася, ні адна раслінка ў кветніку не пацярпела. Так нас абараніла Маці Божая.
    Часта грамнічную свечку даюць у рукі чалавеку, які памірае, верачы, што Хрыстос асвеціць шлях да Валадарства Нябеснага.
   
    Андрэй, Гродна 
    Мая маці 5 гадоў змагалася з анкалогіяй. Калі яна памірала ў мяне на руках, прасіла даць свечку са словамі: “Тут так цёмна, што не бачу, куды ісці”. З грамніцай у руках і памерла.
   
    Яніна, Парэчча
    У нас у вёсцы была традыцыя прыносіць грамнічныя свечкі на пахаванне. Потым іх запальвалі, калі маліліся Ружанец і “Анёл Панскі” за душу памерлага на працягу 30 дзён.
   Добрай традыцыяй з’яўляецца супольная малітва па вечарах, калі таксама можна запальваць грамнічную свечку.
   
    Ганна, Капцёўка
    Запальвалі грамніцу зімой на вячэрнюю малітву. Збіраліся ўсе разам і маліліся на ружанцы за сваю сям’ю, аб добрым надвор’і вясной і летам, аб добрым ураджаі.
    У даўнія часы ў людзей была боязь, што свечак можа не хапіць, таму іх асвячалі шмат. Гэтая традыцыя засталася да цяперашняга часу.
   
    Наталля, Падлабенне
    Асвячалі шмат свечак, каб было з запасам. Сядалі на воз, запрэжаны канём, і ехалі 5 км да касцёла ў Адамавічах.
    Пешшу не заўсёды можна было дабрацца: зімы былі марозныя і снежныя, аўтамабіля ў нас тады яшчэ не было. А свечкі выкарыстоўвалі таксама на пахаванні, запальвалі ў час навальніцы.
   Людзі здаўна лічаць грамнічную свечку моцным абярэгам. Аўтар працы Вераніка Ганчар
    Аднак, акрамя ўсяго вышэйзгаданага, ёсць таксама прыкметы і традыцыі, якія Каталіцкі Касцёл не ўхваляе. На жаль, іх шмат. Часам практыкуюцца ўсякія забабоны на дзецях (напрыклад, падпальваюць канцы валасоў), каб не баяліся навальніцы. Часта робяць непатрэбныя абрады пры пахаванні родных (напрыклад, “акрапляюць” воскам труну). Грамнічныя свечкі таксама выкарыстоўваюцца пры варажбе.
    Са святымі рэчамі, прызначанымі для Божага культу праз асвячэнне або бласлаўленне, трэба абыходзіцца з пашанай. Імі нельга карыстацца для неўласцівых мэт, бо інакш могуць быць нядобрыя наступствы.
    Лепш запаліць грамніцу, сабрацца сям’ёй і памаліцца да Маці Божай на ружанцы – гэта будзе найлепшае выкарыстанне асвечанай свечкі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.