ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Духоўны цэнтр культу Маці Божай Шкаплернай

Інтэрв'ю

Штогод у Гудагаі збіраюцца сотні шанавальнікаў Маці Божай у таямніцы святога шкаплера. Вернікі з даверам у сэрцы і малітвай на вуснах углядаюцца ў слаўны ласкамі абраз, імкнучыся да з’яднання з Богам праз заступніцтва Марыі.
    Сёлетні фэст асабліва ўрачысты, таму што ў парафіі адзначаецца 255-годдзе кансэкрацыі святыні, 10-ая гадавіна асвячэння гудагайскай Кальварыі, а таксама 5-ая гадавіна ўстанаўлення тут санктуарыя.
Пра шкаплерную набожнасць і развіццё культу Маці Божай у гудагайскім абразе расказвае а. Аркадзь Куляха OCD, былы правінцыяльны дэлегат айцоў кармэлітаў босых у Беларусі.
Сёння ў гудагайскай парафіі служаць айцы кармэліты. А. Аркадзь, раскажыце, калі ласка, аб галоўных элементах кармэліцкай духоўнасці.
    – У Палестыне ёсць гара, якая называецца Кармэль. Можам прачытаць пра яе ў Святым Пісанні.
    З Кармэлем звязаны лёс прарока Іллі, які ў VIII стагоддзі да нараджэння Хрыста маліўся там і дзейнічаў, распалены руплівасцю дзеля хвалы Пана. У хрысціянскія часы на гары Кармэль сяліліся пустэльнікі, якія прагнулі адасобленых зносін з Усемагутным. Менавіта там на пачатку XIII стагоддзя паўстаў ордэн айцоў кармэлітаў. Па просьбе пустэльнікаў, якія жадалі служыць Богу і пераймаць прарока Іллю, тагачасны патрыярх Іерусаліма св. Альберт напісаў кармэліцкі статут, у якім пералічыў найважнейшыя рысы духоўнасці ордэна: з’яднанне з Богам, трыванне ў Божай прысутнасці і малітве, прароцкі дух, братэрскае жыццё ў супольнасці, служэнне Касцёлу, а таксама марыйнасць.
   
    – Як у кармэліцкай супольнасці з’явіўся культ святога шкаплера?
    – Пасля паражэння Крыжовых паходаў і захопу Святой Зямлі мусульманамі манахі вымушаны былі ўцякаць з Палестыны. Тыя, хто застаўся, былі забітыя. Айцы кармэліты эмігрыравалі ў Еўропу. Там яны сустрэліся з незразуменнем: прыбылі на хрысціянскі Захад з “усходняй” манастырскай традыцыяй.
    Калі ордэну пагражала скасаванне, манахі маліліся праз заступніцтва Маці Божай. Традыцыя падае, што ўначы з 15 на 16 ліпеня 1251 года генералу айцоў кармэлітаў Сымону Стоку аб’явілася Марыя. Яна абяцала дапамагчы, кажучы: “Любімы сын Мой! Прымі шкаплер твайго ордэна, прывілей для цябе і ўсіх кармэлітаў. Хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага. Гэта знак збаўлення, ратунак у небяспеках, запавет спакою і вечнага абяцання”. Гісторыя пацвярджае, што пасля ўмяшання Маці Божай ордэн быў “легалізаваны” ў Еўропе, а шкаплернае набажэнства шырока распаўсюдзілася ў Касцёле.
   
    – Што ўяўляе сабой шкаплер?
    – Шкаплер – гэта 2 кавалкі сукна карычневага колеру, якія сімвалізуюць шату Марыі, што носяць айцы кармэліты. Першы, які спадае на плечы, прыгадвае, што жыццёвыя клопаты застаюцца пад апекай Маці Божай. Другі ж, які спускаецца на грудзі, азначае, што сэрца чалавека павінна біцца для Бога і бліжніх, у імя любові.
    Не толькі сукновы шкаплер, але і медальён з выявамі Маці Божай і Найсвяцейшага Сэрца Езуса з’яўляецца знакам асаблівай сувязі, што яднае Марыю з Яе дзецьмі. Можна сказаць, гэта памяткі апекі Багародзіцы. Асоба, якая носіць шкаплер, выражае такім чынам жаданне прыпадабнення да Беззаганнай у чыстасці, вернасці, любові і паслухмянасці.
   
    – Адно з абяцанняў, звязаных з кармэліцкім шкаплерам, – “хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага”. Як правільна разумець гэтыя словы?
    – Шкаплерная прывілея гучыць наступным чынам: “хто памрэ ў ласцы Бога, у з’яднанні з Марыяй, дзякуючы Яе заступніцтву дойдзе да вечнага збаўлення”. Набожны чалавек, злучаны з Багародзіцай, можа цешыцца Яе асаблівай апекай на працягу ўсяго жыцця, а таксама ў гадзіну смерці. Памылкова разлічваць на тое, што праз гэтае абяцанне Найсвяцейшая Маці дала дазвол грашыць і ламаць Божыя запаведзі. Такая пастава з’яўляецца сатанінскім скажэннем, насмешкай над Створцам: “жыві як хочаш, грашы колькі хочаш, толькі насі шкаплер – і будзеш збаўлены”.
   
    – Якія існуюць формы ўшанавання Маці Божай Шкаплернай?
    – Марыя прыходзіць да чалавека з ласкай, але чакае нашага адказу на Яе дары. Да абавязкаў тых, хто носіць кармэліцкі шкаплер, належыць штодзённая малітва. Часцей за ўсё гэта вядомая форма даручэння Марыі “Тваёй абароне”. Вернік таксама можа адпраўляць марыйныя навэнны, адгаворваць літаніі, Літургію гадзін, Ружанец ці іншыя малітвы, разважаць Божае слова, часта ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і трываць у Божай прысутнасці, рупліва выконваючы свае абавязкі. Акрамя гэтага, існуе практыка з’яднання з Мукай Хрыста праз добраахвотныя адмовы і супольнае цярпенне з Езусам па прыкладзе Марыі. Нават кароткі малітоўны заклік “Маці Божая Шкаплерная, маліся за нас” можа паспрыяць камуніі з Беззаганнай.
   
    – Як развіваецца культ Маці Божай Шкаплернай у Беларусі? Што айцы кармэліты робяць сёння ў дадзеным накірунку?
    – Асаблівымі месцамі шкаплернай набожнасці ў краіне з’яўляюцца святыні ў Гудагаі, Нарачы, Мядзелі і Мінску, дзе служаць айцы кармэліты. У многіх парафіях укараніўся звычай прыняцця шкаплера дзецьмі, якія прыступілі да Першай св. Камуніі. Акрамя таго, пробашчы запрашаюць нас для правядзення рэкалекцый, дзён засяроджання і набажэнстваў, прысвечаных Маці Божай Шкаплернай, падчас якіх маем магчымасць “рэкламаваць” шкаплерны культ, а таксама кармэліцкую духоўнасць.
   
    – Што асабіста для Вас значыць Гудагай?
    – Асабіста для мяне гэта месца, дзе выспяваў у пакліканні да манаскага і святарскага жыцця. Калі я быў яшчэ клерыкам, менавіта там праводзіў час канікул і святочныя дні, а пазней праходзіў дыяканскую практыку. Пасля атрымання святарскіх пасвячэнняў на працягу амаль 2-ух гадоў рабіў там першыя крокі пры алтары, за амбонам і ў канфесіянале пад пільнай апекай Беззаганнай і з дапамогай маіх братоў кармэлітаў. Гэта там перад абразом Маці Божай Гудагайскай пазнаваў, што Бог ёсць Любоў, а Марыя – наша Заступніца.
   
    – Абраз славіцца шматлікімі ласкамі. Ці маглі б расказаць пра выпадкі цудаў, якія аказалі на Вас найбольшае ўражанне?
    – З нагоды каранацыі абраза ў парафіі рыхтавалася кніга пра Гудагай, і мне давялося прачытаць дастаткова сведчанняў. Вельмі ўразіў выпадак з 1779 года, калі захварэла 4-гадовая Зося. Яна не магла есці і некалькі дзён ляжала ў гарачцы.
    Урач не даваў надзеі на тое, што дзяўчынка выжыве, таму яе маці пайшла да айцоў кармэлітаў з просьбай адправіць св. Імшу перад цудатворным абразом Багародзіцы. У час Эўхарыстыі жанчына разам са старэйшай дачкой маліла аб ласцы здароўя для свайго дзіцяці. І здарыўся цуд! Зося была аздароўлена. У знак удзячнасці маці дзяўчынкі склала вотум у форме сэрца са срэбра.
    З сучасных сведчанняў у памяці захаваліся апавяданні Міхала Вайцяхоўскага, удзельніка ІІ Сусветнай вайны, які быў ранены на фронце. З асколкам кулі ў сэрцы ён дажыў да позняй старасці (памёр у 2015 годзе), сцвярджаючы з упэўненасцю, што яго ацаліла Маці Божая Гудагайская.
   
    – Што Вы як саарганізатар каранацыі абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі можаце сказаць пра значэнне і важнасць гэтай цырымоніі для Касцёла?
    – Каранацыя з’яўляецца выразам асаблівай пашаны, аказваемай Езусу Хрысту і Яго Маці, якая з’яднана са сваім Сынам, удзельнічае ў Яго славе. Згодна з прадпісаннямі Касцёла, можна каранаваць абраз, які карыстаецца асаблівай пашанай вернікаў і вядомы сваімі цудамі. Істотнасць гэтай падзеі пацвярджаецца таксама тым, што яна выконваецца біскупам ад імя Папы, што сведчыць аб яе асаблівым характары.
    Памятаю вялікую зацікаўленасць усёй мясцовай супольнасці, можна нават сказаць, усяго раёна разам са свецкімі ўладамі ў годнай падрыхтоўцы гэтай урачыстасці. Многія добраахвотнікі працавалі з радасцю, як у родным доме. Лічу гэта праяўленнем вялікай любові да Марыі – Нябеснай Маці.
    Урачыстасць каранацыі гудагайскага абраза ўзначаліў светлай памяці кард. Казімір Свёнтэк – сведка веры і вялікі прыхільнік Маці Божай. Гэта ён са слязамі на вачах дрыжачымі рукамі ўсклаў пабласлаўленыя папам Янам Паўлам ІІ каралеўскія дыядэмы на скроні Езуса і Марыі. Урачыстая падзея ў Гудагаі стала выразам глыбокай веры мясцовага Касцёла, а таксама пацвярджэннем, што ён застаецца пад асаблівай апекай Марыі.
   
    – Многія ласкі людзі выпрошваюць падчас Крыжовага шляху на гудагайскай Кальварыі. Як яна паўстала?
    – Мясцовыя душпастыры доўгі час выношвалі ідэю стварыць падабенства Кальварыі ў Вільнюсе менавіта пры санктуарыі Маці Божай Шкаплернай. Мне пашчасціла таксама ўнесці пэўны ўклад у гэтую справу. У 2008 годзе з нагоды Божага Нараджэння я наведваў братоў у Гудагаі. Паколькі было не вельмі шмат снегу, выбраўся на шпацыр. Перад маімі вачыма распасцёрся прыгожы краявід. Я падзяліўся “адкрыццём” з а. Казімірам Мараўскім, пробашчам парафіі. Вясной наступнага года разам з парафіянамі ён прыступіў да падрыхтоўкі трасы Кальварыі.
    Я быў вельмі ўражаны, назіраючы за актыўным удзелам вернікаў у гэтай справе. Яны выкарчоўвалі кусты, выкошвалі траву і пазбаўляліся ад пустазелля. 16 ліпеня 2009 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў 18 крыжоў, якія вернікі неслі да месцаў асобных стацый. Гэта было, бадай, найпрыгажэйшае набажэнства Крыжовага шляху, у якім я ўдзельнічаў.
    З таго часу на мясцовай Кальварыі некалькі разоў на год адбываюцца пакутныя набажэнствы. А напярэдадні адпусту Маці Божай Шкаплернай тут моляцца сапраўдныя тлумы людзей. Прыбываюць таксама групы з іншых парафій і асобныя вернікі.
   
    – У чым, на Вашу думку, выключнасць гудагайскай Кальварыі?
    – Думаю, людзей прыцягваюць унікальныя краявіды і атмасфера супольнай малітвы, якая ствараецца падчас набажэнства. Гудагайская Кальварыя працягласцю тры з паловай кіламетры праходзіць праз маляўнічыя хвалістыя палі, уваходзіць у густы цёмны лёс, дзе пераадольванне некаторых пагоркаў патрабуе немалых намаганняў. З Гары трох крыжоў, сімвала смерці Езуса, раскрываецца цудоўны від на наваколле. Сімвалічнай і важнай з’яўляецца апошняя стацыя “Езуса кладуць у грабніцу і Уваскрасенне”, якая знаходзіцца пасярод могілак. Гэта своеасаблівы выраз веры ва ўваскрасенне не толькі Хрыста, але і ўсіх памерлых.
    Красамоўным элементам гудагайскага пакутнага набажэнства з’яўляецца таксама тое, што вернікі нясуць крыж. Жадаючых так шмат, што ствараецца чарга.
   
    – Што змянілася ў гудагайскай парафіі з часу ўстанаўлення там санктуарыя?
    – Айцы кармэліты прынялі на сябе большую адказнасць за мясцовае душпастырства. Нашай задачай стала пастаянная адкрытасць на вернікаў, якія прыбываюць у святыню. З моманту, калі касцёл атрымаў статус санктуарыя, узнікла патрэба цэлебрацыі большай колькасці св. Імшаў, часцейшай паслугі ў канфесіянале, нястомнай гатоўнасці да размовы, спадарожнічання асобам, якім гэта неабходна…
    Я да сёння не перастаю здзіўляцца сюрпрызам Божага Провіду. Такі малы касцёл, які ўзвышаецца на гудагайскім узгорку, хоць і не адметны сваёй архітэктурай, стаў вялікім духоўным цэнтрам культу Маці Божай Шкаплернай у Беларусі, дзе сустракаецца сям’я тых, хто носіць шкаплер. Думаю, выкажу перакананасць многіх наведвальнікаў санктуарыя, калі скажу, што ён з’яўляецца свайго роду школай даверу да Бога праз Марыю.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.