ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Даю дзецям надзею на лепшае заўтра”

Інтэрв'ю

А. Дарыюш Гавада – місіянер з вялікім сэрцам, які ў 1994 годзе пачаў апекавацца над беднымі дзецьмі і падлеткамі ў Камеруне. У прытулку, якім ён кіруе, хлопцы і дзяўчаты маюць лепшыя ўмовы для жыцця і могуць хадзіць у школу замест таго, каб працаваць з маленства.
У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” а. Дарыюш Гавада знаёміць нас з тым, як выглядае служэнне місіянера, а таксама з рэаліямі жыцця на Чорным кантыненце.

    – А. Дарыюш, як пачалася Ваша місіянерская прыгода?
    – Мая місіянерская прыгода пачалася ў 1975–1980 гадах, калі вучыўся ў сярэдняй школе, у інтэрнаце, за 150 км ад дома. Не ведаю, як і адкуль мне ў рукі трапіла выява заплаканага маленькага чарнаскурага дзіцяці з надпісам-просьбай аб дапамозе. Сказаў тады сабе ў сэрцы, што буду дапамагаць такім дзецям. Але хутка пра гэта забыўся.
    Выпускныя экзамены, вяртанне ў родны горад, 5 гадоў вучобы, год працы ў навучальнай установе… Аднак недзе на 3 курсе навучання (свецкага) я выпадкова апынуўся ў акадэмічным душпастырстве, у харызматычнай групе. Мне спадабаліся гэтыя ўзнятыя рукі, гэтыя блажэнныя спевы, якія кранаюць сэрцы і розумы. А пасля я трапіў на акадэмічныя рэкалекцыі ў Канажэва каля Познані.
    Гэта быў люты 1984 года. Памятаю, стаяў мароз, і снегу нападала амаль па калена. Падчас начнога чування мы адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант у ацяпляным касцёле, а штосьці ўнутры стала мне падказваць: “Вы тут упіваецеся Святым Духам, хораша спяваеце, рукі ўверсе, сэрцы цешацца, славячы Пана, а дзесьці ў свеце мільёнам дзяцей няма чаго есці, і гэтага вашага Бога яны нават не ведаюць”. Я ўзгадаў той здымак з інтэрнацкіх часоў. Устаў, выйшаў з касцёла на мароз і пачаў маліцца на ружанцы, абыходзячы святыню, каб праверыць, ці можна ахаладзіць гэтае ўнутранае ўзрушэнне. “На жаль”, не! Праз некаторы час следам за мной на вуліцу выйшаў светлай памяці а. Томаш, і мы загаварылі. Я ўсё расказаў і пачуў у адказ: “Скончы вучобу, і паглядзім, ці ўсё яшчэ будзеш мець жаданне адправіцца на край свету”.
    На 4–5 курсах я заставаўся ў харызматычнай групе, грэючы сэрца. Хадзіў у паломніцтвы, штодзённа ўдзельнічаў у св. Імшы для студэнтаў а 7-ай раніцы. Але цвёрда пастанавіў, што адразу пасля заканчэння навучання пачну не толькі “махаць рукамі”, але і дзейнічаць.
    Я паступіў у семінарыю ў 1986 годзе. З самага пачатку сказаў настаяцелям, што хачу на місіі ў Афрыку. У 1993 годзе атрымаў святарскія пасвячэнні і праз 3 тыдні быў ужо ў Камеруне. І так да сёння. У чэрвені мінула ўжо 27 гадоў.
   
    – У чым заключаецца Ваша місіянерскае служэнне?
    –Дзякуючы місіянеру з Польшчы многія дзеці знайшлі другі дом Першыя 16 гадоў я выконваў паслугу пробашча парафіі на ўсходзе Камеруна. Гэта была амаль тыповая парафіяльная праца на тэрыторыі, якая ахоплівае 7 раёнаў горада Бертуа і 25 вёсак уздоўж адной дарогі ў трапічным лесе. Да канца парафіі мне было 220 км. Магчыма, розніца з душпастырскім служэннем у Польшчы заключаецца ў тым, што Касцёл у Камеруне тады меў усяго 100 гадоў, а ў парафіі – толькі 40.
    У адной з вёсак я быў першым белым чалавекам з часоў стварэння свету. Каб дабрацца туды, нам з хлопцамі давялося на працягу 3-ох дзён прачышчаць сцежку ў лесе. А лясы тут не такія, як у Еўропе.
    Катэхезы з нуля амаль паўсюдна, хросты сотнямі, да св. Камуніі мала хто мог прыступаць (у большасці выпадкаў тут альбо канкубінат, альбо паўсюдная палігамія) – толькі дзеці пасля Першай Камуніі і пажылыя асобы. А старэйшых таксама не шмат, бо ў Камеруне людзі пасля 60-ці гадоў складаюць толькі 3% насельніцтва. Але мясцовы люд горнецца да Касцёла. Магчыма, спачатку крыху па прынцыпе забавы, калі святар прыязджае раз на 2 месяцы: нешта адбываецца, хадзем паглянем!
    Праца ў такіх умовах заключаецца ў арганізацыі структур у вёсках: выбар катэхіста – таго, хто кіруе мясцовай супольнасцю і адпраўляе літургію слова кожную нядзелю, нейкага невялікага парафіяльнага савета, стварэнне хору, біблійнай ці марыйнай групы. У гэтым горадзе ўжо крыху лепш, бо я прыйшоў пасля першага пробашча парафіі, таму ўсё было ўжо наладжана: штодзённая св. Імша і Ружанец у капліцы, катэхізацыя дзяцей, розныя парафіяльныя групы. Акрамя таго, тут яшчэ трэба быць адначасова і ксяндзом, і ўрачом, і механікам, і сталяром, і маляром, і зваршчыкам, і настаўнікам, і земляробам, і муляром і г. д. Можна нават наадварот сказаць, што ксяндзом з’яўляюся толькі ў вольны час.
    У 2000 годзе, калі застаўся ўжо амаль адзін на плябаніі, я адчыніў дзверы для дзяцей з парафіі, у якіх бацькі альбо памерлі ад СНІДу, альбо неяк інакш пабіты лёсам, каб забяспечыць ім дах над галавой, харчаванне і навучанне. З дапамогай людзей добрай волі, у асноўным з 9-ці парафій у Познані, якія нас падтрымлівалі, адправілі тады ў школу 844 дзіцяці.
    Пазней, у 2007 годзе, удалося пабудаваць першы дзіцячы дом у 300 метрах ад плябаніі, дзе ўжо жыве каля 25-ці дзяцей. У 2009 годзе я пераехаў у Яўндэ, сталіцу краіны, і тут у 2011 годзе пабудаваў другі прытулак, дзе зараз жыву разам з 35-цю дзецьмі і апекунамі. Такім чынам, цяпер уся мая праца абмежавана да нашага прытулку. І надалей “ксяндзом з’яўляюся толькі ў вольны час”: будую, рамантую, шукаю грошы на прадукты харчавання, адзенне, лячэнне.
   
    – Якое аблічча мае Касцёл там? Што ў ім выклікае здзіўленне, а што – надзею?
    – Касцёл у краіне крыху адрозніваецца ад нашага еўрапейскага. Перш за ўсё, ён малады, мае ледзь 130 гадоў, а ў некаторых вёсках яшчэ нават няма супольнасці. Але тут нікому не трэба даказваць існаванне Бога. Кожны ў Яго верыць: і хрысціянін, і мусульманін, і сектант. А сект тут сотні. Бог ёсць, і ніхто нават не сумняваецца. У гэтым ёсць надзея.
    Поўдзень краіны больш хрысціянскі, а поўнач больш мусульманская. Напрыклад, тут у горадзе амаль на кожным таксі ёсць надпісы, якія праслаўляюць Бога, Маці Божую, Алаха альбо Мухамеда. У кожнай установе, ля касы ў краме – усюды павінна ляжаць меншае альбо большае выданне Бібліі. Часта падзёртыя, як у сабакі з пашчы выцягнутыя – значыць, часта чытаемыя. Бог усюды! Спевакі часцей спяваюць пра Бога, чым на іншыя тэмы. Таксама маецца база для душпастырскай працы. Тут ёсць надзея. Аднак яе няма, калі гаварыць пра маральнасць. Касцёл сапраўды поўны і ў нядзелю, і ў звычайныя дні, але да Камуніі мала хто можа прыступаць. Канкубінат, амаль неіснуючыя сакраментальныя сужэнствы і ўсеагульная палігамія. Звычаі адносна шлюбаў настолькі выкараненыя і складаныя, што мусіць мінуць яшчэ некалькі ці нават дзесяткі пакаленняў, перш чым тут нешта зменіцца, і мужчына з жанчынай спачатку пойдуць да алтара, а потым пачнуць жыць разам. Але людзі ёсць у касцёле. Яны вельмі актыўныя, удзельнічаюць у розных парафіяльных групах – у гэтым, магчыма, і ёсць іскра надзеі.
   
    – Якія цяжкасці спадарожнічаюць працы місіянера? Ці сустракаліся Вы з пагрозай для жыцця?
    – А. Дарыюш Гавада разам са сваімі выхаванцаміЦяжкасці? Калі ёсць чым заняцца, на цяжкасці не звяртаеш увагі. А тут заўсёды ёсць чым заняцца. Напэўна, самай вялікай складанасцю з’яўляецца ўсведамленне таго, што ты не адсюль, і цябе ўвесь час будзе нешта раздражняць, бо зроблена па-еўрапейску, а тут трэба па-афрыканску.
    “Навошта адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць паслязаўтра”, – кажуць. І гэта, бадай, самая вялікая праблема для многіх місіянераў. Ім хацелася б адразу навярнуць Афрыку, хацелася б бачыць вынікі сваёй працы, і вось аблом – не ў Афрыцы! Тут трэба, як гавораць старыя місіянеры маладым, якія едуць на місіі, узяць з сабой 3 чамаданы: у першым цярпенне, у другім цярпенне і ў трэцім цярпенне. Бо інакш звар’яцееш і хутка вернешся ў Еўропу, заявіўшы, што там нічога не ўдасца зрабіць. На пачатку свайго побыту ў Камеруне мне давялося жыць з галандскім біскупам (ён знаходзіўся тут 60 гадоў). Я быў эканомам біскупскага дома і адначасова пачынаў паслугу пробашча. Прынамсі некалькі разоў біскуп высылаў мяне: “Дарэк, едзь у Яўндэ па новага місіянера”. Я прывозіў маладога гарачага святара, які хацеў змяніць Афрыку, бо быў пасля Цэнтра фармацыі місіянераў у Варшаве, таму думаў, што ведае, як.
    У выніку, большасць з тых, каго я прывозіў, праз некалькі гадоў адвозіў у той жа аэрапорт, бо ім было ўжо досыць негрыцянскага падыходу да жыцця. Яны хацелі са складзенымі рукамі перавярнуць Афрыку дагары нагамі, а тут так не атрымаецца. Цягалі тачкі з пяском і цэментам, а негры глядзелі на “белага дурня” і смяяліся: куды ён так спяшаецца? Вось такога тыпу, хутчэй, гэтыя цяжкасці, больш псіхалагічныя, бо астатнія, такія як клімат, хваробы, харчаванне, умовы жыцця – гэта нішто. Што тычыцца пагрозы жыццю, толькі аднойчы ў мяне быў ствол у горле, на карку і нож ля шыі. І збівалі мяне паўночы, і ў апошні момант перадумалі застрэльваць. А так, апрача гэтага, усё спакойна.
   
    – Пасля такога доўгага знаходжання на місіях прыходзіць час падвесці вынікі. Чым Вы больш за ўсё задаволены? Можа, штосьці яшчэ хацелі б рэалізаваць?
    – Чым я задаволены больш за ўсё? Што яшчэ не звар’яцеў, будучы з 2003 года адзіным белым чалавекам сярод чарнаскурых, што навучыўся быць цярплівым з настолькі рознымі людзьмі і працягваць змяняць свет да лепшага, не чакаючы відовішчных змен. Я проста раблю сваю працу на сваім кавалку зямлі.
    Задаволены, што адправіў у школу за гэтыя гады, з дапамогай, вядома, дабрачынцаў, пару тысяч дзяцей. Маю 9 выхаванцаў у Польшчы: хтосьці там на вучобе, а хтосьці ўжо стварыў сям’ю. Задаволены, што на працягу 20-ці гадоў пры дапамозе людзей добрай волі даю дзецям і моладзі прытулак і надзею на лепшае заўтра. І ўсведамляю, што без нас яны былі б на гэтым свеце нікім.
    Што хацеў бы рэалізаваць? Ужо нічога! Вытрываць да канца ў тым, што раблю! Ужо нічога разумнейшага не прыдумаю. Цяпер буду актыўна дзейнічаць. Хтосьці сказаў, што той, хто выстаіць да канца, будзе выратаваны.
   
    – Некаторыя сцвярджаюць, што місіянерамі становяцца да канца жыцця. Што Вы думаеце на гэты конт?
    – Кожны з хросту ці з’яўляецца місіянерам, ці не з’яўляецца хрысціянінам увогуле. Нельга быць хрысціянінам, не будучы місіянерам. Не ўсім пашанцавала выехаць на край свету, але кожны можа, не выходзячы са свайго пакоя ці кляштара, быць у мільён разоў большым місіянерам, чым я. Дастаткова ўспомніць нядаўна ўзгадваемую ў літургіі св. Тэрэзу з Лізьё, якая з’яўляецца апякункай місій, а не высунула носа з манастыра. Дастаткова маліцца за місіі так, як яна, а хто можа і мае чым – дзяліцца з тымі, хто знаходзіцца далёка, з такімі шчасліўчыкамі, як я.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.