ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Дар для нашага Касцёла

З жыцця Касцёла

27 чэрвеня ў гродзенскай катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне чатыром дыяканам, трое з якіх з’яўляюцца выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а адзін – выпускніком Вышэйшай духоўнай семінарыі рэдэмптарыстаў у Тухаве (Польшча).
Спецыяльна для “Слова Жыцця” новапрэзбітэры распавялі пра тое, які дэвіз абралі для сваёй святарскай паслугі, якой бачаць асноўную місію святара і душпастыра, а таксама аб тым, ці маюць нейкія асабістыя пастановы.

   "Кс. Aндрэй Струкель нарадзіўся 19 лістападa 1993 года. Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.Дэвізам сваёй святарскай паслугі я выбраў урывак з Кнігі прарока Ісаі: “Тады я пачуў голас Пана, які казаў: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?». І сказаў я: «Вось я, пашлі мяне»” (Іс 6, 8). Гэтыя словы змясціў на прыміцыйным абразку.
    На маю думку, адна з асноўных місій кожнага святара – служэнне Богу і людзям. І гэтае служэнне павінна выконвацца з любоўю. Кожны душпастыр мусіць імкнуцца да святасці, каб праз свой прыклад прывесці іншага чалавека да Бога. Важнай справай святара з’яўляецца абуджэнне асобы да прыняцця ласкі веры і, канешне, дапамога вернікам у духоўным развіцці.
    Мая галоўная пастанова – быць добрым святаром і імкнуцца да святасці. Нястомна паглыбляць свае веды і пазнаваць Пана Бога, каб магчы перадаць Божае слова іншым людзям. Я буду старацца добра выконваць даручаныя мне заданні, якія ўзяў на сябе разам з прыняццем святарскіх пасвячэнняў.
    Вельмі ўдзячны свайму пробашчу кс. каноніку Уладзіміру Гуляю і святарам, якія служаць у роднай парафіі, а таксама ўсім ксяндзам і манахіням, якіх Божы Провід паставіў на маім жыццёвым шляху. Сёстрам я асаблівым чынам дзякую за малітву, якой мяне нястомна адорваюць. Удзячны таксама тым людзям, якія за мяне маліліся і моляцца.
   
    “Кс. Томаш Мікалайчык нарадзіўся 1 красавікa 1996 года. Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання. Зрабі шчырым сэрца сваё і будзь трывалы, не губляй раўнавагі ў час нядолі” (Сір 2, 1–2). Калісьці на Біблійным коле ў семінарыі адзін клерык прапанаваў для разважання гэтыя словы ў аспекце святарства.
    І ў мяне яны заселі глыбока ў душы, таму змясціў іх на прыміцыйным абразку.
    Я лічу, што душпастыр павінен клапаціцца пра вернікаў. Служачы Богу і бліжняму, ён павінен праяўляць любоў, гуманнасць, неабыякавасць. Думаю, кожны святар, рукі якога ў дзень пасвячэння былі памазаны алеем, павінен быць побач з чалавекам. Да гэтай блізкасці асаблівым чынам заахвочвае Святы Айцец Францішак, які падкрэслівае, што ксёндз не мусіць быць “суперменам” і не можа “фліртаваць” з сусветным жыццём: “пастыр павінен пахнуць авечкамі, а не дарагой парфумай”. Да самых важных абавязкаў святара належыць “несці Добрую Навіну ўбогім, абвяшчаць вызваленне палонным, а сляпым вяртаць зрок; выпусціць спакутаваных на свабоду і абвяшчаць год ласкі Пана”. Акрамя таго, трэба “лячыць раны зламаных сэрцаў і суцяшаць засмучаных”.
    Што датычыць пастаноў, я хацеў бы як мага даўжэй затрымаць тыя адчуванні, якія перажываю цяпер. Прыступіць да алтара Пана – вялікая радасць. Гэтай радасцю хачу дзяліцца, жыць у ёй і аб ёй сведчыць.
    Я вельмі ўдзячны свайму пробашчу, кс. каноніку Уладзіміру Гуляю. Для мяне ён з’яўляецца добрым прыкладам святара і моцнай падтрымкай на гэтай дарозе. Глыбока ў сэрцы захаваны таксама прыклад жыцця, веры і святарства светлай памяці кс. прафесара Тадэвуша Вышынскага, якога мне пашчасціла сустрэць падчас семінарыйнай фармацыі.
    Удзячны сваім родным, маме, бабулі. Выдзяліць хацеў бы і свайго роднага брата Эрнэста, які трошкі апярэдзіў мяне на шляху да святарства. Аднак нашыя жыццёвыя сцежкі вельмі блізкія і пераплеценыя.
    Ад усяго сэрца дзякую ўсім тым, хто за мяне моліцца.
   
    “Кс. Яўген Амасёнак  нарадзіўся 8 сакавікa 1987 года. Паходзіць  з парафіі св. апостала Андрэя ў Слоніме.Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету” (Гал 6, 14). Менавіта гэтыя словы св. Паўла знайшлі водгук у маім сэрцы перад тым, як канчаткова вырашыў выбраць дарогу святарскага служэння і ўпершыню пераступіў парог духоўнай семінарыі. Мяркую, што яны, у большасці выпадкаў, нейкім таямнічым чынам суправаджаюць мяне і нанова адкрываюць тоеснасць святара, яго пакліканне і місію ў свеце.
    З аднаго боку, я адчуваю, наколькі не дарастаю да ажыццяўлення гэтых слоў у штодзённым жыцці, а з другога – заўважаю, як яны дапамагаюць не згубіць першапачатковы запал наследавання Хрыста. Адной з асноўных місій святара, на маю думку, з’яўляецца жаданне яднаць Божае Сэрца з сэрцам чалавека. А гэта магчыма толькі тады, калі святар дазваляе Усемагутнаму дзейнічаць праз яго: настаўляючы, прабачаючы, суцяшаючы, ахвяруючы сабой і нанова ўсталёўваючы сувязі любові паміж Богам і чалавекам.
    Напэўна, кожны, хто прымае святарскія пасвячэнні, у пачатку свайго шляху ставіць перад сабой пэўныя задачы, якім хоча быць верным. Лічу, што прыярытэтам павінна стаць малітва і асабістая лучнасць з Богам, бо толькі дзякуючы гэтаму святар здольны дзяліцца сваім пакліканнем з іншымі. А таксама вернасць абяцанням і абавязкам, якія вынікаюць з істоты святарскага пасвячэння. І, канечне ж, усведамленне таго, наколькі вялікі і бясцэнны дар незаслужана атрымаў, каб заўсёды быць удзячным за давер, аказаны Богам.
    Цяжка ўзгадаць усіх людзей, якім я асаблівым чынам удзячны за падтрымку і прыклад на дарозе да святарства, бо кожны з іх неяк паўплываў на маё духоўнае станаўленне. Аднак, у першую чаргу, адразу ўзгадваю бацькоў. Дзякуючы наследаванню ўзору іх жыцця, у мяне паступова фарміравалася пэўнае бачанне гэтага свету, тых вечных каштоўнасцей, якія і цяпер з’яўляюцца своеасаблівымі арыенцірамі ў жыцці. А таксама гэта, канечне ж, тыя святары, якіх я сустрэў упершыню і якія пакінулі незабыўны след у сэрцы. Тут не магу не ўспомніць а. Вітольда Жэльветра, адданасць і любоў да свайго служэння якога заўсёды падштурхоўвалі мяне да прыняцця найбольш адважных і адказных рашэнняў.
    Думаю, што кожны чалавек, якога давялося сустрэць на сваім шляху, мае велізарнае дачыненне да ўсяго таго, што цяпер адбываецца ў маім жыцці. Таму непамерна ўдзячны ўсім, хто нейкім чынам праявіў зацікаўленасць і быў неабыякавы да маёй будучыні.
   
    “А. Максім Лабкоў CSsR нарадзіўся 2 жніўня 1988 года. Паходзіць  з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі  ў Парэччы  (дэканат Гродна-усход).Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Гэты ўрывак лічыцца самым вядомым радком у Бібліі, і часам яго называюць “Евангеллем у двух словах”. У ім гаворыцца пра самую галоўную праўду – пра вялікую Божую любоў да чалавека, якая з’яўляецца дарам. Гэтая любоў здзейснілася на крыжы як наша адкупленне. Я адчуваю гэтую вялікую любоў і хачу абвяшчаць яе ў сваім святарскім жыцці, таму змясціў такія словы на прыміцыйным абразку.
    Маё бачанне святарства і пастырскага служэння зыходзіць з Канстытуцыі Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля, да якой належу. Згодна ёй, айцы рэдэмптарысты, як слугі Евангелля, накіроўваемыя Святым Духам, асаблівым чынам уключаны ў місію Хрыста. Яны павінны быць блізкімі людзям, асабліва бедным і занядбаным, несці ім Добрую Навіну і цэлебраваць для іх святыя сакраманты, асабліва Эўхарыстыю і сакрамант паяднання.
    Прымаючы святарскае пасвячэнне, я зрабіў канкрэтныя пастановы, свайго роду заключэнне пагаднення паміж мной і Богам. Яны вельмі асабістыя, звязаны з малітвай, з часцейшым знаходжаннем перад Найсвяцейшым Сакрамантам, а таксама з большай пашанай да Маці Божай. Цяпер, калі я ўжо з’яўляюся святаром, хацеў бы выказаць словы падзякі ўсім, хто дапамагаў мне на шляху да алтара. Перш за ўсё, удзячны бацькам за выхаванне і падтрымку. Разам з тым, удзячны многім святарам і манахіням. Іх сведчанне жыцця дапамагло мне рашыцца на святарскі шлях і дайсці да пасвячэння. Сярод духоўных і кансэкраваных асоб хацеў бы асабліва адзначыць свайго роднага брата Дзмітрыя, таксама святара рэдэмптарыста. Ён суправаджае мяне і падтрымлівае ўсімі магчымымі спосабамі. Ведаю, парафіяне з Парэчча, Новай Руды, мае знаёмыя падмацоўваюць мяне малітвай. Вельмі ўдзячны ім усім і наўзамен ахінаю сваёй малітвай.
   
    Дзякуем Богу за новых святароў! Жадаем ім, каб сваім жыццём пераконвалі людзей у прыгажосці таямніцы Евангелля і былі доказам таго, што ззянне Добрай Навіны мацнейшае за цемру зла. Няхай у жыцці на першым месцы заўсёды будзе Хрыстос, бо толькі з Ім мы здольныя змяніць свет да лепшага.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.