ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сям’я як школа святасці

На шляху да святасці

Першая школа святасці – гэта хрысціянская сям’я. Яна з’яўляецца найважнейшым месцам фарміравання характару і свядомасці кожнага чалавека. Яна першая вучыць правільным адносінам да веры: вузы адзінства і любові, якія злучаюць членаў сям’і, натхняюць да шукання Бога і адкрыцця на Яго.
    Шмат дачок і сыноў былі абвешчаны святымі менавіта дзякуючы захаванню каштоўнасцей, перададзеных вернымі Стварыцелю бацькамі.
    Узносячы іх да хвалы алтара, Касцёл паказвае вызнаўцам Хрыста прыклад для пераймання, а таксама прыгадвае, што праз заступніцтва святых і бласлаўлёных можна атрымаць дапамогу і ласку ад Усемагутнага. Няхай 10 прыведзеных гісторый стануць чарговым доказам таго, што сям’я – гэта першая школа святасці.
Свсв. Яўхім і Ганна
   – бацькі Найсвяцейшай Панны Марыі

    Хрысціянская традыцыя апісвае бацькоў Марыі як тактоўнае, спакойнае сужэнства. Яўхім і Ганна былі богабаязнымі, падтрымлівалі блізкія адносіны з Усемагутным. Свой здабытак дзялілі на 3 часткі: адну прызначалі на ўтрыманне святыні, другую ахвяроўвалі патрабуючым, а трэцюю пакідалі сабе.
    Выхоўвалі Марыю ў ласцы, якой Бог адарыў Яе. Паколькі бабуля і дзядуля Хрыста ўдзельнічалі ў таямніцы Уцелаўлення, сёння ўсе бабулі і дзядулі даручаюцца іх апецы.

    Св. Альжбета
   – маці св. Яна Хрысціцеля

    Альжбета і яе муж Захарыя “былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце” (Лк 1, 6). У тагачасным грамадстве адсутнасць патомства ўспрымалася як пакаранне ад Бога за ўчыненыя грахі. Гэта таксама магло служыць прычынай для разводу. Аднак Захарыя не аддаліў сваю жонку. І Стварыцель выслухаў іх малітвы, даючы сына – Яна Хрысціцеля. “Ён будзе вялікі ў вачах Пана, і напоўніцца Святым Духам яшчэ ва ўлонні маці сваёй” (параўн. Лк 1, 15).
   
    Св. Алена
   – маці св. Канстанціна І Вялікага

    Алена стала хрысціянкай, хутчэй за ўсё, разам з сынам Канстанцінам ці трохі раней. Заняўшы трон у Рыме, ён перавёз маці ў Вечны горад, дзе яна аддана дзейнічала на карысць убогіх і хворых. Часта наведвала шматлікія святыні. Менавіта дзякуючы ёй была знойдзена большасць рэліквій, звязаных з жыццём Езуса, між іншым, дрэва Крыжа, а таксама адноўлены святыя месцы ў Іерусаліме. Імператар узяў хрысціян пад сваю апеку, дзякуючы чаму яму ўдалося ўмацаваць супольнасць вернікаў.
    Асаблівай пашанай св. Канстанціна і яго маці ахінаюць усходнія Касцёлы.
   
Святасць – гэта штосьці абсалютна звычайнае, таму што заключаецца ў любові да Бога і людзей. “Усе ў Касцёле, незалежна ад таго, належаць яны да іерархіі ці з’яўляюцца аб’ектам пастырскай функцыі, пакліканы да святасці” (Lumen Gentium, 40).

    Св. Канстанцін І Вялікі
   – бацька св. Канстанцыі

    Канстанцыя была дачкой Канстанціна І з “другога ложа”. Калі дзяўчына сур’ёзна захварэла, адправілася на магілу св. Агнешкі, каб памаліцца. Змораная сном, яна пачула голас: “Вер у Езуса Хрыста – і будзеш аздароўлена”. Пасля таго, як Канстанцыя прачнулася, адчула, што поўнасцю здаровая, і навярнулася ў хрысціянства.
   
    Св. Моніка
   – маці св. Аўгусціна

    Моніка навярнула свайго мужа Патрыцыя, які быў язычнікам, мяккасцю і спакоем. Калі Аўгусцін, старэйшы сын, адрокся ад веры і ўцёк у Італію, вырушыла ўслед, старанна молячыся аб яго навяртанні. Бог пачуў просьбу жанчыны: пад уплывам казанняў св. Амброзія, біскупа Мілана, Аўгусцін знайшоў веру. З таго часу Моніка была для сына дапамогай, а пасля стала таксама вучаніцай будучага айца Касцёла.
   
    Св. Цэліна
   – маці св. Рэмігія

    Пустэльнік з лесу прадказаў Цэліне, растлумачваючы яе сон, што народзіць хлопца, які адыграе важную ролю для свету: “Пан аглядвае зямлю з вышыні неба, каб усе народы абвяшчалі Яго магутнасць і каб каралі мелі гонар служыць Яму. Цэліна стане маці сына, якога назаве Рэмігій, а Я даручу яму місію вызвалення Майго народу”. Хутка ў жанчыны нарадзіўся сын, Рэмігій. Стаўшы арцыбіскупам Рэймса ён ахрысціў караля Хлодвіга разам з 3-ма тысячамі жаўнераў.
   
    Св. Сільвія
   – маці св. Рыгора Вялікага

    Сільвія вядома набожнасцю і тым, што дала сваім дзецям цудоўную рэлігійную адукацыю. Яе сын Рыгор у 590 годзе быў выбраны Папам. Разам са св. Аўгусцінам, св. Амброзіем і св. Геранімам ён з’яўляецца айцом заходняга Касцёла.
   
Сям’я, якая ўдзельнічае ў запавеце любові паміж Езусам і Касцёлам, атрымала ад Пана місію стаць святой супольнасцю. Выконвае яе, калі праз узаемную любоў сваіх членаў становіцца нібы хатнім санктуарыем Касцёла, калі ўся сям’я ўключаецца ў літургічны культ, даючы сведчанне аб міласэрнасці і справядлівасці.

    Св. Альжбета Венгерская
   – маці бл. Гертруды з Альтэнберга

    Альжбета была дачкой Андрэя II, караля Венгрыі, вядомага сваёй набожнасцю і пачуццём справядлівасці. Пакінула заможнае жыццё, каб стаць францішканскай тэрцыяркай. Прысвяціла сябе працы на карысць убогіх.
    Мела траіх дзяцей. Малодшая дачка – Гертруда – згодна з абяцаннем, складзеным маці яшчэ падчас цяжарнасці, была накіравана ў манастыр у Альтэнбергу. Ва ўзросце 9-ці гадоў дзяўчынка стала сведкам кананізацыйнага працэсу сваёй маці. Падобна як яна, прысвяціла жыццё служэнню патрабуючым, разам з тым спрыяючы будаванню шпіталя і хоспіса. Так жа, як маці, Гертруда мела дар мірыць людзей.
   
    Св. Брыгіта Шведская
   – маці св. Кацярыны Шведскай

    Брыгіта выхоўвала 8 дзяцей. Чытала ім Біблію і жыццярысы святых. Пабудавала дом, прызначаны для патрэб убогіх і хворых. Разам з дачкой Кацярынай яны наведвалі шматлікія касцёлы і магілы мучанікаў, неаднойчы пілігрымавалі ў Святую Зямлю. Вялі ўбогае, поўнае ўтаймаванняў жыццё.
    Кацярына лічыцца ў Касцёле святой, хоць не была афіцыйна кананізавана, таму што яе кананізацыйны працэс не закончаны ў сувязі з рэфармацыяй.
   
    Свсв. Людвік і Зэлія Марцін
   – бацькі св. Тэрэзы з Лізье

    Людвік і Зэлія Марцін былі адданымі католікамі. Кожную раніцу яны ўдзельнічалі ў св. Імшы, посцілі, маліліся, урачыста адзначалі нядзелі, наведвалі пажылых, патрабуючых, хворых, паміраючых асоб. Упершыню ў гісторыі Касцёла сужэнцаў кананізавалі як адно цэлае. Такім чынам была падкрэслена святасць сям’і.
    Тэрэза, іх малодшая дачка, па прыкладзе 2-юх старэйшых сясцёр уступіла ў кармэліцкі кляштар у Лізье. Неаднойчы ўзгадвала сямейнае жыццё. Казала: “Добры Бог даў мне бацьку і маці, якія больш годныя неба, чым зямлі”.
    Па прыкладзе сваіх бацькоў імкнулася да святасці не праз здзяйсненне вялікіх спраў, а праз звычайную штодзённасць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.