ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Кошык са свянцонкай. Што павінна ў ім быць

Хрысціянскія традыцыі

Вялікая субота – гэта традыцыйны час асвячэння страў, якімі ў каталіцкіх сем’ях распачынаецца ўрачысты сняданак пасхальнай раніцай. Кожная з размешчаных у велікодным кошыку рэчаў мае ўласны сімвал. Усе элементы свянцонкі ўспрымаюцца як Божыя дары і павінны прыгадваць пра важныя матэрыі, патрэбныя, каб плённа разважаць Муку і Уваскрасенне Хрыста.
Ягня з харугвай
    Знак уваскрослага Хрыста. На харугве змешчаны крыж і надпіс “Алелюя”, які выражае радасць ад перамогі Жыцця над смерцю і пераадолення граху. Сімволіка ягняці мае глыбокія біблійныя карані. У Старым Запавеце гэта ўцёкі яўрэяў з Егіпта, калі ізраільцяне пазначалі дзверы сваіх дамоў кроўю спажытага ягняці (параўн. Зых 11–12), а таксама характарыстыка Слугі Яхвэ ў прарока Ісаі (параўн. Іс 53).
    У Новым Запавеце – момант, калі Хрыстос быў названы Баранкам Божым (параўн. Ян 1, 29), пасля чаго ў Вялікую пятніцу Ён збавіў людзей цаной уласнай крыві (параўн. Ян 19). Велікоднае ягня з’яўляецца таксама сімвалам паслухмянасці, нявіннасці і ахвяры.

    Яйка
    Старажытны сімвал новага жыцця. У міфалогіі яйка звязана з 4-ма стыхіямі: шкарлупіна – зямля, абалонка – паветра, жаўток – агонь, а бялок – вада. Яно з’яўляецца знакам пачатку жыцця і адраджэння. Падобна як велікоднае ягня, сімвалізуе трыумф Жыцця над смерцю. Успрымаецца таксама як метафара ўтоенага жыцця і сілы існавання. Некалі яек не спажывалі на працягу ўсяго Вялікага посту, і яны вярталіся на сталы толькі на Вялікдзень. Дзяленне асвечаным яйкам мае братэрскі характар і служыць умацаванню сямейных сувязей.
   
    Соль
    Напамін наказу Хрыста аб тым, што мы як Яго вучні павінны быць “соллю зямлі” (параўн. Мц 5, 13–16). Гэты жыццядайны мінерал спадарожнічае чалавеку са спрадвечных часоў. Надае стравам смак, а дзякуючы кансервацыйным уласцівасцям захоўвае іх ад псавання. З’яўляецца сімвалам жыцця, самай сутнасці існавання, маральных і духоўных сіл, ачышчэння і праўды.
   
    Хлеб
    Памятка размнажэння хлеба ў пустыні, якім Езус накарміў сваіх слухачоў. Сімвалізуе спажытак для душы, г. зн. Цела Хрыста, які сказаў аб сабе: “Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны...” (Ян 6, 35) – і штодзённую ежу для цела, неабходную для жыцця, што знайшло адлюстраванне ў малітве “Ойча наш” (параўн. Мц 6, 11). Хлеб таксама з’яўляецца знакам Пераісточання, здзейсненага ў прысутнасці апосталаў у вячэрніку. Выражае жаданне прыняцця св. Камуніі. У той жа час хлеб – гэта сімвал поспеху, дастатку і сытасці. Для асвячэння дастаткова адрэзаць толькі кавалак, які пазней спажывём падчас велікоднага сняданку.
   
    Вяндліна
    Сімвал ягняці, якое ізраільцяне забівалі, каб адзначыць свята Пасхі. У мінулым, калі мяса спажывалі час ад часу, таму што было дарагім, яно лічылася знакам дастатку. У кошык са свянцонкай укладаем звычайна кавалак шынкі ці каўбасу.
   
    Печыва
    Знак майстэрства, таму лепш за ўсё, калі гэта хатняя выпечка – выраз нашых уменняў. Печыва – таксама сімвал неаформленай матэрыі, ператворанай у дасканалую форму. Яго салодкасць з’яўляецца ўзнагародай за трываласць у самаўтаймоўванні падчас Вялікага посту і звеставаннем Нябеснага Валадарства: “Пакаштуйце, які добры ёсць Пан” (Пс 34, 9).
   
    Сыр
    Знак сувязі паміж чалавекам і прыродай. Заахвочвае да ўдзячнасці за спажытак, атрыманы ад жывёл, і да пашаны да іх.
   
    Хрэн
    Сімвал горычы Мукі Пана – з-за вострага смаку і здольнасці выклікаць слёзы. Азначае фізічную моц, чалавечыя сілы і жыццяздольнасць.
   
    Сярод элементаў свянцонкі могуць таксама быць іншыя прадметы (розніцы вынікаюць з рэгіянальных традыцый):
    вада – сімвал Святога Духа;
    перац – сімвал горкіх зёл;
    зайчык – сімвал пладавітасці і адраджэння прыроды;
    куранятка – сімвал новага жыцця (некалі казалі, што Хрыстос устаў з магілы, “як кураня з яйка”).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.