ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Ці існуе залежнасць ад мабільнага тэлефона?

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг

Як зразумець, што мы залежныя? Якія могуць быць наступствы? Ці ёсць спосабы прадухілення і лячэння залежнасці?
    У апошнія гады адбыліся значныя тэхналагічныя і сацыяльныя змены, і мабільны тэлефон стаў неад’емным атрыбутам сучаснага чалавека. Наяўнасць тэлефоннага апарата і павелічэнне кантакту з ім становіцца даволі распаўсюджанай з’явай у паўсядзённым жыцці. Сёння нас менш здзівіць асоба, якая ўжо з десятак разоў змяніла мадэль мабільнага, чым той, хто скажа, што не мае яго ўвогуле. Такіх людзей амаль не засталося. Нас нават зусім не ўражвае факт, што і дзеці 2-3 гадоў умеюць карыстацца смартфонам.
Мабільная тэлефанія паўплывала на змены ў звычках, спосабах зносін, міжасобасных адносінах, уваходзячы ў кожную сферу нашага жыцця. Калі раней тэлефон быў неабходнасцю, выкарыстоўваўся для сямейных размоў ці вырашэння важных спраў, то сёння ён служыць больш для задавальнення. Мабільны апарат знаходзіцца ўсюды, дзе і яго ўладальнік, карыстаемся ім 24 гадзіны ў суткі і ніколі не выключаем. Тэлефон становіцца ўсё багацейшым на дадатковыя функцыі, таму сёння ён ужываецца не толькі для камунікацыі, але ў большай ступені арганізуе жыццё ўладальніка і складае яму кампанію, становіцца чымсьці накшталт персанальнага камп’ютэра з магчымасцю карыстання інтэрнэтам. Мабільны выцясняе з паўсядзённага ўжытку стацыянарны тэлефон, але таксама і людзей, жывы кантакт. Напэўна, перад мабільным тэлефонам, пасуе толькі тэлебачанне.
  &nbsp Чалавек, у якога ёсць смартфон, лічыць сябе вольным, бяспечным і незалежным. Аднак варта задумацца, што да ўвядзення сотавай сувязі не існавала ніякай апантанасці тэлефанаваннем, а карыстанне тэлефонам не было звычкай ці неабходнасцю. Гэта мёртвы прадмет, які ўяўляе асаблівую каштоўнасць для яго ўладальніка. Стаўленне да тэлефона ператвараецца ў нешта падобнае на эмацыянальную сувязь з чалавекам.
  &nbsp Як зразумець, што мы залежныя? Вялікае значэнне надаецца таму, каб мець тэлефон. Ні на хвіліну не адкладаем яго, адчуваем дыскамфорт, калі яго няма побач. Акрамя таго, існуюць розныя тыпы залежнасці ад тэлефона: напрыклад, ад новых мадэляў, ад разнастайных гульняў, ад карыстання месенджарамі, інтэрнэтам, паведамленнямі СМС і г. д.
  &nbsp Якія могуць быць наступствы? “Выпадзенне” з адносін са светам, адзінота, забыванне таго, як выглядае сапраўдная забава і выражэнне эмоцый падчас вербальнай камунікацыі, страта інтарэсаў, такіх, як, напрыклад, спорт, імгненныя перапады настрою, парушэнні сну і харчавання, канфлікты з блізкімі і г. д.
  &nbsp Ці ёсць спосабы прадухілення і лячэння? Трэба памятаць, што мы ў любы час можам узяць кантроль над залежнасцю ад мабільнага тэлефона: паспрабаваць выкарыстоўваць яго радзей, знарок пакінуць дома і пастарацца супрацьстаяць трывозе з-за адсутнасці мабільнага, спецыяльна змяшчаць яго па-за полем зроку, абмежаваць час выкарыстання. Калі адчуваем праблему, звязаную з прывычкай карыстацца тэлефонам, і не можам справіцца з ёю самастойна, варта звярнуцца за дапамогай да спецыяліста.
  &nbsp Каб вызваліцца ад залежнасцей, якімі марнуем сабе жыццё, неабходна зразумець, якія эмацыянальныя адносіны маюць сапраўдную каштоўнасць, што ў жыцці на самой справе ў прыярытэце, хто для нас сапраўды важны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.