ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Адпачыць у Пану

На шляху да святасці

Апошнім часам шмат гаворыцца пра адпачынак.
    Многія адчуваюць стомленасць і з замілаваннем думаюць, куды выберуцца ў вольныя дні.
    Летам гэтая тэма асабліва актуальная, паколькі распачаўся сезон доўгачаканых водпускаў і канікул. Што наконт адпачынку гаворыцца ў Бібліі?
Ізраільцяне здаўна пераймаюць рытм стварэння свету Богам, апісанне якога было дакладна пададзена на старонках Старога Запавету (параўн. Быц 1, 1–2, 4а). Пан працаваў на працягу 6-ці дзён: спачатку дзяліў неба і зямлю, ваду і сушу, каб пазней напоўніць усё гэта жывым стварэннем, такім чынам рыхтуючы свет для чалавека, які павінен быў у ім пасяліцца. “Бог скончыў на шосты дзень усю працу сваю, над якой працаваў, а на сёмы дзень адпачыў пасля ўсяго, што зрабіў” (Быц 2, 2). Выбраны народ таксама працаваў 6 дзён у тыдні, а на 7-мы святкаваў шабат – вольны ад усякага высілку дзень.
    У старажытнасці нават язычнікі давалі нявольнікам і жывёлам магчымасць даўжэй паспаць і адпачыць, каб набрацца сіл на далейшую цяжкую працу. Ізраільцяне, адзначаючы апошні дзень тыдня асаблівым чынам, так выказвалі перакананасць, што чалавек павінен мець акрэслены час, каб прыгадаць сабе, кім на самой справе з’яўляецца і які сэнс маюць яго жыццё і намаганні.
Далей у Бібліі чытаем: “Тады Бог блаславіў гэты сёмы дзень і ўчыніў яго святым; таму што ў гэты дзень Ён адпачыў пасля ўсёй сваёй працы, якую зрабіў, ствараючы” (Быц 2, 3). Гэтая святасць з’яўляецца розніцай, у якой выяўляецца жыццядайная прысутнасць Усемагутнага ў свеце. Людзі, якія захоўвалі шабат, такім чынам пераймалі Найвышэйшага і былі асвечаны (параўн. Эз 20, 12), дэманструючы, што з’яўляюцца Божымі дзецьмі. Такі адпачынак спрыяў раскрыццю вобраза Усемагутнага ў Яго стварэнні і разам з тым адкрыццю і ўмацаванню пачуцця чалавечай тоеснасці і годнасці. Іншым словам, гаворка ідзе аб поўным удзячнасці і радасці праслаўленні Бога, дзякуючы якому асоба “знаходзіць у Пану сваю асалоду” (параўн. Іс 58, 14).
    Шабат, а таксама найважнейшыя ўрачыстасці Ізраэля прыгадваюць, што Пан вызваліў выбраны народ з няволі, у якой ён быў вымушаны шмат і цяжка працаваць (параўн. Зых 20, 8; Дрг 5, 6). У хрысціянстве ўдзячнасць за выратаванне з Егіпта атрымлівае новае вымярэнне, паколькі першая Пасха становіцца вобразам паўнаты духоўнага вызвалення, якое здзейсніў Хрыстос. “Божы адпачынак”, прадугледжаны для ізраільцян пасля ўваходу ў абяцаную зямлю, аказаўся прадказаннем і прадчуваннем перадышкі для тых, хто верыць у Пана Езуса, перажытага праз перамяняючае дзеянне веры і сакрамантаў.
    У Новым Запавеце Хрыстос выразна падкрэсліў глыбінны сэнс штотыднёвага адпачынку: “Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату” (Мк 2, 27). Як сцвярджаў св. Ян Павел ІІ, “адпачынак з’яўляецца святой справай, таму што дазваляе чалавеку вырвацца з рытму зямных заняткаў, якія часам поўнасцю яго паглынаюць, і нанова ўсвядоміць, што ўсё з’яўляецца Божым стварэннем”. Такім чынам, вольны ад працы дзень павінен спрыяць вызваленню чалавека ад разнастайных абмежаванняў і прывязанасцей, памнажэнню дзеянняў, якія выходзяць за межы штодзённых і звычайных.
    Парадаксальна, адпачынак і дзеянне заўсёды патрабуюць адзін аднаго і ўзаемна падтрымліваюцца, папераменна пацвярджаючы паходжанне і прызначэнне чалавека. Падобна як фізічная ці разумовая праца, вольны час павінен заключацца ў выкананні спраў на карысць бліжнім і ўсяму свету, а таму палягаць на аказанні іншым дабрыні, спачування і зычлівасці.
    Аўтарытэт Божага Сына ўчыніў, што ўжо першае пакаленне вызнаўцаў Езуса замест шабату пачало святкаваць нядзелю – на ўспамін Уваскрасення. Хрысціянскі адпачынак стаў знакам Божай магутнасці, на моцы якой Хрыстос уваскрос з памерлых, стаў урачыстым напамінам аб дабрыні Стварыцеля, аб’яўленай у справе збаўлення. Гэты сэнс павінен прасякнуць жыццё вернікаў, прыгадваючы, што “іхнія справы ідуць за імі” (Ап 14, 13).
    Адпачынак, у поўным значэнні гэтага слова, з’яўляецца рэчаіснасцю, якой з даверам і вялікай надзеяй мы ўсе чакаем і якая павінна надысці, калі сустрэнемся з Найвышэйшым тварам у твар у Нябесным Валадарстве. У пэўнай меры гэта будуць нашы канікулы, якія, з іншага боку, стануць вечнай працай. Але тая прaца не будзе стамляць, а толькі прыносіць задавальненне і радасць. Яна стане ўрачыстым святкаваннем, у якім будзем цешыцца паўнатой жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.