ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Дарога да Хрыста не можа быць лёгкай!

Выплыві на глыбіню

Віталій Гурэц, алюмн ІV курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі св. Вацлава ў ВаўкавыскуЯ лічу, што ўсе цяжкасці і цярпенні семінарыст павінен перажываць з Езусам. З любоўю прымаць свой крыж і адважна крочыць за голасам Збаўцы.
Пра пакліканне
   Асабіста для мяне, пакліканне з’яўляецца бязмежнай любоўю міласэрнага Бога, аказанай мне як маладому хлопцу, які шукаў свой жыццёвы шлях. “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15, 16). Я распазнаваў сваё пакліканне падчас рэкалекцый, што рэгулярна праводзіць Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя, праз размовы са святарамі, манаскімі сёстрамі і свецкімі асобамі, якіх Божы Провід паставіў на дарозе майго жыцця і якія паказалі жывую і глыбокую веру. Я шмат разважаў над гэтым на малітве. Жаданне пераймаць Хрыста разгаралася ўва мне з большай сілай дзякуючы цудоўнаму прыкладу пробашча маёй роднай парафіі кс. прэлата Антонія Філіпчыка.
    Вельмі ўдзячны за аказаную падтрымку на выбраным шляху бацькам, блізкім, парафіі. Няхай Бог усім вам аддзячыць!

    Пра жыццё ў семінарыі
    Я шчаслівы, што ў семінарыі, магу глыбей пазнаць Пана Бога, вучэнне Касцёла, проста ўбіраць у сябе пануючую ў ёй атмасферу. Самае важнае – каб я не змарнаваў гэты час і ўмеў плённа выкарыстоўваць здабытыя веды і досвед. Прабыванне ў семінарыі вучыць мяне таксама знаходзіць кампраміс. Тут сабраліся розныя маладыя людзі, з рознымі звычкамі. Сумесныя заняткі аб’ядноўваюць нас, выхоўваюць цярплівасць, разуменне, згоду.
   
    Пра святарства
    Розныя пакліканневыя акцыі паказваюць, што людзям патрэбны добрыя і святыя святары. Сёння свет мае вострую неабходнасць у Божых і адданых сваёй паслузе душпастырах. Мяне вельмі цешыць усведамленне, што стану тым, хто неабходны Касцёлу, неабходны вернікам.
   
    Пра малітву
    Перад кожным важным дзеяннем у сваім жыцці альбо проста перад выхадам на шпацыр я заходжу ў капліцу і прамаўляю такую малітву: “Бог Айцец, Бог Сын, Бог Святы Дух, запрашаю Цябе, ідзі разам са мной”. Пасля вяртання ці завяршэння пэўнай справы адгаворваю “Хвала Айцу”. Лічу, што жыццё неабходна з даверам ахвяраваць Святой Тройцы. Падчас кожнай ранішняй малітвы я таксама прагаворваю пра сябе: “О Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні маё сэрца да Твайго падобным”. Пакора! Вучуся станавіцца перад сабой у праўдзе, не баяцца глядзець на сябе збоку і заўважаць нейкія недахопы. Заўсёды ёсць над чым папрацаваць.
   
    Думаю, што…
    Сёння маладыя людзі спрабуюць розныя рэчы, эксперыментуюць і лічаць, што адважныя. Аднак яны баяцца рызыкнуць у духоўным жыцці. Таму гэтая адвага толькі ўяўная... Сябра! Калі Табе спадарожнічаюць няўпэўненасць і сумненні, але разам з тым чуеш у сэрцы голас, адчуваеш унутраны кліч, заахвочваю Цябе прыняць адважнае, мужнае рашэнне прыйсці ў семінарыю. Гэта месца, дзе можна ўбачыць шлях, які для нас падрыхтаваў Пан.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.