ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Свята Найдаражэйшай Крывi Пана

Хрысціянскія традыцыі

1 ліпеня 2020 г. у Базіліцы Агоніі на Аліўнай гары ў Іерусаліме падчас урачыстай літургіі ў гонар Найдаражэйшай Крыві Хрыста кусташ Святой Зямлі а. Франчэска Патан OFM рассыпаў на Скале агоніі пялёсткі чырвоных руж як сімвал крывавага поту Збаўцы
Да 1969 года 1 ліпеня з’яўлялася асаблівым днём святкавання Найдаражэйшай Крыві Збаўцы. Гэтая ўрачыстасць была ўстаноўлена ў 1849 годзе папам Піем IX. У 1933 годзе папа Пій XI узняў яе да рангу свят першага класа ў памяць 19-ці стагоддзяў, якія мінулі з часу праліцця Найсвяцейшай Крыві за чалавецтва.
У 1960 годзе папа Ян ХХІІІ апублікаваў апостальскі ліст “Inde a Primis” аб пашырэнні набажэнства ў гонар Найдаражэйшай Крыві Пана Нашага Езуса Хрыста як неабмежаванай крыніцы духоўнага плёну і леку супраць зла, якое мучыць чалавецтва. Гэта было заахвочваннем вернікаў ушаноўваць Кроў Хрыста на працягу ўсяго ліпеня і разважаць над таямніцай пра Яе неверагоднае багацце і бязмежную каштоўнасць. Менавіта папа Ян ХХІІІ ухваліў літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана Езуса.
    Гэтае набажэнства мае сваю падставу ў Божым слове. Верагодна, сёмы месяц года быў абраны для гэтай высокай мэты невыпадкова. Лічба 7 сімвалізуе дасканалы Божы твор. У Старым Запавеце святар у храме маліў аб адкупленні сябе, свайго дому і ўсяго люду Ізраіля, 7 разоў акрапляючы алтар кроўю цяляці і казла (параўн. Лев 15, 19).
    Падобным чынам і Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар, складаючы ахвяру за грахі Адама і ўсяго чалавецтва, 7 разоў праліў сваю Кроў. Упершыню гэта адбылося на Аліўнай гары, калі “пот Яго быў, быццам кроплі крыві” (Лк 22, 44). У Эдэмскім садзе Адам супрацьстаяў Божай волі. Ён аддаў права панаваць на зямлі сатане і наклікаў праклён. “Праклятая будзе зямля праз цябе, у цяжкай працы будзеш здабываць ежу з яе ва ўсе дні жыцця свайго. Церні і асот яна будзе табе расціць, і ты будзеш есці палявыя травы. У поце аблічча свайго будзеш спажываць хлеб” (Быц 3, 17–19). У Гефсіманскім садзе Божы Сын падпарадкаваўся волі Айца Нябеснага, нягледзячы на бачанне жорсткіх пакут: “Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца!” (Лк 22, 42) – і сваім крывавым потам адкупіў тое, што страціў Адам.
    У чарговы раз наш Збаўца праліў Кроў у доме першасвятара Каяфы, дзе яго штурхалі, зневажалі, білі кулакамі па твары, плявалі на Яго, высмейвалі (параўн. Мк 14, 65), дзе вырывалі Яму бараду (параўн. Іс 50, 14), каб праз гэтую пакуту ачысціць вобраз чалавека ад усяго сораму, прыніжэння і абраз, а таксама вярнуць чалавечую годнасць. Затым Езус праліў шмат Крыві, калі Яго цела бязлітасна бічавалі пры пакутным слупе. “Настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд Ягоны, а постаць Яго не нагадвала чалавечай” (Іс 52, 14), каб кожны з нас мог перажыць фізічнае аздараўленне цела ад усіх хвароб. У чацвёрты раз Кроў пралілася ў прэторыі перад Пілатам, калі салдаты паклалі на галаву Божага Сына цярновы вянок, каб мы ацалілі розум. Па-пятае, Кроў з прабітых рук павінна была абмыць і блаславіць працу нашых рук. Ногі, у сваю чаргу, былі прабітыя, каб мы маглі хадзіць у праўдзе і святле Евангелля, а зямля, на якой стаяць нашы ногі, была ачышчана, асвечана і вырвана з моцы д’ябла.
    У апошні, сёмы раз, Кроў і вада Збаўцы выліліся без астатку, калі Яго бок прабілі дзідай (параўн. Ян 19, 34), да нараджэння Касцёла, духоўнага адраджэння чалавека і ацалення душы. Так жа, як Ева была створана з боку Адама як яго нявеста, так і Касцёл Хрыстовы паўстаў з адкрытай раны ў боку Езуса. Аднак калі Ева пайшла за хлуснёй нячыстага духа, то разам з Кроўю і вадой Збаўцы Яго нявеста атрымала святога і чыстага Духа, каб магла слухаць праўду, не блукаць у цемры, не паддавацца спакусам і заставацца вернай свайму Жаніху. Кроў Адкупіцеля, асушаная да апошняй кроплі, дае нам таксама неабмежаваныя крыніцы Божай любові і міласэрнасці. Здзейсненае так адкупленне было поўным і дасканалым. Таму на зямлі няма іншай каштоўнасці, большай за Кроў Езуса Хрыста. Яна ачышчае, асвячае, прабачае, апраўдвае, аднаўляе, лечыць раны душы, ламае праклёны і зняволенне, ахоўвае ад няшчасцяў, абараняе ад разбуральных сіл цемры і дае нам уладу над імі, умацоўвае нашу волю, падтрымлівае на жыццёвым шляху, перад Богам, адкрывае Неба, гарантуе Божыя абяцанні бласлаўлення і заўсёды на баку чалавека. Яна заслугоўвае самай высокай пашаны і славы Божага народа.
    У 1969 годзе, пасля ІІ Ватыканскага сабору, папа Павел VI унёс змены ў літургічны каляндар. Урачыстасць у гонар Крыві Пана была аб’яднана ў Паўсюдным Касцёле з урачыстасцю Найсвяцейшага Цела Хрыста, званай у народзе Божым Целам.
    У цяперашні час старая традыцыя захавалася толькі ў санктуарыях Найсвяцейшай Крыві Пана і супольнасцях ксяндзоў місіянераў і сясцёр адараторак Крыві Хрыста. Тым не менш, кожны вернік, ведаючы яе магутную сілу, можа і павінен працягваць прытрымлівацца закліку папы Яна ХХІІІ і на працягу ўсяго ліпеня асаблівым чынам адараваць і маліцца да Крыві Адкупіцеля, просячы спыніць жахлівую эпідэмію і блаславіць чалавецтва.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.