ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Адпачыўшы ў Богу

З жыцця Касцёла

За плячамі засталося лета. Гэтую пару яшчэ часта называюць “маленькім жыццём”, бо яна поўніцца рознымі актыўнасцямі, здарэннямі, знаёмствамі. Сярод такой насычанасці часам можна загубіцца або неспадзявана зразумець, што так і не ўдалося адпачыць па-сапраўднаму: галава поўная цяжкіх думак, а на сэрцы няма лёгкасці. Мы як хрысціяне павінны памятаць, што заўсёды маем магчымасць набрацца сіл у Бога. Касцёл у сваю чаргу прапануе шматлікія варыянты таго, як можна правесці свой вольны час улетку. Чым не прывабны каталог ад Нябеснай канцылярыі?
У сённяшнім нумары газеты “Слова Жыцця” пра свой удалы адпачынак распавядаюць тыя, хто скарыстаў прапановы парафій.

    Юрый Пержынскі
    16 гадоў, парафія Святога Духа ў Гродне
    Падчас летніх канікул мне пашчасціла паўдзельнічаць у “Младзіфэсце” – хрысціянскім фестывалі, які праходзіць у Меджугор’і, мясцовасці паміж гарамі ў Босніі і Герцагавіне. Гэта месца аб’яўленняў Марыі, якое штогод збірае мільёны паломнікаў. Аб фэсце даведаўся ад мамы і сястры, якія пабывалі там у мінулым годзе. Па прыездзе іх было не пазнаць: змяніліся, нібы прасвятлелі. Таму сёлета вырашыў паехаць і я.
    Спадабалася, што ніхто не прымушаў следаваць пунктам падрыхтаванай праграмы. Арганізатары проста прапанавалі пэўны план і рэкамендавалі прыслухацца да парад, каб больш плённа правесці адведзены час. Раніцай я супольна з усімі маліўся Ружанец, а ўвечары слухаў канферэнцыі і ўдзельнічаў у св. Імшы. Днём меў вольны час, які бавіў, як хацеў. Хоць я не вельмі таварыскі, атмасфера схіляла да камунікацыі – і цяпер сярод маіх знаёмых шмат іншаземцаў! Таксама пачуў мноства сведчанняў, некаторыя з якіх кранулі мяне да слёз.
    Аднак больш за ўсё грэюць душу ўласныя перажыванні. Калі я ўпершыню падняўся на гару аб’яўленняў і падышоў да фігуры Маці Божай, каб памаліцца за сваю сям’ю, асабліва за брата, каб той паступіў у Акадэмію МУС, да мяне наблізілася незнаёмая жанчына і запэўніла: “Радуйся! Твае прашэнні пачутыя”. Вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што брата прынялі ў акадэмію. І гэта нягледзячы на тое, што раней яго паставілі перад фактам: набраў надта мала балаў, трапіў толькі ў рэзервовую групу, шанс на паступленне нікчэмны.
    “Младзіфэст” дапамог мне зразумець, што Марыя адкрыта на кожнага чалавека. Паездка ў Меджугор’е стала для мяне таксама адлюстраваннем сапраўднага адпачынку з Богам – узрастання ў веры і сузірання, захаплення прыгажосцю, якую стварыў Нябесны Айцец.
   
    Вольга Васько
    17 гадоў, парафія свсв. Пятра і Паўла ў Ражанцы
    Штогод колькасць ахвотных прыняць удзел у “Канікулах з Богам” у Шчучыне павялічваецца. Сёлета мы прымалі ажно 650 хлопцаў і дзяўчат з мясцовай парафіі і некаторых іншых беларускіх мястэчак! Я была валанцёрам, але пры гэтым магу адзначыць, што памагатыя – такія ж удзельнікі. Валанцёры адказныя за арганізацыю вольнага часу, але разам з маленькімі вернікамі моляцца і весяляцца.
    Кожны дзень мы распачыналі з размовы з Богам, а пасля разважалі над галоўнай тэмай летніка – 8-мю бласлаўленнямі Езуса Хрыста. Набліжалі дзецям вучэнне Збаўцы ў форме тэатральных пастановак, песень і танцаў, каб ім было лягчэй засвойваць важныя веды. Пасля пазнавальнай часткі наступаў час гульняў. Штодзень іншая забава: батуты, спартакіяда, квэст... На заканчэнне дня ўсе збіраліся ў кола: маліліся за суседа справа і злева, ва ўсіх патрэбных інтэнцыях. Пасля разыходзіліся, атрымліваючы на развітанне салодкі пачастунак.
    Назіраючы за хлопцамі і дзяўчатамі, магу з упэўненасцю сказаць, што “Канікулы з Богам” – сапраўднае свята. Дзеці і моладзь з непадробленай цікавасцю імкнуцца пазнаваць Нябеснага Айца і цешацца актыўным адпачынкам. Для мяне гэты летнік – магчымаць абстрагавацца ад штодзённых спраў, правесці час з задавальненнем і карысцю. Гэта пара, каб узгадаць пра галоўныя рэчы ў жыцці і з радасцю праслаўляць Бога.
   
    Віялета Геда
    17 гадоў, парафія Унебаўзяцця НПМ і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне
    Ад сясцёр серафітак з Сапоцкіна я даведалася аб магчымасці паўдзельнічаць у рэкалекцыях “Поўная ласкі”, прысвечаных Марыі, якія праходзілі ў Польшчы. Нас было 14 удзельніц. Духоўны складнік рэкалекцый быў вельмі моцны. Кожную раніцу мы разам з дзяўчатамі і сёстрамі пачыналі з прыгожай малітвы на Брэвіярыі. Штодня слухалі канферэнцыі і разважалі на тэмы паклікання, жыцця і рысаў характару Марыі. Збіраліся на св. Імшы, адарацыі, стараліся зразумець пачуцці Маці Божай падчас удзелу ў набажэнстве Крыжовага шляху. Інтэнсіўную набожную праграму манахіні разбаўлялі цікавымі гульнямі і вандроўкамі, якія ўражвалі маляўнічасцю краявідаў.
    Навошта мне патрэбны духоўныя практыкі? Раблю з іх жыццёва важныя высновы. Мінулым разам падчас летніх рэкалекцый я навучылася не баяцца быць самой сабой, неглядзечы на тое, хто і што атачае мяне. Сёлета пасля вяртання дадому абрала сабе дэвіз: “Жыву тут і цяпер”. Гэта вельмі актуальна, бо надта хвалююся пра сваю будучыню. Зараз разумею: трэба цалкам даверыцца Богу, і Ён пакіруе.
    Лета – вельмі гарачая, насычаная пара, і часам адчуваеш патрэбу проста пабыць у цішыні. Рэкалекцыі з’яўляюцца цудоўнай магчымасцю сустрэцца ў душы з Богам, пашукаць адказы на турбуючыя пытанні, падрыхтавацца і назапасіць сілы на новы навучальны ці працоўны сезон.
   
    Станіслаў Гаспарэвіч
    50 гадоў, парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне
    Напрыканцы лета ў Навагрудку праходзілі двухдзённыя рэкалекцыі для мужчын. Мне важна было апынуцца ў мужчынскай кампаніі сярод аднадумцаў, каб мець магчымасць абмяняцца досведам веры. Падчас рэкалекцый я разам з іншымі прымаў удзел у св. Імшы, слухаў канферэнцыі, хадзіў на экскурсіі. Мы разважалі наконт будаўніцтва хатняга Касцёла, разбіралі прыклады, як праяўляць сябе хрысціянамі ў сваім асяроддзі. Зразумела, шмат чаго запазычылі не толькі адзін ад аднаго, але і ад святара. Ксёндз наблізіў нам таямніцу Эўхарыстыі, і мы зразумелі, што яна з’яўляецца бяскоцай крыніцай для пазнання. Езус, уцелаўлёны ў хлебе, – гэта ахова ад зла, скарбніца моцы для саўладання са штодзённымі клопатамі. На нейкі час мы мелі магчымасць аддаць Богу ўсе свае хатнія і працоўныя клопаты з упэўненасцю, што ўсё будзе добра. І гэтага часу нам спаўна хапіла, каб паўнавартасна адпачыць душой і целам ды атрымаць зарад энергіі на больш працяглы перыяд.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.