ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

У Гродне я пакінуў частку свайго сэрца…

Інтэрв'ю

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч часта наведвае горад над Нёманам. Гэтым разам ён прыбыў у Гродна, каб падзякаваць Богу за 30-годдзе біскупскага служэння. З урачыстай нагоды іерарх цэлебраваў св. Імшы ў касцёлах св. Францішка Ксаверыя і Маці Божай Анёльскай, дзе некаторы час нёс паслугу пробашча. Менавіта на гэтых землях арцыбіскуп распачаў свой шлях па адраджэнні Касцёла ў Беларусі.
– Ваша Эксцэленцыя, горад Гродна, напэўна, быў і застаецца ў Вашым сэрцы. У якія часы і ў якія месцы часцей за ўсё вяртаецеся думкамі?
    – Гродна – горад маёй маладосці. Тут я скончыў школу, паступіў у педагагічны інстытут (сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Янкі Купалы – заўв. рэд.) на фізіка-матэматычны факультэт. Некаторы час працаваў у Абласным праектным інстытуце. Гэта таксама для мяне час трывання ў веры ў эпоху атэізму, калі рэлігію называлі опіумам для народа. З-за наведвання касцёла быў вымушаны пакінуць месца вучобы. Жорсткае збурэнне старэйшага гродзенскага касцёла – Фары Вітаўта – зрабіла вялікі шнар у маім сэрцы, які не загойваецца да сёння.
Гродна – горад, з якога я паехаў у далёкі свет. Спачатку на вучобу ў Ленінградскі палітэхнічны інстытут, потым у Вільнюс на працу ў якасці інжынера. Затым я паступіў у Каўнаскую духоўную семінарыю, служыў святаром у Літве. А ў 1988 годзе вярнуўся ў горад над Нёманам – быў прызначаны пробашчам парафій св. Францішка Ксаверыя і Маці Божай Анёльскай.
    У гэтай якасці мяне застала біскупская намінацыя, якая адбылася 25 ліпеня 1989 года. І хоць я служыў біскупам усім католікам Беларусі, тым не менш, найчасцей прабываў у Гродне, дзе знаходзілася курыя. Адсюль у 1991 годзе выехаў у Расію. Гэта быў складаны і вельмі цікавы час, калі старая сістэма ламалася, а новай яшчэ не было. Стаяла задача – адрадзіць Касцёл! За паўтары гады служэння біскупам у Беларусі ўдалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных святынь, выдаць 50 тысяч асобнікаў Парадку св. Імшы і 90 тысяч кароткага Катэхізіса на беларускай мове, атрымаць дазвол ад улад на служэнне святароў з-за мяжы і заснаванне Гродзенскай духоўнай семінарыі.
    У Гродне я пакінуў частку свайго сэрца…
   
    – Ці хочацца парой прайсці сцежкамі памяці і ўзгадаць мінулае?
    – Яшчэ як хочацца! Думкамі, а калі ёсць магчымасць, то і фізічна вяртаюся ў гэты гістарычны горад. Сюды найчасцей прыязджаю службова. Цэлебрую св. Імшы, прымаю ўдзел у сустрэчах моладзі і парафіядах, у канферэнцыях, а таксама ў семінарыйных урачыстасцях.
    Не забываюся таксама наведаць сваіх сяброў біскупаў і святароў.
    Стараюся пры магчымасці пашпацыраваць па вуліцах старога горада, найчасцей ад катэдры да ўніверсітэта. Часамі іду вуліцай Кірава, дзе раней была школа, у якой я вучыўся. Наведваю месца знішчанай Фары Вітаўта. Накіроўваюся да замка. З высокай гары люблю глядзець на Нёман і францысканскі касцёл, а з іншага боку ракі – на адноўлены шырокі мост, бернардынскі касцёл і катэдру. Калі ёсць час, планую схадзіць у басейн. Як быў маладзейшы, хадзіў на стадыён пабегаць.
   
    – Чаго, на Вашу думку, не хапае ў горадзе над Нёманам?
    – Не хапае такога гістарычнага цэнтра, які фарміраваўся цягам гісторыі. Збурэнне Фары Вітаўта, пабудова абласнога драмтэатра на месцы касцёла і кляштара бернардынак і апошняя рэканструкцыя Савецкай плошчы сталі прычынай таго, што горад страціў свой гістарычны цэнтр. Безадказнае стаўленне тагачасных улад павінна быць перасцярогай для сучасных архітэктараў і рэстаўратараў – гісторыю нельга змяняць! Перадусім, гэта неабходна мець на ўвазе пры аднаўленні старадаўніх аб’ектаў, бо турысты едуць глядзець не на новабудоўлі, а на гістарычныя збудаванні.
    На маю думку, горад Гродна з вялікай колькасцю католікаў і багатымі каталіцкімі традыцыямі даўно заслугоўвае таго, каб у ім быў устаноўлены помнік св. Яну Паўлу ІІ, які адрадзіў структуры Касцёла ў Беларусі. Ён мог бы з’явіцца, напрыклад, на Бернардынскім узгорку…
    А яшчэ я заўважыў, што апошнім часам у горадзе адкрылася шмат рэстаранаў і кафэ. Але, на мой погляд, усё яшчэ замала спартыўных аб’ектаў.
   
    – У сваёй пастырскай дзейнасці Вы робіце стаўку на моладзь – у такім выпадку немалаважна быць з маладымі людзьмі на адной хвалі. Як ловіце гэтую хвалю? Што Вам дапамагае адчуваць сучаснасць такой, якой яна ёсць у дадзены момант?
    – Быць з моладдзю на адной хвалі – азначае ўвайсці ў яе жыццё, выслухаць, зразумець. Неабходна ведаць, чым жыве сучаснае пакаленне і што яго турбуе. Пры гэтым трэба адмовіцца ад манаполіі на праўду! Усе мы памыляемся, не памыляецца толькі Бог. Але ў той самы час пастыр павінен прадстаўляць нязменную Божую праўду, пры чым зразумелай для моладзі мовай, каб не адчужаць яе, але падбадзёрваць.
    У сувязі з гэтым папа Францішак заклікае духавенства суправаджаць моладзь з мэтай дапамагчы ёй у жыццёвых цяжкасцях.
    Асабіста я вельмі люблю сустракацца з маладымі людзьмі, размаўляць з імі і дзяліцца парадамі, як не згубіцца ў вадавароце жыцця. Няпраўда, што моладзь не клапоціцца пра сваё шчасце. Клапоціцца, толькі часта не ведае, дзе яго знайсці. Сучасны свет перапоўнены абяцаннямі дасягнення імгненнага шчасця, нярэдка націскам камп’ютарнай мышкі, што з’яўляецца падманам і ілюзіяй. Часцей за ўсё маецца на ўвазе ўяўнае шчасце, якое лопаецца, як мыльная бурбалка, і малады чалавек застаецца ля разбітага карыта. Насамрэч, каб дасягнуць сапраўднага шчасця, неабходна нямала ахвярных высілкаў. Нездарма людзі гавораць: “Пад ляжачы камень вада не цячэ”.
   
    – Ваш біскупскі дэвіз гучыць як “Quis ut Deus” (“Хто, калі не Бог”). Чым кіраваліся, калі абіралі гэтыя словы лозунгам жыцця?
    – Я быў прызначаны біскупам у часы, калі было бачна, што атэістычная ідэалогія вычарпала сябе. Нягледзячы на тое, што яна прынесла шмат бед, людзі не зламаліся. Нашы дзядулі і бабулі, а таксама бацькі перадавалі веру маладому пакаленню. Таму выбіраючы дэвізам біскупскага служэння словы “Qius ut Dues”, я хацеў ушанаваць старэйшае пакаленне, якое заўсёды на першае месца ставіла Бога; і таксама паказаць, што мая мэта як біскупа – абвяшчаць Бога і несці Яго людзям.
    Не апошнюю ролю сыграў і той факт, што св. арханёл Міхал з’яўляецца апекуном Беларусі. А “Qius ut Dues” на габрэйскай мове азначае “Michael” (“Міхал”).
   
    – Адначасова з тым з Вашых вуснаў можна пачуць выраз “Хто, як не мы; калі, як не сёння”…
    – Гэта заданне, якое стаіць перад намі ў абароне чысціні веры і хрысціянскай традыцыі. Мы маем быць не “папяровымі” вернікамі, але рэальнымі. Для гэтага неабходна прадстаўляць сабой сапраўдных сведкаў хрысціянства. Недапушчальна бяздзейнічаць і абыякава глядзець на працэсы секулярызацыі і маральнага рэлятывізму – лёс хрысціянства ў нашых руках. Хто, як не мы, павінны яго бараніць, і калі, як не сёння, бо заўтра ўжо можа быць запозна.
   
Некалькі правакацыйных пытанняў арцыбіскупу
    Ці даводзілася Вам ісці супраць усіх (але вынік таго каштаваў)?
    Мяркую, што словы “супраць усіх” маюць умоўнае значэнне, бо заўсёды знойдзецца той, хто калі і не падтрымае, то, прынамсі, будзе талераваць.
    Сітуацый кшталту “ісці супраць усіх” было нямала. Калі я абвясціў намер заснаваць семінарыю ў Гродне, улады былі адназначна супраць: “Семінарыя ёсць у Рызе, пасылайце кандыдатаў туды”. Аднак было бачна, што Савецкі Саюз дажывае апошнія дні. Неўзабаве Латвія стане незалежнай краінай, і не будзе ніякай магчымасці для падрыхтоўкі святароў там. Маю задуму лічыла авантурай абсалютная большасць людзей, у тым ліку некаторыя святары. Няма прафесараў, матэрыяльнай базы, досведу, а біскуп надумаўся заснаваць семінарыю? Трэба было ламаць супраціў і ісці наперад. Але, як паказала жыццё, аўчынка вартая вырабу.
    Падобнай была сітуацыя ў Расіі. Практычна не было ніякай магчымасці вярнуць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве, які цяпер з’яўляецца велічнай і прыгожай катэдрай. Неімаверным высілкам, калі ўсе былі супраць, удалося вярнуць гістарычны будынак семінарыі ў Санкт-Пецярбургу.
   
    Пачуццё гумару або дзелавітасць, сур’ёзнасць? Інакш кажучы, ці ёсць у рэлігійным жыцці месца для жартаў?
    Люблю жарты, у іх утоена жыццёвая мудрасць. Ці можна іх выкарыстоўваць для абвяшчэння праўды веры? Людзі далёка не заўсёды памятаюць мудрыя казанні, а вось жарты запамінаюцца надоўга. Калі дзякуючы ім можна падкрэсліць маральны закон і ўмацаваць веру, то, лічу, імі можна карыстацца. Прыкладам могуць служыць шматлікія святыя, і асабліва св. Ян Павел ІІ, а таксама папа Францішак. Дарэчы, у Евангеллі мы бачым, як Езус для абвяшчэння Божага Валадарства выкарыстоўваў прыклады са штодзённага жыцця.
    Калі б была нагода, Вы маглі аб нечым паспрачацца з Папам?
    А чаму б не? У сэнсе канструктыўнага дыялогу! Мне вельмі спадабалася, калі на Сінодзе біскупаў пра сям’ю папа Францішак заклікаў удзельнікаў быць адкрытымі, казаць усё, што думаюць. І так было. Як гаворыцца, у спрэчцы нараджаецца ісціна.
   
    Працягніце сказ: “Калі б мой лёс склаўся па-іншаму, хутчэй за ўсё я…”.
    … магчыма, быў бы паспяховым інжынерам або нават вучоным. Яшчэ перад семінарыяй я разам з групай інжынераў атрымаў патэнт на Высокахутнасны шліфавальны станок асаблівай дакладнасці для Волжскага аўтазовода. Але Бог суправаджае мяне і ў гэтай галіне на касцёльнай ніве, бо дазваляе быць інжынерам у справах адбудовы Касцёла пасля трох пакаленняў ганенняў і аднаўлення яго ў новых абставінах: з аднаго боку, свабоды веравызнання, а з іншага – у абставінах узрастаючай рэлігійнай абыякавасці.
   
    Перад Вамі тры мяхі. У адным – здароўе, у другім – розум, а ў трэцім – час. Які выбераце?
    Час. Але не той, які на грэчаскай мове называецца “хронас” і які адлічвае мінулае, але “кайрос” – час ласкі. Ангеліна Пакачайла

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.