ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Як дапамагчы чалавеку ў духоўным крызісе?

Дапамагчы добрай радай

Дк. Яўген АмасёнакСёння цяжка ўявіць сабе кагосьці, хто б ніколі не перажываў такія моманты, калі здаецца, нібы ўсё, што да гэтай пары было фундаментальным і найбольш каштоўным у жыцці, рушыцца на вачах. Духоўны крызіс, а менавіта аб ім пойдзе гаворка, звычайна носіць негатыўны характар, таму што кожны з нас імкнецца да пэўнай стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, пачуцці душэўнага супакою. Мы вельмі часта молімся ў гэтых інтэнцыях і называем такі парадак Божым бласлаўленнем. Таму можа здавацца, што крызіс веры – нешта супрацьлеглае нармальнаму духоўнаму стану.
Некаторыя схільны ўспрымаць крызіс як катастрофу ледзь не сусветнага маштабу. На самой справе, гэта неабходны і надзвычай каштоўны этап у духоўным станаўленні кожнага чалавека. У першую чаргу, гэта магчымасць. Самае каштоўнае, што маем, развіваецца пры дапамозе крызісаў: наша асабовасць, адносіны з людзьмі навокал, светапогляд. Іншымі словамі, маецца на ўвазе магчымасць за кароткі час зрабіць радыкальныя змены ў поглядах на штодзённасць, разбурыць прывычныя жыццёвыя ўстаноўкі, якія абмяжоўваюць духоўнае развіццё, а разам з тым глыбей пазнаць сябе і свае адносіны з Богам.
У крызісе веры чалавек перастае разумець сэнс свайго існавання. Увесь папярэдні духоўны вопыт пачынае ім абясцэньвацца. Аднак гэтая праява расчаравання ў значнай ступені дапамагае ачысціцца ад усяго таго, што на самой справе з’яўлялася другасным і малазначным у адносінах з Богам. У той жа час кожны крызіс можа несці і небяспеку, асабліва ў тым выпадку, калі замест таго, каб выйсці з яго і зрабіць чарговы крок наперад, чалавек “завісае” ў сваіх перажываннях альбо правальваецца ў бездань расчаравання. Гэтаму спрыяюць розныя прычыны: ператамленне, няпростыя жыццёвыя абставіны, слабое здароўе, нават дрэннае надвор’е і звыклая стомленасць. Галоўнае ў крызісе – не адчайвацца.
    Духоўнае жыццё нашмат складанейшае, чым заняткі па падручніку. Засваенне тэорыі не гарантуе чаканы рэзультат. Простыя, зразумелыя на першы погляд ісціны чалавек часам можа спасцігаць на працягу ўсяго жыцця, таму што ведаць і прымяняць на практыцы – дзве розныя рэчы.
    Чаму ж так цяжка, а можа, нават немагчыма знайсці чалавека, які ніколі не сутыкаўся з духоўным крызісам? Адна з найбольш распаўсюджаных прычын – крушэнне ілюзій, якія датычаць памылковага самаўспрымання. Мы звычайна бачым у сабе рознага характару магчымасці, здольнасці, дараванні, што даюць больш-менш адэкватнае адчуванне ўласнай годнасці. Аднак так ці інакш пэўныя ілюзіі аб сабе накопліваюцца і ў момант крызісу церпяць крах. І тады кожны з нас вымушаны, з аднаго боку, збіраць усё нанова, а з іншага – нагадваць сабе, кім з’яўляецца на самой справе.
    Наступная прычына – крушэнне ілюзій аб Богу. Часта мы носім у сабе скажоны вобраз Стварыцеля і не ўсведамляем, што пакланяемся, па ўсёй верагоднасці, не сапраўднаму Богу, а нейкаму выдуманаму ідалу. Змена такога мыслення – балючы досвед, але ў духоўным сэнсе надзвычай карысны.
    І, нарэшце, крушэнне ілюзій аб Касцёле. Многія чакаюць, быццам трапяць у нейкае “беззаганнае месца”, можна сказаць, зямны рай, дзе ўсе адзін аднаго безумоўна любяць і шануюць. На практыцы ж гэтыя ўяўленні могуць разбіцца аб грубую рэчаіснасць.
    Трэба разумець, што духоўны крызіс не ўзнікае проста так, у адзін момант. Яго звычайна папярэджвае доўгі скрыты працэс, падчас якога нарастаюць унутраныя канфлікты. Спярша мы іх не прызнаём, стараемся не заўважаць. Але аднойчы гэты канфлікт становіцца невыносным, і ўсё пачынае рушыцца. Ідэальная карцінка свету дае трэшчыну, і зямля выходзіць з-пад ног. Тое, у што мы так моцна верылі, выглядае тады як падман і ілюзія.
    Чалавек, які ўжо не аднойчы прайшоў праз такое жыццёвае выпрабаванне, добра разумее, што гэты перыяд разгубленасці, цярпення і расчаравання не цягнецца вечна, а вырашаецца ў працэсе яго перажывання. Такі стан можна параўнаць з навальніцай: спачатку неба нагнятаецца, затым бліскае маланка, раздаецца гром, пачынаецца лівень, а пасля паветра становіцца чыстым і свежым…
    Як дапамагчы чалавеку, які перажывае духоўны крызіс? Перш за ўсё, яму самому трэба ўсвядоміць, што мы не адныя на гэтым свеце. Нават тады, калі востра адчуваем самотнасць, хутчэй за ўсё побач ёсць людзі, якія могуць падтрымаць і дапамагчы. Важна не стаць для чалавека ў крызісе перашкодай. Гэта адбываецца ў тым выпадку, калі, напрыклад, будзем вінаваціць яго ў нейкай форме бездухоўнасці. Можна нават нанесці вялікую шкоду асобе, дапускаючы толькі адзінае вернае меркаванне, якое зазвычай аказваецца суб’ектыўным. Крызіс веры не павінен перажывацца як хвароба, якую трэба хутчэй вылечыць. Кожны крызіс – гэта пачатак нечага новага, перыяд, што спрыяе пераацэнцы светапогляду і мыслення. Гэта таксама час вялікіх духоўных перамен, які дазваляе Богу дзейнічаць у нашым жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.