ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Для Бога няма нічога немагчымага

На шляху да святасці

Нашаму сужэнству ўжо амаль 10 гадоў. Мы заўсёды марылі пра вялікую сям’ю, аднак на працягу доўгага часу не маглі зачаць дзіця. Занепакоеныя, звярнуліся да ўрачоў. Шматлікія аналізы і абследаванні не дапамагалі выствеліць прычыну бясплоддзя. Штомесяц мы з заміраннем сэрца чакалі наступлення цяжарнасці, а яна ўсё не надыходзіла. Медыкі раілі рабіць ЭКА, пры тым, што яўных перашкод для натуральнага апладнення ўстаноўлена не было. Мы супраць такога метаду, таму не гублялі надзеі, што ўсё будзе добра.
Кожны год мы хадзілі ў посную пілігрымку ў Будслаў да Маці Божай з інтэнцыяй аб дары патомства. Там пазнаёміліся са спадарыняй Ганнай, удзельніцай супольнасці “Каштоўная жамчужына”. Яна параіла з’ездзіць у Рось да цудатворнай фігуры Езуса Журботнага.
    У ліпені 2012 года мы ўпершыню адправіліся туды. Распавялі святару пра нашу праблему, ён памаліўся над намі каля алтара. У гэты ж час пад назіраннем медыкаў я прымала моцнадзейныя гармоны для стымуляцыі авуляцыі. У наступным месяцы мы даведаліся, што наступіла доўгачаканая цяжарнасць. Шчасцю не было межаў! Аднак на 7-ым тыдні цяжарнасць замерла, сэрца дзіцятка так і не забілася…
    Да 11-га тыдня я бегала па бальніцах у пошуках хоць малейшай надзеі на цуд, але ўрачы як адзін сцвярджалі, што шансаў няма, трэба неадкладна рабіць чыстку. Медыкі патлумачылі здарэнне як “натуральны адбор”. Гэта была катастрофа… Наш стан тады было не апісаць словамі. Заставалася толькі прыняць сітуацыю і са спадзяваннем глядзець у будучыню. Праз некалькі месяцаў пасля аперацыі пачаўся чарговы кругазварот – УГД, аналізы, медыкаменты, тэсты – і трапяткое чаканне. Але зноў і зноў нашым марам не наканавана было спраўдзіцца.
    У маі 2014 года мне зрабілі дыягнастычную лапараскапічную аперацыю, у ходзе якой нарэшце высветлілася прычына бясплоддзя – эндаметрыёз і непраходнасць правай матачнай трубы. Пасля выдалення пашкоджаных ачагоў, здавалася, усё павінна было наладзіцца. Аднак праз паўгода ў левым яечніку з’явілася эндаметрыёзная кіста. Такім чынам, шансы зацяжарыць былі зведзены да мінімуму. Але мы працягвалі лячыцца…
    Я разумела, што час мінае (мне ішоў ужо 32-гі год) і ўсе нашы спробы марныя. Вырашыліся з мужам на яшчэ адну аперацыю па выдаленні кісты. Пастанавілі: калі гэта не дапаможа, возьмем дзіця на выхаванне.
    Акурат у той час у Мінск прывезлі цудатворную ікону Маці Божай “Замілаванне”. Мы з мужам паехалі пакланіцца Марыі ў абразе і папрасіць Яе, каб вымаліла ў Сына для нас ласку бацькоўства. А яшчэ мы даўно хацелі паўторна з’ездзіць у Рось. Перажылі незвычайны час! Запалі тады ў душу словы кс. Чэслава Паўлюкевіча, які сказаў, што калі мы верым, Езус можа дараваць ацаленне, і што ён ведае шматлікія прыклады, якія гэта пацвярджаюць.
    У кастрычніку 2015 года мы зноў прыехалі ў Рось, каб прыняць удзел у рэкалекцыях для сужэнстваў, якія прагнуць мець патомства. Усе прысутныя разам маліліся перад цудатворнай фігурай Езуса Журботнага. Пасля св. Імшы кожная сямейная пара атрымала індывідуальнае бласлаўленне.
    Увогуле, пасля візітаў у Рось наша жыццё моцна змянілася. Рэкалекцыі і духоўная літаратура на тэму фізічнага і духоўнага ацалення, якую набылі там, дапамаглі змяніць ранейшыя погляды. З таго часу ў нас заўсёды знаходзіцца час на малітву, чытанне Святога Пісання. Мы навучыліся прабачаць і прасіць прабачэння адзін у аднаго.
    Мы сталі штодня маліцца аб дары новага жыцця да Марыі ля абраза, які нам падарыла спадарыня Ганна. 15 снежня 2016 года даведаліся, што здарыўся цуд – я зацяжарыла! Шчаслівыя, дзякавалі за гэтую ласку Богу і ўсім людзям, якіх Ён паслаў нам на жыццёвай дарозе. Былі бясконца ўдзячны за малітвы святароў, нашых родных, сяброў і знаёмых, а таксама ўсім ўрачам за суперажыванне і шчырае жаданне дапамагчы. Мы ўсе разам прайшлі гэты 6-гадовы шлях да зачацця новага жыцця.
    Сёння ў нас падрастае 2-гадовая дачка Марыя. А яшчэ чакаем Янку, якая хутка павінна з’явіцца на свет. Звяртаемся з просьбай да ўсіх людзей добрай волі, каб памяталі ў малітве пра сем’і, што не маюць дзяцей, але прагнуць іх мець. “Для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1, 37).
   
   МАЛІТВА АБ ДАРЫ ПАТОМСТВА
    О Марыя, Маці Новага Жыцця! Пад сваім сэрцам Ты насіла Збаўцу свету. Дзякуючы ласцы нашага Нябеснага Айца Ты спазнала, чым з’яўляецца радасць і боль мацярынства. Ты ведаеш маё імя. Ведаеш пра мае цярпенні і смутак. Мы з мужам вельмі прагнем, каб у нас нарадзілася дзіця. Марыя, я веру, што дзеці прыходзяць у свет па волі Божай. I таму з глыбокай верай і даверам малю Цябе: выпрасі ў Створцы ласку мацярынства для мяне. Амэн.
    Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
    Маці Божая Новага Жыцця, маліся за нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.