ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Падзякуем жанчынам

Слова рэдактара

 Жанчыны заўсёды былі з Езусам, стаялі пры Ім сцяной. Яны былі Яму верныя, адданыя, глядзелі на Яго дзеянні і слухалі кожнае слова...
   Кожны раз, калі чытаем Евангеллі, напэўна, можам заўважыць, што жанчыны прадстаўлены ў іх значна лепш, чым мужчыны. Вось вучні спрачаюцца паміж сабой, хто з іх зойме першае месца побач з Езусам. Але калі прыходзіць час выпрабавання, тыя баязліва ўцякаюць. Мукам і смерці Езуса спадарожнічаюць ужо толькі жанчыны, за выключэннем любімага вучня – Яна. Жанчыны верна стаяць пад крыжом, трываюць да самага канца.
А пасля яны першымі сустракаюць уваскрослага Пана. Жанчыны пераконваюць устрывожаных вучняў, што Езус сапраўды ўваскрос. Затым на старонках Святога Пісання можам убачыць сустрэчы Езуса з жанчынамі, часта ў вельмі дзіўных сітуацыях. Настаўнік з Назарэта абараняе жанчыну, схопленую на пралюбадзействе, а мужчын, якія яе абвінавачваюць, увогуле высмейвае (параўн. Ян 8, 1–11). Завязвае размову з самаранкай, што абсалютна супярэчыла яўрэйскім звычаям. Таму евангеліст Ян сцвярджае, што вучні Езуса былі ў разгубленасці, што Ён размаўляў з жанчынай (параўн. Ян 4, 27).
    Езус таксама выклікае здзіўленне фарысеяў, калі дазваляе грэшніцы цалаваць Яго ногі, намашчваць іх алеем і выціраць валасамі. Прамаўляючы памятныя словы: “Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла” (Лк 7, 47), – ставіць любоў загубленай жанчыны вышэй за веданне закону гордых фарысеяў. Прайшло ўжо столькі гадоў з той пары, як Езус хадзіў па зямлі. Час змяняецца, а жанчыны застаюцца стаўпамі Касцёла, тымі, хто яго будуе і клапоціцца пра яго развіццё. Прыкладаў вельмі шмат. Хаця б св. Кацярына Сіенская ці св. Тэрэза Бенедыкта ад Крыжа. Яны спакойна павучалі Папаў, раячы ім змяніць свае паводзіны. Св. Хільдэгарда Бінгенская і св. Тэрэза Авільская, а потым таксама св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус фарміравалі рэчаіснасць Касцёла не менш, чым мужчыны.
    Для Касцёла такой жа важнай, як паслуга духоўных асоб, з’яўляецца настойлівая малітва мам і бабуль. Гэта яны часта нясуць адказнасць за перадачу веры ў сем’ях, выхоўваюць маладыя пакаленні. Яны складаюць большасць удзельнікаў літургіі і набажэнстваў. Яны клапоцяцца пра нашы святыні. Многія апостальскія ініцыятывы падтрымліваюцца дзякуючы ахвяраванням шчодрых жанчын. Без іх не было б спраўнага жыцця ў парафіях, не было б, урэшце, малітоўнага падмурку. Без іх нашы касцёлы часта былі б пустымі...
    Дарагія Чытачы!
   Перажываючы час Вялікага посту, які заахвочвае да добрых учынкаў і шчырых слоў, пастараймася падзякаваць жанчынам, якія штодзённа служаць у нашых парафіяльных супольнасцях. Часта іх паслуга нябачная, хаця і вельмі неабходная. Успомнім у малітве ўсіх жанчын, якіх Божы Провід ставіць побач з намі!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.