ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Маці Божая, сустракай!

З жыцця Касцёла

Кожны з пілігрымаў вырушыў у дарогу з уласнымі інтэнцыямі. Пілігрымка была для іх нагодай для рахунку сумлення і абдумвання таго, што цешыць і непакоіцьСёлетнія ўрачыстасці ў Тракелях адбываліся ў незвычайных абставінах: не было чуваць радаснага спеву і малітвы супольнага шэсця паломнікаў. Аднак, нягледзячы на складанасці, выкліканыя пандэміяй, некаторыя пілігрымы прыбылі на штогадовы фэст у індывідуальным парадку. Дзякуючы іх рашучасці і адвазе санктуарый ажыў. Вернікі прасякнуліся надзеяй, што хутка ўсё вернецца на свае месцы.
Я належу да той катэгорыі людзей, для якіх год без пілігрымкі можна лічыць пражытым дарма. Як толькі стала вядома, што з-за каранавіруса пілігрымкі адмяняюцца, я вельмі засмуцілася. Але потым с. Марлена прапанавала паехаць да Маці Божай на веласіпедах. Шчыра кажучы, спачатку я вагалася, бо веласіпед – абсалютна не мой сродак перамяшчэння, тым больш, што я зусім нядаўна навучылася на ім ездзіць. Але жаданне пілігрымаваць было настолькі моцным, што перамагло мой страх, і я пагадзілася. Да нас далучылася таксама с. Вікторыя і яшчэ 2 свецкія асобы.
АС. Францішка Фядотава CSSHсаблівасць гэтай пілігрымкі была ў тым, што калі раней ты ішоў, маючы выразную праграму, дзе ўсё распісана да дробязей: малітвы, песні, абеды, начлегі, – то цяпер самім трэба было паклапаціцца аб маршруце і плане дня.
    Паколькі мы ехалі веласіпедамі, кожны сам для сябе вырашаў, што рабіць у дарозе: слухаць песні, канферэнцыі, маліцца. Я, напрыклад, адгаворвала Ружанец. Гэта былі неверагодныя адчуванні: навокал бязмежнае поле, высокае неба, а ты едзеш, перабіраеш пацеркі і ўваходзіш у своеасаблівы стан медытацыі.
    Калі мы дабраліся да санктуарыя, мяне перапаўнялі эмоцыі. Гэта радасць ад таго, што ты, нягледзячы на сваю слабасць, змог і дасягнуў мэты, а таксама шчасце ад сустрэчы з Маці Божай. Калі заходзіш з пешай пілігрымкай у санктуарый, на тэрыторыі якога збіраюцца сотні людзей, крыху складана засяродзіцца, пражыць на ўсе сто працэнтаў момант яднання з Марыяй. У гэтым годзе, можна сказаць, я мела ўнікальную магчымасць атрымаць асалоду ад індывідуальнай малітвы ля цудатворнага абраза, нагаварыцца ўдосталь з Маці Божай, расказаць Ёй пра ўсё, што маю на душы.

    Кс. Андрэй БелаблоцкіАпошнія некалькі гадоў у мяне не было магчымасці прыняць удзел у пілігрымцы, каб прайсці яе ад самага пачатку і да канца. А такое жаданне было ў сэрцы. Таму я вырашыў пайсці сёлета, тым больш, што з’явіўся вольны час. З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі не змог узяць з сабой іншых жадаючых, таму адправіўся адзін.
    Падчас дарогі я разважаў над Евангеллем дня, думаў пра жыццё, маліўся Ружанцам, Вяночкам да Божай міласэрнасці. Калі з-за мазалёў і расцяжэнняў было цяжка ісці і мозг канцэнтраваўся на болю, то, каб пераключыць сваю ўвагу, слухаў рэлігійныя песні і канферэнцыі.
    Я ішоў па праезжай частцы, таму людзі выглядалі з аўтамабіляў са здзіўленнем. Некаторыя прытармажвалі, а адзін мужчына, які рухаўся па сустрэчнай паласе, развярнуўся, пад’ехаў і папрасіў блаславіць і памаліцца за яго. Сустракаліся людзі, якія ішлі альбо ехалі на веласіпедзе па сваіх справах, але ўбачыўшы мяне, выяўлялі жаданне прайсці разам некаторы адрэзак. Мы размаўлялі, разважалі пра Бога, пра жыццё. Гэта была свайго роду евангелізацыя ў дарозе.
    Я ўзяў у пілігрымку толькі асабістыя рэчы. Ніякай ежы, нават запасу пітва не браў. Заходзіў па дарозе да людзей, прасіў дазволу набраць вады з калодзежа. Некаторыя давалі яшчэ і бутэрброд у дарогу. Нехта частаваў марожаным. Адна бабуля нават абедам пакарміла. Я ішоў з поўным супакоем, ведаючы, што Бог мяне вядзе і не пакіне.
    Звычайна кожная пілігрымка мае свой дэвіз. Мая прайшла са словамі “Перамен патрабуюць нашы сэрцы”. Я часам уключаў сабе песню пад такой назвай, каб крокі набралі рытм. А потым заўважыў, што гэтая фраза сапраўды мне блізкая: перамен патрабуе маё сэрца, а таксама сэрцы тых людзей, якіх сустракаў на сваім шляху.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.