ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Міласэрная любоў – неад’емная частка Касцёла

З жыцця Касцёла

У ІІІ Нядзелю Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень “Карытас”.
    Гэта добрая нагода, каб падтрымаць дабрачыннае таварыства і ўзгадаць, наколькі важна быць добрым і міласэрным у сучасным свеце.
Чаму сапраўдны хрысціянін павінен праяўляць любоў да бліжняга?
    Ці не бракуе ахвотных, каб працягнуць руку дапамогі людзям, якія па розных прычынах апынуліся на ўзбочыне жыцця: адкінутыя, нікому не патрэбныя? На гэтыя і іншыя пытанні ў сённяшнім нумары “Слова Жыцця” адказвае кс. бп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.

   – Ваша Эксцэленцыя, Вы з’яўляецеся старшынёй Рады ККББ па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру. Скажыце, калі ласка, чаму Касцёл актыўна заклікае дапамагаць патрабуючым, быць міласэрнымі?
    – Апека над “сіротамі і ўдовамі” – адзін з асноўных відаў дзейнасці Касцёла, якой ён займаецца ад пачатку свайго існавання. Пра гэта чытаем ужо ў Дзеях Апосталаў, дзе апісаны ўзнікненне і першыя крокі заснаванага Хрыстом Касцёла. Дапамога патрабуючым – гэта місія, якая разам з абвяшчэннем Евангелля была і застаецца заданнем вучняў Хрыста. Такі загад мы атрымалі ад свайго Настаўніка, які прыйшоў не толькі для таго, каб вызваліць ад граху і смерці, але і каб навучыць адпаведна паводзіць сябе ў гэтым жыцці, шукаючы сродкаў на нашыя беды. Таму дабрачынная дзейнасць Касцёла – гэта дзейнасць самога Хрыста, які застаецца з намі “ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20). Аднак разам з тым Езус патрабуе ў гэтай справе ахвотных рук і шчырых сэрцаў тых, хто ў Яго верыць, ці проста людзей добрай волі.
    З іншага боку, дабрачыннасць была і застаецца сродкам, здольным заўважыць чалавека, які па розных прычынах аказаўся па-за межамі грамадскага жыцця без падтрымкі, аднак надалей мае права на сваю годнасць як створаны па вобразе і на падабенства Бога. Таму канкрэтная дапамога бліжняму з’яўляецца праяўленнем любові не толькі да чалавека, але і да Бога.
   
    – У чым асаблівасць дабрачынных праектаў, якія арганізуюцца Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, і што дапамагае прыцягнуць да ўдзелу ў іх большую колькасць людзей?
    – Спецыфіка дабрачыннай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў той ці іншай краіне абумоўлена мясцовай сітуацыяй і патрабаваннямі, якія вынікаюць з умоў жыцця людзей, іх узроўню, абставін сацыяльнапалітычнага характару. У розных краінах яны могуць адрознівацца ў пэўных пытаннях, але асноўным адрасатам гэтай дапамогі заўсёды застаецца чалавек, які трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю, сутыкаецца з той ці іншай праблемай, з якой не можа справіцца самастойна. Найчасцей гэта справы, звязаныя з сацыяльным утрыманнем, умовамі жыцця, выхаваннем дзяцей, апекай састарэлых людзей, некаторымі хваробамі, інваліднасцю. Гаворым якраз пра тыя кірункі, якія Каталіцкі Касцёл ахоплівае сваёй дабрачыннай дзейнасцю ў Беларусі. Разам з тым, выклікам Касцёла ў Еўропе з’яўляецца пытанне дапамогі эмігрантам. Перад намі на сённяшні дзень такое пытанне востра не стаіць. З іншага боку, важным момантам з’яўляецца ўключэнне як мага большай колькасці людзей у дабрачынную дейнасць. У Касцёле для тых, хто цікавіцца гэтай справай больш падрабязна, прапануюцца розныя курсы, семінары, трэнінгі.
   
    – У Беларусі людзі сталі менш ахвяраваць на дабрачыннасць. Паводле апублікаванага сусветнага рэйтынгу дабрачыннасці “World Giving Index – 2018”, у якім улічваюцца 3 паказчыкі: матэрыяльныя ахвяраванні, дапамога незнаёмцам і валанцёрства, – наша краіна займае 121-ае месца са 144-ці. Пры гэтым у 2017 годзе Беларусь займала 117-ую пазіцыю, у 2016 – 110-ую, а ў 2014 – 84-ую. Бачна, што рэйтынг краіны падае. Ці насамрэч прычына ў тым, што беларусы сталі менш міласэрнымі і менш здольнымі да суперажывання?
    – Не думаю, што гэта так. Варта звярнуць увагу, што важным фактарам тут застаецца выхаванне ў веры. Але існуюць іншыя прычыны. Напэўна, адной з іх з’яўляецца матэрыяльнае становішча людзей, асабліва ў невялікіх мястэчках і вёсках, дзе нялёгка знайсці працу з дастатковым узроўнем аплаты, а таму першасны клопат датычыць утрымання сябе і сваёй сям’і. Гэта і невысокая дэмаграфія, і маладзетныя сем’і, і занепакоенасць заўтрашнім днём, якая канцэнтруе ўвагу больш на сабе і сваіх асабістых справах.
   
    – Сярод стымулаў, якія падштурхоўваюць да добрых учынкаў, эксперты называюць празрыстасць механізма дапамогі і яе адраснасць. У некаторых краінах гэтае пытанне вырашае “правіла аднаго працэнта”, калі грамадзяне маюць права пералічыць адзін працэнт падаходнага падатку на дзейнасць некамерцыйных, часцей за ўсё дабрачынных, арганізацый. Як лічыце, ці патрэбна гэта ў Беларусі?
    – Напэўна, большая даступнасць і празрыстасць магчымасці ўдзелу ў дабрачыннасці як фізічных, так і юрыдычных асоб дапамагла б вырашыць некаторыя існуючыя пытанні, як, напрыклад, з атрыманнем і выкарыстаннем дабрачыннай дапамогі з-за мяжы. Аднак на сённяшнім узроўні адносін Касцёла і дзяржавы гэтае пытанне яшчэ патрабуе дапрацоўкі.
   
    – Пэўны каталіцкі іерарх параўнаў дабрачыннасць з “ціхім, але жывым і актыўным казаннем, якое сведчыць аб нашай асабістай сустрэчы і адносінах з Хрыстом”, і падкрэсліў, што асобы, занятыя ў дабрачыннай дзейнасці, павінны быць сапраўднымі сведкамі Хрыста. А на Вашую думку, чаму звычайнаму чалавеку неабходна практыкаваць дабрачыннасць?
    – Дабрачыннасць дапамагае чалавеку выйсці па-за межы ўласнага “я”, не замкнуцца ў сабе, зразумець, што не я адзін, жывучы ў гэтым свеце, маю праблемы. А дапамагаючы бліжняму, магу разлічваць, што і мне хтосьці некалі прыйдзе з дапамогай. Дабрачыннасць дазваляе захаваць духоўныя каштоўнасці, якія сёння губляюць сваю папулярнасць: салідарнасць, узаемадапамогу, міласэрнасць – насуперак перакананню, што найважнейшым у гэтым свеце з’яўляецца матэрыяльны дабрабыт. Прынамсі мы як хрысціяне павінны сведчыць сваім жыццём аб тым, што існуе духоўная рэчаіснасць, нашмат прыгажэйшая і непамерна больш каштоўная. Таму дабрачыннасць – гэта вельмі эфектыўны сродак практыкі любові да Бога і бліжняга, а праз гэта – і ўмацавання пачуцця ўласнай годнасці як чалавека.
   
    – Салідарнасць і ўзаемадапамога – гэта агульначалавечыя каштоўнасці, заданне для кожнага з нас. Наколькі рэлігія спрыяе таму, каб чалавек быў гуманным і дапамагаў бліжнім?
    – Рэлігія, кажу зараз пра хрысціянства, дае адказ чалавеку на такія фундаментальныя пытанні, як “хто я?” і “навошта жыву?”. Правільны адказ на іх немагчымы без усведамлення ролі і прысутнасці іншага чалавека ў нашым жыцці, створанага, так як і мы, па вобразе і на падабенства Бога. Таму рэлігія з самага пачатку закладае, што шлях да Бога не можа абысціся без удзелу бліжняга. У хрысціянстве гэтая думка ляжыць, увогуле, у аснове ўсёй яго ідэі, бо грунтуецца на праўдзе аб Уцелаўленні Божага слова і прыняцці Ім людской натуры. Хрыстос – гэта і прыклад да наследавання: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29), – і аб’ект служэння: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Таму вера заўсёды стымулюе парадкаванне адносін паміж людзьмі.
   
    – У нашым грамадстве шмат людзей у патрэбе¸ якія разлічваюць на дапамогу іншых, на ідобрыя сэрцы, і пры гэтым не ўсведамляюць, што часта цяжкія жыццёвыя абставіны, у якіх апынуліся, – гэта вынік іх бяздзейнасці. Ці варта дабрачынным арганізацыям не толькі аказваць адрасную дапамогу, але і мабілізаваць да самадапамогі?
    – Сапраўды, дзейсная дапамога прадугледжвае не столькі вырашэнне за чалавека яго жыццёвых праблем, колькі падтрымку на гэтым шляху. Тут сітуацыі могуць быць вельмі розныя, аднак прынцып падараванай “вудачкі” замест “налоўленай рыбы” заўсёды прыносіць лепшыя вынікі. Хіба што, чалавек не здольны парадзіць сабе ў жыцці або не хоча гэтага.
   Здараюцца і такія сітуацыі. У любым выпадку нельга абыякава прайсці міма чалавека, а аказваючы дапамогу, паспрабаваць абудзіць у ім жаданне ўзяць адказнасць за сваё жыццё. Гэта будзе ўжо духоўны бок дабрачыннасці, якая разам з матэрыяльнай дапамогай павінна быць сродкам евангелізацыі, дзякуючы чаму патрабуючы чалавек здолее адкрыць для сябе Бога як нашага міласэрнага Айца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.