ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Вера і добрае тлумачэнне чыняць цуды

Інтэрв'ю

Больш за 20 гадоў у Гродне працуе Каталіцкая кансультацыя. Яе дзейнасць скіравана на аказанне дапамогі людзям, якія перажываюць цяжкасці ў асабістым, сужэнскім і сямейным жыцці. Спецыялісты аказваюць падтрымку, між іншым, у наладжванні альбо паглыбленні зносін паміж мужам і жонкай, у вырашэнні складаных спраў, звязаных з выхаваннем дзяцей і моладзі. Якім чынам кансультанты прычыняюцца да вырашэння жыццёвых праблем? Чаму ў многіх сітуацыях кансультацыя становіцца месцам атрымання першай парады? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. Павел Салабуда, які духоўна апекуецца кансультацыяй.
– Кс. Павел, чым адметная Каталіцкая кансультацыя? Якія галоўныя мэты і задачы гэтай установы?
    – Найважнейшае тут менавіта гэтае “каталіцкая”. Чаму? Таму што яна вельмі адрозніваецца ад кансультацыі, якая не мае ў сабе такога слова. Прывяду вельмі просты прыклад з уласнага вопыту. Да мяне прыходзіць сужэнства з праблемамі. Муж з жонкай маюць за плячамі 20 гадоў супольнага жыцця, трое дзяцей. Псіхолаг у дзяржаўнай кансультацыі рэкамендаваў ім разысціся або знайсці сабе каханкаў. Гэта веруючыя людзі, таму яны былі ў шоку, калі пачулі такое. У каталіцкай кансультацыі ніколі не дадуць падобнай парады! На нашай пляцоўцы працуюць людзі, якія клапоцяцца аб духоўным жыцці. Таму бачым, што падыход да аказваемай дапамогі знаходзіцца на зусім іншым узроўні. Наша мэта – дапамагчы чалавеку парадай, якая абапіраецца на рэлігійных каштоўнасцях, а таксама прафесійнай тэрапіяй.

    – Аб кансультацыі мы прызвычаіліся думаць як аб установе, якая служыць сужэнцам ці нарачоным. Ці можа атрымаць дапамогу асоба, якая не заснавала сям’ю ці яшчэ дастаткова маладая і мае праблему, з якой не можа справіцца самастойна?
    – Кансультацыя ў Гродне дзейнічае з 1997 года і да гэтага часу з’яўляецца адной з найлепшых устаноў у сваёй галіне ў Касцёле ў Беларусі. З гэтага года хочам пашырыць сферу яе дзейнасці, таму мы адкрытыя на ўсіх, незалежна ад узросту і веравызнання. У будучым плануем праводзіць тэрапію ў розных напрамках, напрыклад, з залежнымі асобамі.
   
    – На працу ў кансультацыю звычайна прымаюць людзей, якія маюць выразныя маральныя якасці, адпаведныя веды і жыццёвы досвед. Якімі рысамі валодаюць спецыялісты, што служаць у кансультацыі ў Гродне?
    – У нас працуюць кампетэнтныя, рэлігіёзныя спецыялісты, якія адрозніваюцца псіхалагічным пачуццём. Яны гатовы ахвяравацца для кожнага, каму неабходна падтрымка і парада. Захопленыя, імкнуцца выконваць свае задачы як мага лепш. У залежнасці ад роду праблемы, вылучаем некалькі асаблівых напрамкаў: псіхалагічная і псіхіятрычная дапамога, дапамога пры залежнасцях і юрыдычная дапамога. Асабіста для мяне ў кансультацыі заўсёды апраўдваецца формула: “вера + добрая парада = цуд”.
   
    – Раскажыце, калі ласка, пра тэрапію ў кансультацыі. Як адбываецца сустрэча? Ад чаго залежыць яе поспех?
    – Кансультаванне з’яўляецца мастацтвам дапамогі іншым без прычынення ім болю, каб маглі распазнаць і вырашыць складаныя праблемы свайго жыцця. Аднак поспех залежыць ад абодвух бакоў: ад спецыяліста і ад пацыента.
    Памятаю, як я, вярнуўшыся з вучобы ў Любліне, распачаў працу ў кансультацыі. Тады было вельмі шмат пацыентаў. Большасць з іх, відаць, думала так: “Раз гэта ксёндз, а ў дадатку яшчэ і псіхолаг, напэўна, ён за адзін прыём нам дапаможа”. Звычайна яны прыходзілі пасля візітаў у іншых прафесіяналаў, пасля медыкаментознага лячэння, спадзяваючыся на мяне, як на “збаўцу”. Многія верылі ў цуд без уласнага ўдзелу, без супрацоўніцтва са спецыялістам, не разумеючы, што калі чалавек не адкрыты на прыняцце дапамогі, змены ў лепшы бок не адбудуцца.
   
    – З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца ў кансультацыю?
    – Маім першым пацыентам у кансультацыі быў чалавек з дыягназам параноя… Такім чынам, за дапамогай звяртаюцца тыя, хто сапраўды яе патрабуе. Многія маюць цяжкасці ў сям’і, узалежнены ад алкаголю. Усё часцей прыходзяць з праблемамі ў выхаванні дзяцей. Тут важныя 2 аспекты: прыйсці да нас своечасова і зламаць стэрэатып, які пануе ў Беларусі, што нібыта да псіхолагаў ходзяць толькі псіхічна хворыя людзі. Кожнаму варта клапаціцца аб сваім псіхічным здароўі так, як і аб фізічным стане.
   
    – З якімі цяжкасцямі Вы сустракаліся на працягу паслугі ў кансультацыі?
    – Адной з самых частых праблем з’яўляецца тое, што пацыенты прыходзяць да нас запозна, паколькі спрабуюць усё, пачынаючы ад “бабкі”, якая варожыць ім на картах, заканчваючы псіхіятрычнай клінікай, дзе атрымліваюць такую сур’ёзную дозу лекаў, што перастаюць быць падобнымі самі на сябе.
   
    – Ці людзі, якія падтрымліваюць кантакт з кансультацыяй, даюць сведчанне аб зменах, што адбыліся ў іх жыцці?
    – Памятаю, быў пэўны час, калі даволі шмат пацыентаў не прыходзілі ўжо на другую сустрэчу. Я не мог зразумець, чаму.
    Думаў, што, можа быць, я слабы спецыяліст… А пазней зразумеў, што нават тыя простыя рэчы, якія я тлумачыў на першай сустрэчы, былі для некаторых занадта складанымі або пацыенты проста не хацелі нічога змяняць, таму саромеліся прыходзіць у другі раз. Аднак ведаю таксама дастатковую колькасць людзей, якім мы дапамагалі, і яны цяпер рэкамендуюць нас сваім знаёмым і сябрам.
   
    – Дзе можна знайсці падрабязную інфармацыю пра дзяжурствы кансультантаў?
    – Дзяжурствы цяпер будуць адбывацца пры пабрыгіцкім касцёле ў Інфармацыйна-турыстычным цэнтры нашай дыяцэзіі па адрасе: вул. К. Маркса, 27. Дамовіцца аб сустрэчы з кансультантам можна па нумары тэлефона:
    (8 029) 230-50-80.
    Падрабязная інфармацыя будзе размешчана на нашай інтэрнэт-старонцы, а таксама на старонцы ў Facebook. Хацелася б таксама дадаць, што ў кожны апошні чацвер месяца ў 20.00 мы праводзім перадшлюбныя сустрэчы для ўсіх нарачоных. У будучым плануем арганізаваць разнастайныя курсы і адукацыйныя сустрэчы. Запрашаю ўсіх жадаючых да супрацоўніцтва!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.