ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Паканаць моцаю духа

З жыцця Касцёла

Пандэмія прымусіла нас захоўваць дыстанцыю, аднак паспрыяла духоўнаму з’яднанню. З распаўсюджаннем каранавіруса з вуснаў шматлікіх вернікаў пачала гучаць адна і тая ж просьба да Усемагутнага: аб выбаўленні ад заразы. Некаторыя моляцца ўсёй супольнасцю, іншыя аддаюць перавагу індывідуальнай малітве. І калі Ты яшчэ не маеш падобнага намеру, самы час натхніцца прыкладамі і ўпэўніцца, што малітва заўсёды дае добры плён. Хоць не абавязкова такі, якога чакаем.
Разам дастукацца да Нябёсаў
    Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, вікарый парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні
    Падчас пандэміі наша парафія актыўна ўключылася ў малітоўны “штурм” Неба, просячы ласкі стрымання распаўсюджання інфекцыі. Пасля кожнай св. Імшы вернікі звяртаюцца да Бога спевам суплікацыі і малітвай праз заступніцтва св. Роха і св. Андрэя Баболі. У святыні выстаўлены рэліквіі апошняга, каля якіх людзі могуць памаліцца асабіста і ўзяць адмысловую малітву праз яго заступніцтва з сабой. У дзень літургічнага ўспаміну святога парафія прасіла абараніць наш горад і ўсю краіну ад каранавіруса.
14 мая, злучаючыся са Святым Айцом і Паўсюдным Касцёлам, мы далучыліся да малітоўнай акцыі ў інтэнцыі спынення эпідэміі. Увесь дзень вернікі адаравалі Эўхарыстычнага Цара. Дзяжурствы пры святой манстранцыі праводзілі ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі. Паколькі мы знаходзіліся ў касцёле на працягу ўсяго дня, можам адзначыць, што ля падножжа алтара пачаргова ўкленчыла больш за сотню асоб. Адарацыя скончылася супольным набажэнствам перапрашэння за знявагі, учыненыя Хрысту, і св. Імшой у інтэнцыі спынення эпідэміі. Духоўныя асобы з парафіі ў гэты дзень пасцілі на хлебе і вадзе. Да посту мы таксама заахвочвалі вернікаў. Ведаю, што многія так і ўчынілі.
    Акрамя таго, у парафіі ад пачатку эпідэміі адгаворваюць Ружанец у інтэнцыі яе спынення. У сувязі з небяспекай заражэння мы пастанавілі маліцца анлайн. Праз акаўнт араторыя ў Instagram штодня ў 20.30 трансліруецца ружанцовая малітва пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце, да якой далучаецца шматлікая аўдыторыя.
    Вернікі нашай парафіі глыбока перакананы, што даверлівая супольная малітва можа ўчыніць вялікія цуды! Таму мы не знеахвочваемся і працягваем “атакаваць” Нябёсы сваімі маленнямі.
   
    Тыя, хто чувае ў кожнай сітуацыі
    Сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, Гродна
    Разам з сёстрамі мы кожны дзень молімся Вяночкам да Божай міласэрнасці і Ружанцам, галоўным чынам просячы Пана спыніць пандэмію. На працягу 5-ці гадоў праводзім гадзінную адарацыю пасля вячэры, але з пачатку мая перанеслі яе на больш позні час, каб спалучыць з дадатковым Ружанцам у такім неабходным у дадзенай сітуацыі намеры. Прамаўляем таксама просьбы за хворых, за памерлых ад гэтай заразы, за іх сем’і, за медыцынскі персанал, за кіраўнікоў краін, за навукоўцаў, якія працуюць над вакцынай і г. д. Акрамя таго, штодзённа спяваем суплікацыю. Сваю малітву завяршаем спевам трохкратнага назарэтанскага закліку: “Езус, Марыя, святы Юзаф, апекуйцеся намі”. Звычайна збіраюцца крыху больш за 10 сясцёр, і павучальна для нас, што старэйшая сястра супольнасці, якой амаль 90 гадоў, заўсёды загадзя прыходзіць у капліцу. Ахвяруем дзённыя цяжкасці і стомленасць у гэтай вячэрняй гадзіне малітвы.
    Мы таксама актыўна ўдзельнічаем у розных ініцыятывах, напрыклад, у Дні малітвы і посту аб спыненні пандэміі, які адбыўся 14 мая. Многія з нас з 13 мая ўключыліся ў Пампейскую навэнну аб заканчэнні пандэміі. Адпраўляем супольныя навэнны альбо малітвы за канкрэтных хворых на Covid-19. Аказваем духоўную падтрымку, размаўляем з людзьмі, якія перажываюць хваробу, страту кагосьці блізкага, якія баяцца за ўласнае жыццё.
    Толькі Бог ведае, як “выкарыстаць” нашы малітвы. Можа, наступствы пандэміі былі б яшчэ больш трагічнымі, калі б не маленні вернікаў, а можа, яны павінны звярнуць да Бога людзей, можа, навучыць пакоры, што не ўсё залежыць ад чалавека, можа, духоўна адрадзіць? Тое складанае, што нас спатыкае, нейкія пакуты з пункту гледжання веры і збаўлення могуць прынесці добры плён, таму што Бог нас любіць. Пан Езус з намі ва ўсім, што перажываем. Трэба толькі даверыцца Яму і даручаць сябе кожны дзень. Малітва можа дапамагчы ўбачыць гэта і прыняць.
    Урэшце, плён малітвы ўжо прыкметны. Перш за ўсё, многія людзі ўбачылі, што на самой справе ў свеце існуе адзін Усемагутны, і мы залежым ад Яго. Не мы ўсемагутныя, а Бог.
   
    Моц асабістай ініцыятывы
    Марына Валасар, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску
    Калі штодзённа ў краіне пачало фіксавацца больш за 900 новых выпадкаў заражэння Covid-19, я вырашыла, што патрэбна маліцца ў інтэнцыі спынення пандэміі. Узнікла думка па прыкладзе нястомнай малітвы за Беларусь суткамі адгаворваць Ружанец з просьбай аб заканчэнні распаўсюджання каранавіруса. У той жа дзень я напісала пост у Facebook з заклікам да малітвы, на які спачатку адгукнулася ўсяго некалькі чалавек. Але паступова з’явіліся яшчэ добраахвотнікі.
    Абрала менавіта Ружанец па некалькіх прычынах. Па-першае, таму што гэта марыйная малітва. Большасць католікаў і так малілася на ружанцы ў маі, таму я вырашыла, што гэта будзе найбольш аптымальным варыянтам. Па-другое, усе мы ведаем, якой сілай валодае ружанцовая малітва. Нездарма менавіта гэтай малітвай заклікала маліцца Марыя падчас сваіх аб’яўленняў. Па-трэцяе, яна займае ў асноўным 20-30 хвілін. Гэты час, на маю думку, якраз падыходзіць для таго, каб маліцца няспынна. Да Усемагутнага звяртаемся з шэрагам просьбаў. Найперш, молімся аб спыненні пандэміі; просім у Маці Божай заступніцтва для хворых на каранавірус, каб яны як мага хутчэй паправіліся; узгадваем у малітве тых людзей, якія знаходзяцца на мяжы жыцця і смерці, каб Бог змілаваўся над імі; молімся за медыцынскі персанал, каб Госпад падтрымаў іх сваімі дарамі ў барацьбе за жыццё і здароўе пацыентаў.
    Тэхнічна няспынная малітва выглядае такім чынам: першы ўдзельнік, напрыклад, у 8.00 раніцы распачынае Ружанец і моліцца ў вышэйзгаданых інтэнцыях, атуляючы малітвай менавіта тых людзей, якім патрэбна дапамога ў гэтыя 20-30 хвілін. Наступны чалавек пачынае маліцца ў 8.30. Астатнія, адпаведна, праз кожныя паўгадзіны. Аднак гэта ў ідэале.
    На практыцы ж пакуль выходзіць маліцца праз кожную гадзіну, а нават і больш, таму што не хапае ўдзельнікаў. На дадзены момант разам са мной моліцца 8 чалавек. Гэта тыя людзі, якія паведамілі аб сваім удзеле. Магчыма, іх больш, але я пра іх не ведаю. Аднак цешуся, што водгук ёсць.
    Усім вядома, наколькі малітва можа змяніць сэрца чалавека і абставіны жыцця. Вельмі часта мы нават адчуваем, калі за нас хтосьці моліцца. Думаю, малітва можа быць такім духоўным шчытом ад гэтай заразы, а таксама своеасаблівым нябачным лекам для ўсіх, хто ўжо заразіўся. Галоўнае, канешне, маліцца з верай, бо “па веры вашай будзе вам”. Да таго ж, вядомы выпадкі, калі людзі пасля малітвы ацаляліся нават ад рака.
    Канешне, у Бога могуць быць свае планы на час пандэміі. Магчыма, мы ўсе зараз праходзім своеасаблівую пустыню, каб ачысціцца ад розных сваіх хібаў, прынамсі, ад эгаізму. Але можам паспрабаваць атуліць малітвай тых, каму яна вельмі патрэбна. Бог міласэрны. Ён змілуецца над намі. Упэўнена.
    Малітвы ніколі не бывае зашмат і, на маю думку, яна вельмі матывуе да адказнасці. Калі кожны будзе ўсведамляць, што яго асабістая малітва важная і неабходная, то гэта прынясе свой плён. Натхняе, калі думаеш, што можаш паўплываць на сітуацыю. Канешне ж, з Божай дапамогай.
   
    За падтрымкай да святых
    Адным са спосабаў духоўнай дапамогі ў сённяшніх абставінах можа быць малітва да святых, якія асаблівым чынам заступаюцца за вернікаў падчас бушуючых эпідэмій. Пры жыцці яны зведалі пакуты ад панавання заразы, а пасля вынясення да хвалы алтара былі пакліканы чуваць над людзьмі ў час эпідэмій.
    У першую чаргу, варта звярнуцца з навэннай да св. Андрэя Баболі. Святару давялося служыць ў Вільні (Літва), калі ў горадзе панавала некалькі небяспечных эпідэмій. Ён апекаваўся хворымі і галоднымі, не зважаючы на тое, што мог заразіцца сам. Традыцыя таксама сцвярджае, што праз заступніцтва св. Андрэя Баболі былі ўратаваны ад заразы Пінск і яго ваколіцы. Знаходзячыся з місіяй на Піншчыне, святар быў закатаваны. Яго цела знайшлі праз доўгі час пасля смерці ў добра захаваным стане. Да труны святара распачалося пілігрымаванне з усёй пінскай зямлі, а яго цудоўнае ўздзеянне абараніла палешукоў ад хваробы, нягледзячы на тое, што яна ахапіла ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі.
    Яшчэ адзін святы, якога варта прасіць аб абароне падчас эпідэмій, – св. Рох. Пасля смерці бацькоў, раздаўшы маёмасць бедным, ён накіраваўся з Францыі ў Італію. У адным з мястэчак на шляху пілігрыма ўспыхнула эпідэмія чумы. Рох адразу ўзяўся дапамагаць у мясцовым шпіталі, цалкам прысвячаючы сябе бліжняму. Дзякуючы сваёй адданасці, атрымаў ад Бога ласку аздараўлення. Калі зараза адступіла, вярнуўся на ранейшую дарогу. Працягваў вяртаць здароўе пацярпелым ад чумы, якіх спатыкаў на далейшым шляху. Дасягнуўшы вечнага горада, дзе наймацней лютавала эпідэмія, канчаткова ўсвядоміў, што дапамога заражаным – гэта яго зямное пакліканне. Місія пілігрыма працягнулася на Небе, адкуль ратаваў вернікаў, што прасілі яго заступніцтва, ад чарговага нашэсця – халеры.
   
    Комплексная дапамога
    Пробашч смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ кс. Яўген Учкуроніс з мясцовымі медыкаміАказваючы духоўную падтрымку, нельга забывацца пра тое, што ў зямным жыцці патрэбна адчувальнае садзеянне. Усведамляючы гэта, ад пачатку распаўсюджання эпідэміі ў нашай краіне духавенства і вернікі лакальнага Касцёла ўключыліся і ў матэрыяльную дапамогу.
    Дзякуючы сабраным сродкам парафія св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне перадала мясцовай бальніцы ахоўныя камбінезоны. Збор ахвяраванняў на пакупку тканіны прайшоў і ў смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ. У выніку медперсаналу былі перададзены санітарна-гігіенічныя сродкі аховы, у тым ліку бахілы і павязкі.
    Некаторыя вырашаюць ахвяраваць не толькі грошы, але і ўласны час. Так вернікі з іўеўскай парафіі свсв. апосталаў Пятра і Паўла ўласнаручна пашылі неабходнае абмундзіраванне для мясцовых урачоў.
    Рознабаковую дапамогу аказвае таксама дабрачыннае таварыства “Карытас”. Яго прадстаўнікі перадалі шэрагу шпіталяў канцэнтратары кіслароду і сродкі дэзінфекцыі. Арганізаваны пашыў ахоўных масак, якія зараз вельмі актыўна выкарыстоўваюцца насельніцтвам як сродак бяспекі. Працягваецца аказанне падтрымкі састарэлым і адзінокім людзям у сельскай мясцовасці. “Карытас” дастаўляе пасылкі з харчаваннем, адзеннем, неабходнымі медыцынскімі рэчамі.
    Акрамя таго, прадстаўнікі дабрачыннай установы не пакідаюць людзей без душэўнай размовы, у якой яны зараз маюць асаблівую патрэбу.
   
    Спосабаў не застацца абыякавым у гэты няпросты час шмат. Застаецца толькі абраць найбольш адпаведны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.