ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Па дарозе да святасці

З жыцця Касцёла

Нарадзіўся ў звычайнай сям’і. Рана страціў блізкіх. Шмат вучыўся. Натхняўся, чытаў, пісаў. Марыў стаць акцёрам. Спазняўся на заняткі ва ўніверсітэце, бо шмат маліўся. Асабістых сродкаў не меў. Дзяліўся апошнім: адзеннем, абуткам… Спаў без падушкі. І хоць жыццёвая вандроўка св. Яна Паўла ІІ скончылася, вернікі не перастаюць даведвацца аб ім штосьці новае. І гэта новае натхняе. Прыклад святога Папы абуджае прагу да жыцця.
З кожным годам мы становімся крыху іншымі.
    На гэта ўплыве вопыт, перажытыя падзеі, здзейснены выбар, стаўленне да многіх рэчаў і г. д.
    Прапануем кароткую вандроўку ў часе па гадавінах з дня нараджэння Яна Паўла ІІ.
    Якім ён быў, як змяняўся, сталеў… Можа, штосьці стане для вас адкрыццём.

   1928. Караль Вайтыла нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Вадавіцах каля Кракава (Польшча) у сям’і Караля і Эміліі Вайтылаў. Бацька быў паручыкам польскага войска, маці – настаўніцай. “Я павінен сказаць, што тады, […] а 9-ай з раніцы, не было мяне яшчэ на свеце. Як пазней сказалі, я нарадзіўся апоўдні паміж 5-ай і 6-ай гадзінай. Больш-менш у гэтым часе, паміж 5-ай а 6-ай, толькі што 58 гадоў пазней, я быў абраны на Папу”, – узгадваў у 2000 годзе св. Ян Павел ІІ у прамове да дзяцей у Кельцах (Польшча).
    У дзень нараджэння Святога Айца мела месца сонечнае зацьменне. Дарэчы, яго таксама можна было назіраць у дзень пахавання вялікага Папы, 8 красавіка 2005 года.
   
    1941. Свой 21-шы дзень нараджэння Караль Вайтыла сустрэў у адзіноце: нікога з сям’і не было побач. Роўна 3 месяцы таму ў вечнае жыццё адышоў яго бацька. Раней, у 1932 годзе памёр старэйшы брат Эдмунд, у 1928 годзе – маці. Мала хто ведае, але Караль Вайтыла меў таксама сястру, якая сканала праз 16 гадзін пасля нараджэння.
   
    1947. 27-мы дзень нараджэння Караль Вайтыла адзначыў у якасці святара. У канцы мінулага года ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Цікава, але пасля заканчэння семінарыі св. Ян Павел ІІ думаў аб тым, каб паступіць ў кармэліцкі кляштар і жыць у адасабленні і цішыні як манах… а стаў Папам, імя якога прагучала на ўвесь свет.
   
    1958. Караль Вайтыла яшчэ не ведае і нават не думае, што стане біскупам. Хутка, у верасні, Святы Айцец Павел VI узвядзе яго ў гэты сан і, такім чынам, Вайтыла ў свае 38 гадоў будзе самым маладым членам епіскапата Польшчы. Неўзабаве ён стане арцыбіскупам, а пасля атрымае тытул кардынала.
   
    1979. 59-ты дзень нараджэння Караль Вайтыла адзначыў як папа Ян Павел ІІ (абраны на канклаве ў кастрычніку мінулага года). Прыняў імя папярэдніка Яна Паўла І, які з’яўляўся галавой Касцёла ўсяго 33 дні (памёр праз 2 тыдні пасля распачацця пантыфікату).
    Святы Айцец Ян Павел ІІ імкнуўся спрасціць сваю пасаду, пазбаўляючы яе шматлікіх каралеўскіх атрыбутаў. Падкрэсліваў ролю, якая пазначана ў тытуле Папы: Servus Servorum Dei (з лац. “слуга слуг Божых”).
   
    1981. У 61-шы дзень нараджэння папа Ян Павел ІІ быў пераведзены з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ватыканскай клінікі Джэмэлі ў свае апартаменты на 10-ым паверсе, дзе звычайна праходзіў медыцынскія абследаванні. Некалькімі днямі раней на яго было здзейснена пакушэнне: тэрарыст цяжка раніў Пантыфіка ў жывот. Куля прайшла літаральна ў міліметрах ад аорты. Медыкі лічаць уратаванне цудам. Папа нібы яшчэ раз нарадзіўся.
    1986. У 66-ты дзень нараджэння Святога Айца Яна Паўла ІІ апублікавана яго 5-ая энцыкліка “Dominum et vivificantem”. Яна прысвечана Святому Духу і Яго ролі ў жыцці Касцёла. Лічыцца, што гэта самае працяглае і складанае разважанне пра Святога Духа ў гісторыі папскіх энцыклік.
    Св. Ян Павел ІІ быў аўтарам больш 120-ці філасофскіх і багаслоўскіх работ і 5-ці кніг. Самая папулярная з іх – “Пераступіць парог надзеі” – разышлася тыражом у 20 млн экземпляраў.
   
    2005. Упершыню вернікі адзначылі дзень нараджэння Папы без яго ўдзелу. Ян Павел ІІ не дажыў да свайго 85-годдзя, адышоўшы па ўзнагароду да Пана 2 красавіка. Праз крыху больш за месяц яго наступнік Бенедыкт ХVI распачне беатыфікацыйны працэс любімага народам Папы (хоць згодна з канонам павінна прайсці мінімум 5 гадоў пасля смерці чалавека, перш чым Касцёл можа распачаць гэты працэс).
   
    2014. Напярэдадні дня нараджэння Папы – 27 красавіка – Касцёл кананізаваў Яна Паўла ІІ. Такім чынам, 94-ую гадавіну з дня яго нараджэння вернікі адзначалі падзякай Богу за дар святога Папы. Сам Ян Павел ІІ далучыў да ліку святых і бласлаўлёных Касцёла больш людзей, чым усе яго папярэднікі з XVI стагоддзя. Кананізаваў 475 асоб і беатыфікаваў – 1338.
   
    2020. Сёлета прыпадае 100-годдзе з дня нараджэння вялікага Папы. У многіх краінах свету запланаваны розныя памятныя ініцыятывы з гэтай нагоды. Найбольшага размаху яны, вядома, набываюць у Польшчы – на радзіме Яна Паўла ІІ. Як адзначае епіскапат краіны, “пануючая пандэмія перашкодзіла планам, але не адмяніла іх”. Арганізатары сустрэч, выстаў, канцэртаў, прысвечаных юбілею, адаптавалі і паоваму інтэрпрэтавалі тое, што было падрыхтавана. Шматлікія мерапрыемствы адбудуцца ў анлайн-рэжыме.
    Прапануем па прыкладзе суседзяў з Польшчы падзякаваць святому Папе ў сацыяльных сетках. Дастаткова напісаць на аркушы паперы “Дзякуй, Ян Павел ІІ!”, сфатаграфаваццца з ім і апублікаваць на сваёй старонцы з хэштэгам #ДзякуйЯнПавелІІ. Удзел у акцыі з’яўляецца жэстам удзячнасці Святому Айцу, які шмат зрабіў для Касцёла і свету. Магчыма, такім чынам аб ім даведаецца большая колькасць людзей (канешне, калі яшчэ ёсць тыя, хто нічога не чуў пра слыннага Папу-паляка).
   
    Агульнабеларуская пілігрымка ў Ватыкан шляхам св. Яна Паўла ІІ, якая планавалася на ўрачыстасці святкавання 100-годдзя з дня яго нараджэння, перанесена на восень бягучага года.
    Дадатковая інфармацыя будзе пададзена пазней.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.