ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Гатова дапамагаць

Слова рэдактара

Найсвяцейшая Панна Марыя ўшаноўваецца ў шматлікіх выявах. Кожная з іх адрозніваецца, кожная распавядае пра іншыя прык- меты Маці Божай. Але Яна заўсёды застаецца той жа Маці Езуса і нашай Маці.
   Мабыць, любы чалавек, які лічыць сябе прыхільнікам Маці Божай, хоць бы раз у жыцці задаваўся пытаннем: чаму ў нас так шмат выяў Марыі, калі Маці Божая адна? А адказ просты. Па аналагічнай прычыне мы робім шмат фатаграфій любімай асобы: некаторыя здымкі лепш выражаюць пэўныя рысы характару альбо адлюстроўваюць нейкі аспект яе прыгажосці, а часам увекавечваюць абставіны незвычайнай сустрэчы.
Не можам “развітацца” з такімі выявамі. Таксама і марыйныя абразы спачатку нагадваюць і набліжаюць нам духоўную прысутнасць Марыі. Любім Яе, таму не дзіўна, што хочам адчуваць Яе блізкасць. Аднак некаторыя абразы ўшаноўваюцца вернікамі асаблівым чынам. Іх вешаюць у дамах, кладуць у партманет з дакументамі альбо ў аўтамабіль. І ўсё з-за асабістай чуласці, альбо з-за рыс марыйнай духоўнасці, якія тыя выражаюць, альбо з-за выключнага моманту сустрэчы з Маці Божай, які адзначыў ласкай чалавечую гісторыю.
    Часта хрысціяне даюць назвы сакральным абразам у залежнасці ад месца іх культу (напр. Маці Божая Вастрабрамская), ад іх духоўнага характару (напр. Маці Божая Ласкавая) альбо ад ласкаў, аб якіх прасілі ў патрэбах (напр. Маці Божая, Развязваючая Вузлы). Часам назва абраза вынікала з глыбокага духоўнага паслання, заключанага ў сімволіцы іконы, так, як у абразе Нястомнай Дапамогі.
    Марыя дапамагае нам ісці дарогай веры і быць паслухмянымі волі Айца. Як Маці, хоча лепшага для сваіх дзяцей. Прагне, каб мы выкарысталі тварэнне Яе Сына Езуса Хрыста. Таму ў абразе Нястомнай Дапамогі ўказвае на Збаўцу, нібы кажучы: “Ён лякарства ад вашых праблем! Толькі Ён можа выратаваць вас!”.
    Аднак Марыя не забывае таксама пра нашы штодзённыя зямныя справы. Але Яна не выконвае кожную просьбу. Заўсёды выслухоўвае, але не заўсёды адорвае тым, чаго просім. Маці Божая падобная да любой мудрай маці, якая не дае сваім дзецям усё – дзеля іх карысці.
    Марыя робіць усё, каб мы зразумелі, што мэтай жыцця з’яўляецца збаўленне, а не толькі лепшае здароўе, самаадчуванне ці вырашэнне нейкай справы. Часам дапускае цярпенне для дабра чалавека. Калі ў Фаціме Луцыя папрасіла Марыю вылечыць хворых, Багародзіца адказала: “Некаторых Я вылечу, а некаторых не. Няхай яны пераменяцца, няхай просяць прабачэння грахоў”. Перадусім, Маці Божая клапоціцца пра збаўленне чалавека.
   
    Дарагія Чытачы!
   Марыя – Маці Нястомнай Дапамогі. Яна заўсёды гатова нам дапамагчы, хоць часам такім спосабам, які спярша можа падацца незразумелым. Таму не спадзяемся на свае заслугі ані на свае добрыя ўчынкі, але толькі на бязмежныя заслугі Пана Езуса і на Яе неспасціжную мацярынскую любоў!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.