ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сталенне і яго адсутнасць, або як быць цярплівым да сябе

На шляху да святасці

Сталасць. Што гэта такое? Ці можна быць дарослым, але не сталым і пры гэтым шчаслівым? Ці быць шчаслівым – гэта значыць быць сталым?
Электронныя слоўнікі пра сталасць гавораць так: “На перыяд сталасці прыпадаюць найбольш значныя і жыццёва важныя падзеі: стварэнне сям’і і сямейнага дабрабыту, фарміраванне сямейных адносін і бацькоўскіх абавязкаў; завяршаецца фарміраванне індывіда як асобы, асноўнымі асаблівасцямі якой з’яўляюцца пачуццё адказнасці, патрэбнасць клапаціцца аб іншых людзях, здольнасць да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, да эфектыўнага выкарыстання сваіх ведаў, здольнасць канструктыўна вырашаць жыццёва важныя праблемы на шляху найбольш поўнай самарэалізацыі”. “Сталы – пра чалавека: сфарміраваны інтэлектуальна і эмацыянальна”.
У першым тлумачэнні на “жыццёва важныя падзеі” можна паглядзець шырэй і назваць іх адшуканнем свайго жыццёвага шляху. Так ці інакш, ад сталай асобы чакаецца пэўны сацыяльны і ўнутраны ўзровень развіцця. Гэта нармальна, бо такія чаканні можна назваць арыенцірамі, што сфарміраваліся цягам нейкага прамежку часу і адлюстроўваюць пэўную якасць жыцця: добрага і шчаслівага. Ці можна ў іх кантэксце разглядаць сваё жыццё? Чаму не! Аднак важна дадаць, што мы маем розныя старты, г. зн. сталеем па-рознаму і ў розным узросце. Мы не робаты з праграмамі, а людзі са сваімі страхамі і разнастайнымі ўнутранымі праблемамі, якія трэба зразумець, асвоіць, пераадолець. Кожны з нас успрымае ўласныя страхі і праблемы па-свойму: камусьці яны перашкаджаюць больш, камусьці менш, хтосьці хутчэй вучыцца з імі жыць, а хтосьці патрабуе дапамогі. Ад гэтага, між іншым, залежыць, як і калі мы дасягнём таго ўзроўню жыцця, які можна назваць сталасцю.
    У гэтым кантэксце важна быць церпялівым адносна сябе і ўсведамляць, што тут няма адной схемы сталення для ўсіх. Быць цярплівым – значыць са спакоем прымаць сябе і сваю сцежку развіцця, сваё жыццё. З гэтым непасрэдна звязана і пачуццё шчасця. Бо калі мы будзем залішне турбавацца аб тым, што знаходзімся тут, а не там, маем гэта, а не тое, што блізкія людзі не такія, як бы нам хацелася, а да гэтага яшчэ і гара праблем, то не адчуем унутранага спакою, які суправаджае пачуццё шчасця.
    “Вось ляжу я і думаю: 26 гадоў, а ні арганізаванасці, нічога”, – гэта пра мяне мама неяк сказала. Не, не крыўдна. Словы прагучалі з пэўным клопатам, спакойна і пасля майго аповеду пра тое, як я перад паездкай у Варшаву на Новы год не наставіла будзільнік і ў выніку праспала свой аўтобус (разам з 50-цю рублямі альбо каля таго, бо такі быў агульны кошт білета).
    Не крыўдна і таму, што мама сказала праўду.
    З боку гледзячы, я не вельмі арганізаваны і ўпарадкаваны ў сэнсе планавання часу чалавек. Па пэўных сацыяльных мерках сталасці мне было б пажадана мець сям’ю ды працу па спецыяльнасці, у якой я б развівалася і добра зарабляла. І гэта не дрэнна, а наадварот: цудоўна быць жонкай і мамай, а таксама развівацца прафесійна. Толькі не дрэнна і быць незамужняй, і працаваць не па спецыяльнасці. І ў першым, і ў другім выпадку шчаслівым можна быць, а можна і не быць, бо шчасце – гэта ўнутраны стан, і залежыць ён не ад знешніх абставін, а ад нашага стаўлення да іх, ад перспектывы, з якой глядзім на свет, ад нашых выбараў.
    Нельга суха параўноўваць сваё жыццё з нейкімі сацыяльнымі нормамі ці нават мераць яго спадзяваннямі, якія родныя ці блізкія маюць адносна нас. Нельга, таму што мы развіваемся не па заканамернасці: раз на год старэйшы, значыць унутрана сталейшы, значыць аўтаматычна з большымі дасягненнямі ў прафесійным і асабістым жыцці. Сталасць – гэта не дасягненні, а наша стаўленне да іх наяўнасці альбо адсутнасці. Сталасць – гэта цярплівае ўспрыманне сябе, уласных хібаў, а таксама ўмелае выкарыстанне сваіх моцных бакоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.