ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Уваскрасенне Хрыста як надзея для ўсяго чалавецтва

На шляху да святасці

У чарговы раз перажываем велікодную раніцу, спазнаючы праўду аб уваскрасенні нашага Пана Езуса Хрыста. Праўду, якая напаўняе радасцю сэрцы хрысціян.
    Аднак варта ўсвядоміць, што вымярэнне гэтай урачыстасці нашмат большае ды важнейшае, паколькі значэнне пустой магілы трэба шукаць не толькі ў кантэксце жыцця вернікаў, але таксама ўсяго чалавецтва і актуальных выклікаў, якія перад ім стаяць.
Дзень перамогі
    Сёння мы ўвесь час чуем пра разнастайныя несправядлівасці і цяжкасці, якія закранаюць людзей у розных краінах на розных кантынентах. У сваім акружэнні таксама сустракаем шмат людзей, што змагаюцца з разнастайнымі праблемамі, якія пазбаўляюць жадання рухацца наперад, адбіраюць надзею, што ўсё можа быць па-іншаму – лепш. Некаторыя нават губляюць ахвоту жыць, перастаюць верыць у справядлівасць і праўду, у перамогу дабра над злом.
У свеце столькі людзей, якія нястомна задаюць сабе і іншым цяжкія пытанні... Як жыць тым, хто страціў дах над галавой? Тым, хто з-за адсутнасці працы пакідае свае сем’і і адпраўляецца ў іншыя краіны, шукаючы сродкаў на існаванне? Як жыць тым, каму з-за вайны трэба пакінуць свой здабытак і ўцякаць у невядомасць, не маючы нічога? Што павінны сказаць бацькі сваім паміраючым ад голаду дзецям? Як пераадолець прорву несправядлівасці і няроўнасці, якая існуе паміж людзьмі – усё ж, усе мы з’яўляемся дзецьмі аднаго Айца і, хіба, заслугоўваем аднолькава годных і паважлівых умоў існавання?
    Не ўдасца хадзіць кругом ды навокал і казаць, што ўсё цудоўна і ідзе ў правільным накірунку. Трэба стаць у праўдзе і прызнаць: нягледзячы на тэхнічны прагрэс і дасягненні ў навуцы, эканоміцы і іншых сферах чалавечага жыцця мы не вырашылі яшчэ ўсе задачы, што стаяць перад намі, людзьмі.
    Пасха – гэта штосьці большае, чым чарговы дзень, адзначаны чырвоным колерам у календары. Гэта дзень перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом, святла над цемрай, Хрыста над д’яблам і грахом. І так, як поўнасцю змянілася жыццё апосталаў пасля нядзельнай раніцы, калі яны знайшлі пустую магілу, павінна змяніцца жыццё кожнага канкрэтнага чалавека і ўсяго чалавецтва, якое перажывае чарговы ўспамін уваскрасення Пана. І не можа быць інакш.
   
    Дзень новага жыцця
    Чалавецтва не вучыцца на памылках, якія раз за разам здзяйсняе. Нават са страшэнных крывавых войнаў XX стагоддзя не здольна зрабіць адпаведных высноў; стоячы на парозе 3-яй сусветнай вайны, яно не хоча нават падумаць аб наступствах. Можа падацца, што сучасным светам кіруюць эксплуатацыя, падман, несправядлівасць, правіла, што выстаіць мацнейшы, больш бязлітасны...
    У кантэксце тых страшных падзей, сведкамі якіх мы з’яўляемся, асаблівае значэнне мае праўда пра ўваскрасенне Хрыста. Прыняць яе – значыць усвядоміць, што Бог непасрэдна прысутнічае ў гісторыі чалавецтва і ў жыцці кожнага канкрэтнага чалавека; што Яго моц дзейнічае ў малых і безабаронных, якія церпяць прыгнёт і несправядлівасць.
    Пустая магіла нашага Збаўцы з’яўляецца сімвалам надзеі і веры ў тое, што дабро, праўда і справядлівасць урэшце перамогуць. Падабаецца гэта камусьці ці не, але іншай надзеі чалавек не мае – толькі ўваскрасенне Хрыста ўказвае шлях да перамены свету ў лепшы бок. Трэба, каб усё зло, несправядлівасць і жорсткасць сённяшніх часоў былі знішчаны. Трэба, каб паўстаў новы чалавек – напоўнены любоўю, дабрынёй і шчырасцю. Толькі так здзейсніцца ўваскрасенне. Таму праўда велікоднай раніцы, хоць гэтая падзея адбылася ўжо больш за 2000 гадоў таму, сёння яшчэ больш актуальная. Мы павінны ўсвядоміць: разам з уваскрасеннем Пана кожны з нас пакліканы да новага жыцця.
   
    Дзень сапраўднай радасці
    Вялікдзень стала з’яўляецца прычынай для нязмернай радасці. Аднак нельга забывацца, што цешыцца з уваскрасення – значыць таксама змагацца з маладушшам і абыякавасцю, якія жывуць у нашых душах. Значыць набліжацца да свайго бліжняга і не закрывацца на яго патрэбы. Значыць у чарговы раз пацвярджаць любоў да другога чалавека. Пазбавіцца ад самалюбства і крывадушнасці. Учыніць так, каб у сэрцы пасяліліся міласэрнасць і надзея. Напоўніць значэннем Пасхі кожны дзень уласнага жыцця, а таксама жыццё іншых, каб яно ніколі не згубіла ў нашых вачах сэнс. Гэта значыць нястомна рухацца ў напрамку перамянення самога сябе.
    Вельмі многае ва ўсім гэтым залежыць ад нас саміх! Не ад кагосьці іншага, а менавіта ад мяне. Канешне, не ўдасца змяніць і навярнуць увесь свет, але ў маіх сілах уласная перамена, а праз гэта, у нейкім сэнсе, і свайго акружэння. Дадзеная праўда павінна прыносіць канкрэтны плён у нашым жыцці.
   
    Дзень надзеі
    Урачыстасць Уваскрасення Пана павінна перажывацца з усведамленнем таго, што гэта Бог уваходзіць у наша жыццё і запрашае быць надзеяй для свету, уваскрашаючы яго сведчаннем братэрства і салідарнасці, барацьбой за праўду і справядлівасць, даверам і любоўю, прабачэннем і паяднаннем. Адсунуты ад магілы камень дае магчымасць выйсці да таго, што годнае, каб ужо перастаць марнаваць свой час, здольнасці і сілы на тое, што не вартае, што перашкаджае нам адчуваць і прымаць значэнне быцця Божымі дзецьмі.
    Вялікдзень – гэта не такі ж звычаны дзень, як іншыя. Гэта выключны час, які павінен напаўняць наша жыццё асаблівай радасцю. І няхай так будзе! Як заўважыў св. апостал Павел, калі б Хрыстос не ўваскрос, дарэмнай была б наша вера (параўн. 1 Кар 15, 17). Можна дадаць, што не толькі вера, але і ўвогуле жыццё людзей, у якім так многа цяжкасцей і перажыванняў.
    Уваскрасенне Пана з’яўляецца надзеяй для кожнага канкрэтнага чалавека і для ўсяго чалавецтва. Не дазволім жа сябе падмануць і пераканаць у тым, што можа быць інакш!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.