ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Жыццё ўпоўні

Інтэрв'ю

konserkowani12 лютага молімся за тых, хто нястомна нясе варту нябеснаму айцу, да каго можам у любы час звярнуцца з просьбай аб малітве з упэўненасцю, што яна будзе прамоўлена. Манаскія асобы – адданыя слугі Бога і бліжняга, жыццё якіх заўсёды застаецца для нас таямніцай.
З нагоды Дня кансэкраванага жыцця маем магчымасць у чарговы раз крыху наблізіцца да спасціжэння паклікання да манаства. Пра насычанасць жыцця ў кляштары распавядае с. Філатэя Ціхановіч CSFN.
С. Філатэя, што натхніла Вас следаваць за Хрыстом у якасці манахіні?
    – Упершыню думкі аб манастве з’явіліся ў мяне ў 19 гадоў. У той час я наведвала неакатэхуменальную супольнасць пры гродзенскім пабернардынскім касцёле. Фармацыя шмат часу ўдзяляла малітоўнаму чытанню Божага слова. Я вучылася слухаць Найвышэйшага. Зразумела, што Ён хоча гаварыць аб важных рэчах у маім жыцці, выкарыстоўваючы тэксты Бібліі. Уваходзячы ў дыялог з Езусам праз Святое Пісанне, я заўважыла, як мяне зачароўвае Яго Асоба. Мяркую, як аднаго чалавека захапляе другі, калі яны пазнаюць адзін аднаго, так і мяне захапіў Госпад, паклікаўшы пайсці за Ім.
   
    – І Вы далучыліся да Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Чаму абралі менавіта супольнасць сясцёр назарэтанак?
    – На першы погляд можа скласціся ўражанне, што мой выбар быў выпадковым. Я жадала злучыць з Хрыстом сваё жыццё праз манаства, а сёстры назарэтанкі былі тымі, каго я блізка ведала. Уступаючы ў супольнасць, нават не думала пра іх харызму. Аднак наш Бог – гэта Бог лёсу, а не выпадку. Толькі з часам я даведалася, што ўзорам для неакатэхуменальнай супольнасці, дзе адбывалася маё хрысціянскае станаўленне, з’яўляецца Святая Сям’я з Назарэта. Атрымалася, што мая першая фармацыя праходзіла ў духу Назарэта, і калі я пачынала шукаць сябе ў манастве, Пан Езус скіраваў да назарэтанак. Відаць, харызма Святой Сям’і – гэта той шлях, які Бог падрыхтаваў для мяне.
    Увогуле, мая гісторыя з гэтымі манахінямі пачалася са шлюбнага абутку! Сёстры, якія служылі пры пабернардынскім касцёле, чамусьці вырашылі, што мы з адным хлопцам з неакатэхуменальнай супольнасці плануем ажаніцца. Аднойчы да мяне падышлі с. Стэла і с. Агнешка і, працягнуўшы каробку, прамовілі: “Нам тут дары з Германіі даставілі. Трымай. Будзе табе на вяселле”. Я адкрыла каробку і ўбачыла прыгожыя белыя туфлі! Была ўдзячна за клопат, але разам з тым крыху здзівілася. “Я не збіраюся замуж! І ўвогуле малюся аб распазнанні паклікання да манаства”. С. Стэла не разгубілася: “Можа, тады да нас?”.
   
    – Раскажыце, калі ласка, пра першы час у кляштары. Што ўразіла?
    – Першае, што прыходзіць на думку, – розніца ў перажыванні свят. Я прызвычаілася, што сустрэча Новага года – адзін з самых яскравых момантаў у календары. І вось, першы пярэдадзень чарговага года ў кляштары. Мы з сёстрамі сабраліся на супольнай малітве, пасля – на ўрачыстай св. Імшы, а затым… манахіні пайшлі спаць. На мой запытальны позірк адна з сясцёр са зразуменнем паглядзела на мяне і, усміхнуўшыся, сказала: “А мы не святкуем”. Я засталася стаяць каля акна, назіраючы за вуліцай, якая адзіную ноч у год поўніцца бадзёрымі мінакамі.
    Памятаю таксама свой першы дзень нараджэння сярод сясцёр. Манахіні падрыхтавалі для мяне адмысловае прадстаўленне і вялікую колькасць слодычаў. Для дзяўчыны, якая расла ў савецкія часы пустых паліц, гэта было сапраўдным сюрпрызам. А яшчэ сёстры заўважылі, што мне падабаюцца маленькія абразкі, якіх не было шмат у тыя часы. І пачалі збіраць іх спецыяльна для мяне. Гэтыя дробязі дапамаглі адчуць, што я знайшла другую сям’ю.
    Разам з тым адзначу, што абранне новага шляху – пакіданне ў другім жыцці родных, сяброў, маёмасці – не праходзіць бязбольна. Аднак трэба памятаць, што цяжкасці – гэта толькі нязвыклая сітуацыя, праз пераадоленне якой мы ўзрастаем.
   
    – А як выглядае манаская штодзённасць цяпер?
    – У вялікіх супольнасцях распарадак дня заўсёды больш стабільны. У невялічкіх, такіх, як мая, – гібкі. Пры планаванні дня мы з сёстрамі ўлічваем час на індывідуальную і супольную малітву, стараемся разам есці пасілкі. Вольны час кожны арганізуе сабе самастойна.
    Асабіста я люблю паглыбляцца ў Божае слова, таму працягваю ўдзельнічаць у сустрэчах катэхуменальнай супольнасці. Мне падабаецца і актыўны адпачынак. Калі спрыяе надвор’е, выбіраюся на шпацыр або езджу на веласіпедзе. Зімой аддаю перавагу катанню на каньках. Намагаюся знаходзіць час для родных і сяброў, на добры фільм ці кніжку.
    Што тычыцца абавязкаў, на дадзены момант я працую пераважна з моладдзю і дзецьмі. Праводжу катэхезу і маю пад апекай дзяўчат бялянак, якія належаць да літургічнай службы алтара.
   
    – Якім чынам ва ўмовах кляштарнага жыцця рэалізуецца жаноцкасць?
    – На маю думку, кожная жанчына паклікана да будовы гарманічных адносін з тымі, хто трапляе ў яе атачэнне.
    У жаноцкасці ад Бога закладзена мяккасць, якая раскрывае іншага чалавека: прасвятляе думкі, прыглушае пачуццё адзіноты. У сваім служэнні я сутыкаюся са шматлікімі людзьмі – дарослымі і дзецьмі – і маю шмат магчымасцей выражэння сваёй жаноцкасці праз будову цёплых і прыгожых сувязей.
    Таксама я ўдзячная Богу, што нанова змагла раскрыць сваю жаноцкасць праз арганізацыю пілігрымкі Гродна – Навагрудак. Госпад так расшырыў маё сэрца, што яно было сканцэнтравана не толькі на сабе і блізкіх мне людзях, але і атуліла клопатам усіх удзельнікаў паломніцтва. Прыемна было пасля чуць ад пілігрымаў, што дзякуючы сёстрам назарэтанкам, увесь шлях ім спадарожнічаў сапраўдны сямейный дух.
    А калі паглядзець на жаноцкасць са звычайнага чалавечага пункту гледжання, то адзначу, што назарэтанскі хабіт вельмі элегантны (усміхаецца – заўв. аўт.).
   
    – Дарэчы, арганізацыя паломніцтва да сясцёр мучаніц нядаўна стала адным з Вашых галоўных абавязкаў. Што новага гэта прыўнесла ў жыццё?
    – Перадусім, гэта новы досвед перажывання Касцёла. Пілігрымка з’яўляецца цудоўным вобразам хрысціянскай супольнасці – вучняў, якія ідуць за сваім Настаўнікам і слухаюць Яго. Лепш за ўсіх дарогу разумее той, хто па ёй крочыць. А хто даходзіць да канца, лепш за ўсіх усведамляе мэту. Мяркую, што на заканчэнне кожнай пілігрымкі, пасля шматлікіх духоўных разважанняў вернікі нанова адкрываюць, што галоўнае зямное дасягненне – заслужыць Нябёсы, сапраўдную Айчыну.
    Таксама паломніцтва нагадвае нам пра першапачатковае разуменне супольнасці вернікаў – у першых стагоддзях хрысціянства сход вызнаўцаў Езуса называлі дарогай. Пілігрымка вяртае да вытокаў, ажыўляючы веру.
   
    – А што наконт яскравых падзей з Вашага жыцця ў манастве?
    – Мне пашчасціла трапіць на беатыфікацыю 11-ці сясцёр мучаніц з Навагрудка, якая адбывалася ў Рыме.
    На ўрачыстасці такога вялікага значэння траплялі выключна манахіні, якія ўжо склалі вечныя абяцанні. Я на той момант была на 3-ім годзе юніярату. Моцна хацела прыняць удзел у падзеі – прасіла Езуса аб гэтым. І калі даведалася, што зрабілі выключэнне, і сёстры юніёркі маюць дазвол на пілігрымку, успрыняла гэта як Божы цуд! Да таго ж, на 2-гі дзень пасля беатыфікацыі мне выпаў гонар прачытаць малітву верных на беларускай мове ў базіліцы св. Пятра.
    Таксама вялікае ўражанне на мяне аказаў выезд у Англію ў межах вывучэння мовы.
    У той час я служыла сакратаркай правінцыяльнай сястры, і, улічваючы, што наш ордэн міжнародны, гэтыя курсы былі мне вельмі неабходныя.
    Англія захапіла не толькі веліччу архітэктуры, але і тым, якое вялікае значэнне надаецца чалавеку. Калі я прыйшла на заняткі, не ведала ані слова па-англійску, у той час як астатнія маглі больш-менш камунікаваць. Аднак за кожны самы дробны поспех мяне абсыпалі кампліментамі: “Wonderful!”, “Beautiful!”. Гэта дадало мне жадання авалодаць мовай як мага хутчэй. У выніку канчатковы экзамен я здала лепш за ўсіх! У дадатку да ўсяго, выезд даў мне магчымасць пазнаць сясцёр з розных куткоў зямлі, якія жывуць у Лондане.
  С. Філатэя з парафіяльнай моладдзю. Супольны выезд на каток 
    – Як асоба, якая знайшла свой шлях і ўжо на працягу 25-ці гадоў радасна трывае на ім, падкажыце, як распазнаваць жыццёвае пакліканне?
    І як у гэтым выпадку садзейнічае Бог?
    – “Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе” (Ер 1, 5). Давяраючы гэтым словам з Пісання, можам зрабіць наступны вывад: Бог глыбока ўпісвае пакліканне ў сэрца чалавека, калі толькі думае пра наша стварэнне. Каб расчытаць гэтае пакліканне, трэба паклапаціцца аб некалькіх рэчах. Па-першае, прыслухоўвацца да сваіх глыбокіх жаданняў, паколькі напісана: “Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання” (Флп 2, 13). Ён дае нам прагненні, якія вядуць да дабра. Па-другое, звяртаць увагу на свае дары – уменні. А таксама знаходзіць час, каб у цішыні сэрца спытаць у Бога: “Да чаго Ты клічаш мяне? Што я павінен рабіць у сваім жыцці?”.
    Тым, хто адчуў пакліканне да манаства, хачу параіць не баяцца зрабіць першы крок. Калі апынаешся ў кляштары, цябе не кідаюць на волю лёсу, але дапамагаюць далей распазнаваць свой шлях адмыслова падрыхтаваныя людзі: фарматары, пастаянныя спаведнікі. Заўважыла, што некаторыя ставяцца да манаскага паклікання з лёгкім недаверам: нібы Госпад штосьці адбірае пры гэтым. Колькі атрымліваеш узамен! І я спадзяюся, што маё святкаванне юбілею сярод шматлікіх гасцей (у верасні мінулага года с. Філатэя адзначыла 25-годдзе манаскага жыцця ў роднай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, сабраўшы святароў, сясцёр назарэтанак, родных, сяброў і парафіян – заўв. аўт.) хаця б крыху засведчыла іншым аб Божай шчодрасці.
    Таксама здараецца, што ў чалавека не атрымліваецца адразу распазнаць пакліканне. І гэта не павінна бянтэжыць. У кожнага свой шлях: хтосьці распазнае яго адразу, для некага ён будзе больш доўгі. Так, у нас ніколі няма часу, але ў Бога ён ёсць заўсёды.
    Разам з тым адзначу, што ў Пана заўсёды ёсць план “Б”. Калі чалавек адчувае, што не знайшоў сваю дарогу, і рэалізоўвае сябе па-іншаму, Нябесны Айцец будзе чыніць усё, каб зрабіць яго шчаслівым у гэтым выбары. Галоўнае – якое б рашэнне не было прынята, трэба памятаць: ты будуеш не на сабе, але на Богу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.