ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Адчыніце дзверы Хрысту

З жыцця Касцёла

Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, новы пастырскі год у нашай краіне прысвечаны св. Яну Паўлу ІІ. Такім чынам будзем ушаноўваць юбілей 100-годдзя нараджэння Вялікага Папы, які прыйшоў у свет 18 мая 1920 года ў польскіх Вадавіцах, а таксама знаёміцца бліжэй з яго вучэннем і багатай духоўнай спадчынай, якую пасля сябе пакінуў.
Папскі год пройдзе пад дэвізам “Адчыніце дзверы Хрысту”. Гэтыя словы св. Ян Павел ІІ прамовіў 22 кастрычніка 1978 года падчас св. Імшы на распачацце сваёй амаль 27-гадовай дзейнасці на Святым Прастоле. Што тычыцца значэння пантыфікату папы Яна Паўла II для нашай краіны, то менавіта ён паспрыяў адраджэнню касцёльных структур у Беларусі. З асобай Святога Айца звязана эпахальная падзея: 25 ліпеня 1989 года папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам для католікаў у Беларусі, а восенню таго ж года ўдзяліў яму біскупскую сакру ў базіліцы св. Пятра ў Рыме (Італія). Таксама Пантыфік прызначыў першага ў гісторыі нашай краіны кардынала Казіміра Свёнтка.
13 красавіка 1991 года Святы Айцец заснаваў Гродзенскую дыяцэзію. У Буле “Qui Operam” папа Ян Павел ІІ адзначыў: “На вечную памяць перадаём гэтую справу, каб у Саюзе Савецкіх Рэспублік быў адноўлены Каталіцкі Касцёл для духоўнай карысці супольнасці католікаў лацінскага абраду, што пражываюць у Гродзенскай акрузе ў Рэспубліцы Беларусь як частцы Федэрацыйнай дзяржавы, і выдаём Апостальскі ліст...”.
   
Святы Айцец Ян Павел ІІ увёў Кодэкс кананічнага права, абвясціў абноўлены Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, правёў 120 замежных падарожжаў, наведаў 129 краін, беатыфікаваў 1343 і кананізаваў 482 асобы, выдаў 14 энцыклік і 15 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый і 45 апостальскіх пасланняў, тысячы папскіх лістоў, апублікаваў 3 кнігі. Па працягласці свайго пантыфікату папа Ян Павел ІІ саступае толькі Апосталу Пятру і папе Пію IX (1846–1878).

    Адначасова з Булай аб заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі 13 красавіка 1991 года Святы Айцец Ян Павел II падпісаў таксама Булу аб абранні і абвяшчэнні “ўлюбёнага сына Аляксандра Кашкевіча з духавенства Віленскай архідыяцэзіі, пробашча парафіі Святога Духа ў Вільні, Біскупам Гродзенскім Лацінскім”. Катэдрай дыяцэзіяльнага біскупа і “маці касцёлаў” дыяцэзіі стаў касцёл св. Францішка Ксаверыя.
    Вялікі Пантыфік вельмі любіў Беларусь і заўсёды памятаў у сваіх малітвах пра наш Касцёл, з цеплынёю вітаў яго іерархаў у Ватыкане падчас розных сустрэч і мерапрыемстваў, а таксама перадаваў сваё пастырскае бласлаўленне вернікам. Так, звяртаючыся да беларускіх біскупаў, якія прыбылі ў Ватыкан з візітам ad limina Apostolorum у 2003 годзе, Святы Айцец сказаў: “Даручаю ўсіх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі. Прашу Яе быць заступніцай для вас, вялебныя і любыя браты, і вашых бліжэйшых памочнікаў – святароў, манахаў і манахінь, семінарыстаў і свецкіх асоб, якія актыўна займаюцца апостальскай дзейнасцю, і ўсёй каталіцкай грамады, што жыве ў Беларусі. Няхай на ўсіх і на кожнага прасцягне Яна разам са святымі Заступнікамі вашай зямлі, сваю матчыну апеку. А я запэўніваю вас у штодзённай малітве і благаслаўляю ўсім сэрцам”.
    У традыцыйных пасланнях “urbi et orbi” на Божае Нараджэнне і Вялікдзень папа Ян Павел ІІ першым з Пантыфікаў прамовіў па-беларуску. На вялікі жаль, не мелі такога шчасця, каб прывітаць яго на сваёй зямлі, але нам усё роўна ёсць за што дзякаваць Богу і праслаўляць Яго веліч праз асобу св. Яна Паўла ІІ. Сёння вялікі Папа дапамагае вернікам на дарозе да дасканаласці і святасці праз сваё заступніцтва і пакінутую спадчыну, вучыць гарэць Божым святлом і любоўю, да якой усе разам і пакліканы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.