ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пачуць смак урачыстасці

Хрысціянскія традыцыі

Вось мы ўжо і пераступілі парог Адвэнту. Кожны чалавек успрымае і перажывае гэты перыяд па-рознаму. Для кагосьці ён асацыіруецца з нейкім цяжарам, які трэба пранесці на сваіх плячах на працягу чатырох тыдняў, а хтосьці ўжо вырашыў, якую пастанову бярэ на Адвэнт. Хтосьці любіць яго, а хтосьці чакае, каб хутчэй скончыўся…
У дзяцінстве мне не падабаўся гэты час. Але паступова я ўсё больш і больш пачаў разумець сэнс Адвэнту і яго значэнне. Зацікавіўся адпаведнай тэмай на катэхезах, шукаў інфармацыю аб традыцыях перажывання гэтага перыяду ў інтэрнэце. З кожным годам Адвэнт станавіўся для мяне ўсё больш любімым часам, якога ўжо пачынаў чакаць пасля ўрачыстасці Усіх Святых.
Адвэнт насычае наша жыццё чымсьці новым, а таксама запрашае засяродзіцца над таямніцай Нараджэння Збаўцы і Яго другога прыйсця ў хвале. Атмасфера Адвэнту спрыяе гэтаму: вянок з 4-ма свечкамі, пустыя яслі. А таксама г. зв. Рараты – св. Імша ў гонар Маці Божай, з якой мы разам чуваем і чакаем нашага Пана на зямлі. І прыгожая літургія з песнямі… Ці ж не прымушае гэта трошкі памарыць аб будучых святах? Ці ж не дадае такое чаканне радасці і надзеі ў цяжкіх абставінах жыцця?
    Святло ад лампіёнаў сярод цемры ў гэтым годзе, як ніколі, будзе набіраць большае значэнне і насычацца сімвалізмам. Увесь свет апошнім часам знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, звязанай з пандэміяй каранавіруса. І надыходзячыя святы будуць ужо не такімі, як раней. Але ўсё гэта не павінна адвярнуць ад Бога. Не губляючы надзеі, нашы сэрцы павінны свяціць, як лампіёны падчас Раратаў, і, злучаючыся разам са святлом іншых людзей, асвятляць увесь агорнуты цемрай свет ды несці радасць бліжнім. Усяму калісьці прыходзіць канец, у тым ліку і няшчасцям.
    Але каб сэрца свяціла, трэба мець чыстую душу. Вядома, мы ўсе не святыя, і здараецца так, што сваімі паводзінамі абражаем Бога, тым самым забруджваючы сваю душу. Аднак добра ведаем, як яе ачысціць. Няма лепшага лякарства для душы, чым сакраманты. А дакладней, чым сакрамант пакаяння, які ачышчае ад грахоў і вяртае стан Божага дзіцяці. Споведзь і Эўхарыстыя з’яўляюцца неад’емнымі сродкамі адвэнтавага прыгатавання да сапраўднай сустрэчы з нованароджаным Езусам.
    Немалаважнай часткай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння з’яўляецца адвэнтавая пастанова. У руціне паўсядзённасці мы не раз паддаёмся цячэнню жыцця, калі не хочацца ісці наперад або скокнуць вышэй сваёй планкі. У такі момант пастанова будзе добрым сродкам узварушыцца.
   
Нам заўсёды цяжка прыняць тое, чаго да канца не разумеем. Але калі паглыбляемся ў сутнасць рэчаў, ужо глядзім на ўсё па-іншаму.

    Вельмі важна не праспаць гэты час, не махнуць рукой, сказаўшы: “Як будзе, так будзе. Навошта браць нейкую пастанову, калі ўсё роўна нічога не зменіцца”. Можа, і так. Але не трэба тады браць непад’ёмныя пастановы! Каб вытрываць, неабходна аб’ектыўна ацэньваць свае магчымасці і здольнасці. У гэтай справе вызначальным з’яўляецца старанне. Можна не “датрымаць” пастанову, але не трэба кідаць справу на палове шляху. “Не атрымалася сёння – буду старацца заўтра”, – менавіта такім дэвізам варта кіравацца.
    Божае Нараджэнне, як і кожная важная падзея, патрабуе сур’ёзнага падыходу. Я не магу разлічваць на тое, што сёлета на святы жыццё кардынальна зменіцца, калі павярхоўна і несур’ёзна падыду да адвэнтавай падрыхтоўкі. Мой тата заўсёды казаў, што “прыгатаванне павінна быць прыемней, чым само свята”. Калі ў падрыхтоўку ўкладваеш сэрца, адчуваеш сапраўдны смак урачыстасці.
    Хачу пажадаць усім Вам, дарагія Чытачы, добрага і плённага Адвэнту, каб у вігілійную ноч маленькі Езус нарадзіўся не толькі ў бэтлеемскіх яслях, але і ў Вашых сэрцах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.