ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

“Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе?” (Прып 31, 10)

З жыцця Касцёла

Першыя дні лістапада – магчымасць, каб паразважаць над мінучасцю жыцця і непазбежнасцю смерці, а таксама над канчатковым прызначэннем чалавека. Да гэтага разважання заахвочвае нас атмасфера могілак, куды прыходзім, каб запаліць лампады, паставіць кветкі і ўзнесці да Бога свае малітвы ў інтэнцыі памерлых блізкіх.
Сёння на старонках “Слова Жыцця” распавядаем пра незвычайную асобу – светлай памяці Генавефу Казакевіч. Жанчына служыла гаспадыняй у лідскіх святароў, забітых падчас ІІ Сусветнай вайны.

    Прастата і служэнне
    Гаспадыня Генавефа КазакевічГенавефа Казакевіч паходзіла з в. Бельскае, што каля Ліды. Працавала ў плябаніі пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Слабада), дзе служылі кс. пробашч Вінцэнт Лабан і кс. вікарый Люцыян Мрачкоўскі.
    29 чэрвеня 1942 года, ва ўрачыстасць свсв. апосталаў Пятра і Паўла, калі абодва святары адпраўлялі св. Імшу ў касцёле, у дом пастукаліся нямецкія салдаты. Мужчыны паведамілі, што ксяндзоў выклікаюць у камісарыят. Па вяртанні з касцёла святары паслухмяна падпарадкаваліся загаду.
    Гаспадыня не губляла надзеі, што яны хутка вернуцца. На жаль, пра святароў не было ніякіх звестак. Пасля чарговай бяссонай ночы жанчына накіравалася за парадай да пробашча фарнай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе кс. дэкана Іпаліта Баярунца. Яго немцы пакінулі ў спакоі, таму што быў ужо ў пажылым узросце. Душпастыр паведаміў спадарыні Генавефе: ксяндзы былі затрыманы і знаходзяцца ў вязніцы. Параіў, каб у любым выпадку іх не пакідала, а далей служыла з тым самым запалам.
    З гэтага часу жанчына штодзённа хадзіла ў турму са сціплым абедам. Прыносіла таксама чыстую бялізну. Наведвала святароў 2 разы на дзень на працягу 10-ці месяцаў.
   
    Мужнасць і гераізм
    Магіла лідскіх святароў, забітых падчас  ІІ Сусветнай вайныНапярэдадні Вігіліі Божага Нараджэння жанчына, як звычайна, накіравалася ў турму. Узяла з сабой аплатку, белую сурвэтку, ежу на 3 асобы (таксама для кс. Альфонса Бароўскага, пробашча з Лядска, бо да яго ніхто не прыходзіў). Там сустрэла намесніка каменданта турмы, які прыхільна ставіўся да святароў. Неаднойчы прасіў яе, каб прынесла больш ежы – для тых, каго ніхто не наведвае.
    Тым разам адважная жанчына сказала: “Вазьміце ўсё, што я прынесла, і выпусціце двух маіх святароў. Дома ёсць бульба, то прыгатуем і з’ямо. А раніцай яны вернуцца. Калі не верыце, што прыйдуць назад, то я застануся тут, пабуду за іх”. Мужчына паклікаў каменданта. Спадарыня Генавефа ўпала яму ў ногі, паўтараючы сваю просьбу. У выніку на Божае Нараджэнне святары мелі магчымасць спажыць святочную вячэру ў плябаніі, пасля чаго адправілі св. Імшу. А раніцай накіраваліся назад у турму.
    Калі камендант даведаўся, што ксяндзы вярнуліся, вельмі здзівіўся: “Навошта яны прыйшлі? Хіба не для таго я іх выпусціў, каб не прыходзілі ўжо больш?”. Аднак святары не маглі пакінуць пасаджаных у турму вернікаў. Хацелі ім спадарожнічаць, не губляючы надзеі, што ўсе разам шчасліва вернуцца дадому.
   
    Учынак міласэрнасці
    10 сакавіка 1943 года гаспадыні вярнулі назад прынесеную ёю ежу. Падумала, што святароў будуць перавозіць у іншае месца, і вырашыла бегчы на вакзал. Па дарозе сустрэла міліцыянера, ад якога даведалася, што ні ежа, ні бялізна больш не патрэбныя, таму што святароў ужо няма на гэтым свеце…
    У вялікай роспачы, не клапоцячыся пра сябе і не думаючы, што можа з ёю здарыцца, пачала шукаць магілу. Знайшла ўчастак узаранай зямлі ў сасновым лесе за стрэльбішчам пяхотнай казармы. Побач убачыла лужыну запечанай крыві. Зняла з галавы хустку і сабрала зямлю, змешаную з кроўю расстраляных святароў.
    Пазней закапала яе побач са святыняй і адзначыла месца.
    Пачала задумвацца, якім чынам можна годна пахаваць святароў. Шукала людзей, якія маглі б у гэтым дапамагчы. Калі ахвотныя знайшліся, ноччу таемна ўсе разам накіраваліся ў лес, каб выкапаць целы. Іх пахавалі ў Дайнова ў двары спадарства Ухтаў. Грошы на труны, матэрыял, адзенне і іншыя выдаткі перадаў пробашч лідскай фарнай парафіі кс. Баярунец.
   
    Завершаная місія
    Ішлі гады. Генавефа Казакевіч служыла ў іншых святароў, затым працавала ў калгасе. Рэгулярна наведвала месца, дзе былі пахаваны святары, парадкавала магілы.
    Аднойчы жанчына даведалася, што вернікі з Дайнова і Цыбараў скіравалі ў Лідскі райвыканкам просьбу аб дазволе на перазахаванне забітых святароў на могілках. Аднак яны не падпісалі просьбу, а толькі адзначылі, што заахвоціў іх да гэтага пробашч з Белагруды кс. Казімір Шаняўскі. Прадстаўнікі ўлад адправіліся ў вёскі ў пошуках аўтара ліста, аднак не знайшлі яго. Тады спадарыня Генавефа пайшла ў райвыканкам, каб расказаць усю праўду. Патлумачыла, якім чынам арыштавалі і забілі ксяндзоў, як і хто іх хаваў. Старшыня падышоў да справы з вялікім разуменнем і выдаў дазвол на эксгумацыю.
    30 кастрычніка 1960 года парэшткі 9-ці забітых святароў былі перавезены на могілкі парафіі Слабада. У агульнай магіле спачылі целы пробашча парафіі Ліда-Слабада кс. Вінцэнта Лабана (45 гадоў), вікарыя той жа парафіі кс. Люцыяна Мрачкоўскага (34 гады), вікарыя лідскай Фары кс. Стэфана Снягоцкага (29 гадоў), пробашча з Нецечы кс. Аляксандра Аўгустыновіча (53 гады), пробашча з Беліцы кс. Стэфана Дабравольскага (44 гады), пробашча з Лядска кс. Альфонса Бароўскага (51 год), пробашча з Трабаў кс. Францішка Цыбульскага (58 гадоў), пробашча з Ліпнішкаў кс. Юрыя Ажароўскага (31 год), пробашча з Юрацішкаў кс. Вінцэнта Страснеўскага (34 гады).
    Сёння помнік ксяндзам, якія загінулі за тое, што вучылі іншых любіць Бога і бліжняга, прыгадвае нам, сучаснікам, што любоў мацнейшая за нянавісць і зло.
   
    Доказ удзячнасці
    Генавефа Казакевіч памерла на пачатку 2000-ых гадоў. Пры жыцці гаспадыня неаднойчы паўтарала, што хацела б сустрэцца са святарамі, якім так верна і рупліва служыла, у Небе, каб зірнуць у вочы і сказаць “дзякуй” за ўсё дабро, якое ад іх на зямлі дасведчыла. Была пахавана на тых жа могілках, недалёка ад месца, дзе спачываюць яе ўмілаваныя душпастыры.
    Да нядаўняга часу магіла жанчыны нічым не адрознівалася. Там стаяў звычайны металічны крыж. Не было нават таблічкі з надпісам, хто спачывае ў гэтым месцы. Аднак кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, сучасны пробашч парафіі Ліда-Слабада, у якой служыла спадарыня Генавефа, вырашыў паставіць на месцы яе магілы прыгожы помнік, які будзе асвечаны ў першыя дні лістапада. Свой учынак ён тлумачыць тым, што варта захоўваць памяць пра такіх гераічных асоб і расказваць пра іх подзвігі маладым пакаленням. На помніку выгравіраваны словы: “Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе?” (Прып 31, 10). Яны з’яўляюцца нібыта падсумаваннем жыцця адважнай гаспадыні.
    Няхай постаць Генавефы Казакевіч – сціплай, але такой мужнай жанчыны – застанецца ў нашай памяці і ў нашых сэрцах!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.