ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Змагар за праўду і свабоду

Інтэрв'ю

19 кастрычніка прыпадае 35-ая гадавіна мучаніцкай смерці бл. Ежы Папялушкі. Аддаючы жыццё за веру і Айчыну ў часы дыктатуры, ксёндз назаўжды застаўся ў памяці людзей як чалавек нязломных прынцыпаў, гатовы да самапрысвячэння.
Сёння на старонках “Слова Жыцця” пра бл. Ежы Папялушку ўспамінае яго пляменнік Марк Папялушка, які ў 1988 годзе выехаў з Польшчы ў ЗША. Спадар Марк узгадвае пра хвіліны, праведзеныя са сваім дзядзькам, і дзеліцца думкамі наконт ролі слыннага сваяка ў гісторыі народа і Касцёла.
– Ці праўда, што карані сям’і Папялушкаў паходзяць з тэрыторыі сучаснай Беларусі? Што яднае вас з Беларуссю?
    – Я ніколі не чуў, каб наша сям’я з боку дзядулі ці бабулі паходзіла з Беларусі. Ведаю, што Каліноўскія (гэта дзявочае прозвішча маёй прабабулі) прыбылі з Літвы, паколькі за службу ў царскім войску атрымалі маёнтак у Карповічах. Я не ўпэўнены, але праўдападобна, што св. Рафал Каліноўскі таксама паходзіў з гэтай сям’і.
  Кс. Ежы ў коле блізкіх людзей  (трымае маленькага Марка за плечы)  Бацька расказваў, што дзядуля з бабулей часта ездзілі ў Гродна. Да перамяшчэння мяжы пасля ІІ Сусветнай вайны гэта быў самы блізкі вялікі горад, куды накіроўваліся за пакупкамі. Ведаю таксама з аповедаў, што цэгла, якой абмураваны дом у Акопах, дзе нарадзіўся кс. Ежы, была ўзята з развалін нейкага будынка ў Гродне. Дзядуля спецыяльна ездзіў па яе коньмі.
   
    – Вы памятаеце кс. Ежы?
    – Дастаткова добра. Памятаю, як вечарамі падчас канікул у вёсцы (мне было тады нешта каля 7-8 гадоў) дзядзька паказваў мясцовым жыхарам слайды пра місіянераў, якія служаць у Афрыцы. Збіралася вельмі шмат людзей. Усе з зацікаўленасцю слухалі яго аповеды.
    Меў таксама за шчасце амаль 2 апошніх тыдні лета 1984 года правесці разам з ім у Варшаве. Мы гулялі па горадзе, елі марожанае ў гістарычным цэнтры, шпацыравалі з сабакам Тайнякам. Гэта былі выключныя канікулы! Аднак, на жаль, тады я бачыў дзядзьку ў апошні раз…
   
    – Кс. Ежы часта бываў у родных мясцінах?
    – У пару “Салідарнасці” прыязджаў ненадоўга. Не меў тады шмат вольнага часу, паколькі актыўна ўдзельнічаў у грамадскіх справах.
   
    – У сям’і ведалі пра тое, што кс. Ежы моцна перажываў за лёс людзей і Бацькаўшчыны?
    – Я некалькі разоў быў з бацькамі на св. Імшы за Айчыну, якую дзядзька адпраўляў у жалібожскім касцёле ў Варшаве. Аднак часцей за ўсё падчас Эўхарыстыі мы знаходзіліся ў яго пакоі – для нашай жа бяспекі, паколькі існавала рызыка правакацыі.
    На шчасце, усё заўсёды абыходзілася спакойна.
   
“Мы павінны гаварыць праўду, калі іншыя маўчаць. Выражаць любоў і пашану, калі іншыя сеюць нянавісць. Маўчаць, калі іншыя гавораць. Маліцца, калі іншыя праклінаюць. Дапамагаць, калі іншыя не хочуць гэтага рабіць. Прабачаць, калі іншыя не здольны. Цешыцца жыццём, калі іншыя яго ігнаруюць”.
    Кс. Ежы Папялушка

    – У казаннях на св. Імшах за Айчыну кс. Ежы адкрыта змагаўся за правы і свабоды чалавека. Некаторыя лічаць гэта гераічным учынкам. Але ці не была гэта барацьба за тое, што з’яўляецца натуральным?
    – Кс. Ежы гучна казаў аб тым, аб чым большасць людзей у тыя часы баялася нават ціха думаць. Казаў аб праўдзе, любові і зняволенні камунай.
   
    – Ці разумеў ён, што адкрыта выступае супраць кіруючай камуністычнай партыі?
  Кс. Ежы ў родных мясцінах,  у Акопах  – Кс. Ежы ніколі не асуджаў людзей. Заўсёды, калі яго пыталіся, гаварыў, што змагаецца “са злом, а не з ахвярамі зла”. Галоўным яго дэвізам быў заклік св. апостала Паўла: “Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым 12, 21). Адзінай зброяй была праўда і любоў. За гэта камуністы яго і зненавідзелі.
   
    – Ксёндз дапускаў думку, што за абвяшчэнне праўды можа загінуць?
    – Напэўна, так. Узгадваў аб гэтым у адным з інтэрв’ю для заходняга тэлебачання. Аднак ні на хвіліну не збаяўся. Ведаў, што ён на баку праўды і мае падтрымку тысяч людзей.
   
    – Грамадства перажыло шок, калі даведалася пра забойства кс. Папялушкі. Верагодна, ён прадстаўляў велізарную сілу і моц, паколькі было вырашана пазбавіцца ад яго такім жорсткім спосабам…
    – На пахаванне дзядзькі прыбыло больш за паўмільёна асоб. Гэта была вялізная мірная дэманстрацыя. Хацелася б адзначыць, што тады не было інтэрнэту, каб паведаміць пра месца і час пахавання. Мала хто меў дома нават тэлефон! Камуністы дэзінфармавалі людзей, падаючы розныя месцы пахавання. Але многія ўсё ж змаглі арганізавацца і за 3 дні прыехаць нават з самых аддаленых куткоў Польшчы.
   
    – У СМІ з’явілася інфармацыя, што вінаватыя ў яго смерці, якія трапілі пад амністыю яшчэ ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя, зноў стануць перад трыбуналам. Як Вы думаеце, ці ўсведамляюць злачынцы, удзельнікамі якой драмы яны сталі?
    – Ведаю, што ІНП (Інстытут нацыянальнай памяці – заўв. рэд.) распачаў следства аб фальшывым паклёпе і падкідванні абцяжваючых матэрыялаў у кватэру кс. Папялушкі па вул. Халоднай у Варшаве. Пасля гэтага выпадка ён быў арыштаваны і абвінавачаны ў дзейнасці супраць Польскай аб’яднанай рабочай партыі.
    Безумоўна, забойцы бачаць, што іх план пацярпеў крах. Кс. Папялушка, якога павінны былі забыць хутка пасля смерці, прадаўжае жыць у памяці вернікаў. Пра гэта сведчаць дзесяткі вуліц і школ у краіне і за мяжой, названых яго імем. У многіх месцах адкрыты помнікі ці памятныя дошкі ў яго гонар. Рэліквіі святара можна знайсці ў святынях нават у самых аддаленых кутках свету. Ведаю, што яны знаходзяцца і ў некаторых парафіях Беларусі. Многія малітоўныя групы абіраюць кс. Ежы сваім заступнікам. Між іншым, ён таксама з’яўляецца апекуном супольнасці некалькіх дзесяткаў міністрантаў з Філіпінаў.
   
    – Якой асобай кс. Ежы застаўся ў памяці людзей?
    – Большасць з тых, хто ведаў ксяндза асабіста, памятае яго з усмешкай на твары, радаснага, нягледзячы на мноства абавязкаў, стомленасць і хваробы.
    На працягу 3-ох гадоў у Акопах, роднай мясцовасці кс. Ежы, і Сухаволі ладзіцца гадавіна дня нараджэння святара. Яна заўсёды адзначаецца ў 2-ую суботу верасня.
    На сустрэчы збіраюцца асобы, якія асабіста былі знаёмы з кс. Ежы, каб расказаць пра яго іншым.
   
    – Як Вы лічыце, у якой ступені кс. Ежы паўплываў на пазнейшыя падзеі ў краіне? І ці паўплываў?
    – Яго смерць была пачаткам упадку камунізму ў Польшчы і ў свеце. Людзі перасталі баяцца кіруючую ўладу, бо ўсвядомілі, што калі штосьці такое ўчынілі з любімым вернікамі святаром, падобнае можа адбыцца з кожным. Пачаліся новыя забастоўкі.
   Пахавальная працэсія ў лістападзе 1984 года Камуністы ведалі, што дні іх кіравання палічаны, таму прапанавалі перамовы за круглым сталом у Магдаленцы. Гэта быў іх апошні “выратавальны круг”, таму выкарысталі яго. Кс. Ежы ў сваіх казаннях гаварыў пра дыялог і размовы, але не думаю, што на такіх умовах.
   
    – У падзямеллі касцёла ў Жалібожы ў Варшаве 15 гадоў таму быў адкрыты музей кс. Ежы Папялушкі. Сям’я перадала якія-небудзь рэчы для экспазіцыі?
    – Я быў на адкрыцці музея. Наша сям’я перадала шмат памятак, між іншым, калыску, сплеценую з лазы дзядулем, дзверы і акно з роднага дома ксяндза ў Акопах.
   
    – Ці засталіся ў сям’і рэчы, якія належалі славутаму сваяку і якія клапатліва захоўваюцца як памяць?
    – У нас засталося дастаткова шмат рэчаў, якія ў будучым з ахвотай перададзім музею ў Акопах. На дадзены момант мы прыкладваем шмат намаганняў, каб ён мог узнікнуць, бо ўпэўнены, што, каб бліжэй пазнаёміцца з асобай бласлаўлёнага, трэба пазнаёміцца з асяроддзем, у якім ён рос, сталеў і распазнаваў сваё пакліканне.
    Гэтай справай зараз актыўна займаецца фонд імя кс. Ежы Папялушкі “Дабро”. Маем надзею, што цэнтр памяці паўстане ўжо ў хуткім часе.
   
Кс. Ежы Папялушка нарадзіўся 1 верасня 1947 года ў в. Акопы каля Сухаволі (Польшча). У 1972 годзе атрымаў прэзбітэрскія пасвячэнні. Падчас забастовак у 1980 годзе займаўся душпастырскай апекай у асяроддзі працаўнікоў Варшавы. Лічыўся адным з духоўных пастыраў прафсаюза “Салідарнасць”, які знаходзіўся ў апазіцыі камуністычнаму рэжыму. З лютага 1982 года цэлебраваў св. Імшы за Айчыну, на якіх збіраліся вернікі з розных куткоў Польшчы. 19 кастрычніка 1984 года выкрадзены функцыянерамі службы бяспекі, жорстка закатаваны і ўтоплены ў р. Вісла. У 2010 годзе далучаны Касцёлам да ліку бласлаўлёных.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.