ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Бласлаўлёныя сёстры са Слоніма

З жыцця Касцёла

Бласлаўлёныя сёстры асаблівым чынам ушаноўваюцца ў Шыманове, дзе знаходзіцца кляштар КангрэгацыіЖыццё 2-юх манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (сёстры Беззаганнага Зачацця) цесна пераплялося, хоць кожная з іх ішла ўласнай дарогай да Бога, да святасці: с. Марта Валоўская – актыўная і энергічная настаяцельніца манаскіх дамоў, укараняльніца традыцый і культуры на крэсах; с. Ева Наішэўская – ціхая, “закрытая ў сабе” настаўніца і ўрач. Іх аб’яднала бязмежная вера ў Божы Провід і давер да міласэрнасці Усемагутнага.

    Твор святасці з жыцця
    Сёстры прыехалі ў Слонім незадоўга да пачатку ІІ Сусветнай вайны. Абедзве вылучаліся душэўным супакоем і сілай духу. Разам прайшлі крыжовым шляхам 2-юх акупацый: савецкай і нямецкай; перажылі прыніжэнне, беднасць і голад, пазбаўленне даху над галавой і нават свабоды...
Жыццё сясцёр стала падрыхтоўкай да ахвяры смерці за веру: прынялі яе свядома і дабравольна. Кожная з іх здолела са свайго на першы погляд звычайнага, карпатлівага і поўнага цяжкасцей існавання зрабіць твор святасці – святасці бачнай і відавочнай для людзей, якія спазналі дабрыню манахінь. Дзякуючы гэтаму сёння наш мясцовы Касцёл можа ганарыцца заступніцамі ў Небе ў асобе бласлаўлёных сясцёр Беззаганнага Зачацця. Іх мучаніцкая кроў асвяціла гродзенскую зямлю. Іх прыклад заахвочвае нас быць адважнымі ў вызнаванні сваёй веры.
   
Кангрэгацыя Сясцёр Беззаганнага Зачацця НПМ паўстала ў 1857 годзе ў Рыме (Італія). Духоўнай мэтай супольнасці з’яўляецца пашырэнне Божай хвалы і адказ любоўю на любоў Усемагутнага.

    Верныя да канца
    Калі ў 1906 годзе кс. Рышард Клям прапанаваў сёстрам Беззаганнага Зачацця заняць стары кляштар бернардынак у Слоніме, дзе засталіся толькі 2 пажылыя манахіні, яны ўспрынялі гэта як Божую волю. Пасля прыбыцця на месца рабілі ўсё з думкай аб правядзенні выхаваўчай працы. З часам ім удалося адкрыць т. зв. Польскую школу – мужчынскую і жаночую. Пазней адну з іх ператварылі ў агульнаадукацыйную школу і настаўніцкую семінарыю.
    II Сусветная вайна і акупацыя сталі для сясцёр сур’ёзным выпрабаваннем. Яны часта вымушаны былі хавацца, здымаць са сцен кляштара рэлігійныя абразы і іншыя прадметы культу, каб не абуджаць падазрэнняў і не звяртаць на сябе лішняй увагі.
    Сціплыя і заўсёды гатовыя дапамагчы, яны падтрымлівалі патрабуючых, галадаючых, сем’і вязняў і забітых.
    На тэрыторыі кляштара хавалі яўрэяў. Таемна дапамагалі людзям, якія хаваліся ў лясах каля Слоніма. У цёмныя ночы ці ў непагадзь тыя прыходзілі ў кляштар, каб атрымаць ад сясцёр якую-небудзь ежу, а таксама бінты, лякарствы, мазі, медыцынскую кансультацыю. Манахінь шматразова перасцерагалі аб небяспецы, якая ім пагражае, аднак нягледзячы на гэта яны не спынялі сваю дзейнасць.
    Ноччу 18 снежня 1942 года немцы ўварваліся ў кляштар і арыштавалі абедзвюх сясцёр. На досвітку наступнага дня на Пятралевіцкай гары манахінь расстралялі разам з некалькімі сотнямі чалавек і скінулі ў агульную магілу. Ахоўнікі, якія сталі сведкамі апошніх хвілін жыцця арыштаваных, расказвалі пазней, што сёстры да самага канца не спынялі малітву, прымаючы мучаніцкую смерць, і прасілі астатніх трымацца. А непасрэдна падчас расстрэлу с. Марта паспела яшчэ сказаць: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”.
   
    Дар для Касцёла
    Сёстры Беззаганнага Зачацця, якія засталіся пры жыцці, вымушаны былі ў 1945 годзе пакінуць Слонім. Магчымасць вярнуцца атрымалі ажно праз 45 гадоў. На працягу ўсяго гэтага часу яны верна захоўвалі памяць пра сваіх папярэдніц – с. Марту і с. Еву.
    13 чэрвеня 1999 года за непахіснасць у веры і мужнасць папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў загінуўшых сясцёр у групе 108-мі бласлаўлёных мучанікаў часоў ІІ Сусветнай вайны. У хуткім часе пасля гэтай падзеі прадстаўніцы Кангрэгацыі зноў пакінулі Слонім. Апошняй у 2000 годзе выехала с. Рэната Касацкая. Аднак плён паслугі манахінь у мясцовым Касцёле да сёння застаецца ў добрай і ўсё яшчэ жывой памяці жыхароў, якім яны аддана служылі, несучы суцяшэнне і падтрымку.
С. Рэната Касацкая ад Божай міласэрнасціУ Слоніме я працавала з 1995 да 2010 года. Разам з іншымі сёстрамі вярнуліся ў кляштар пасля доўгіх гадоў перапынку. Запрасіў нас туды мясцовы пробашч а. Вітольд Жэльветра і колішнія вучаніцы пачатковай школы і настаўніцкай семінарыі, якімі кіравалі манахіні.
    Пасля вяртання Кангрэгацыі кляштара і прылягаючай тэрыторыі мы заняліся ўпарадкаваннем саду і рамонтам будынка. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, цешыліся, што можам служыць не толькі праз клопат аб святыні, але і праз супрацоўніцтва з людзьмі – праводзілі катэхезы для дзяцей, моладзі і старэйшых, а пазней і для сем’яў. Важным этапам нашай паслугі была катэхеза ў некалькіх дзіцячых садках на тэрыторыі горада. У душпастырскай дзейнасці пастаянна супрацоўнічалі з айцамі капуцынамі, дапамагаючы ім, у першую чаргу, праз катэхізацыю.
    Мелі таксама магчымасць дапамагаць патрабуючым. Першапачаткова вельмі спантанна – дзелячыся тым, што атрымлівалі ад мясцовых і замежных дабрадзеяў. З 1999 года дабрачынную дзейнасць мы праводзілі ўжо разам з “Карытас” і “Мальтыйскай службай дапамогі”. Дзякуючы гэтаму падтрымка магла даходзіць не толькі католікам са Слоніма, але і патрабуючым са ўсяго раёна, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Прымалі разнастайную гуманітарную дапамогу: абсталяванне для бальніцы, прылады для сталярскай і швейнай майстэрні для хлопцаў і дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама садовыя інструменты і цяплічныя тунэлі. Выдавалі пасілкі бяздомным, калекам і самотным. Выдзялялі памяшканні для сустрэч супольнасці “Ананімных алкаголікаў”.
    Прагну выразіць сардэчную ўдзячнасць усім, хто падтрымліваў нас і нашу паслугу, супрацоўнічаў з намі. Са свайго боку магу запэўніць у гарачай малітве. Веру, што бласлаўлёныя сёстры мучаніцы – с. Ева і с. Марта – па-іншаму, глыбей рэалізуюць цяпер місію супольнасці ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме. Прыходзьце ў святыню, як раней – яны Вас чакаюць! Хочуць зноў паказаць дарогу да Езуса і Марыі. Мужнасці! Бог з’яўляецца Айцом Міласэрнасці.
Бласлаўлёная с. Ева Наішэўская ад Провіду
   
    • Нарадзілася 11 мая 1885 года ў Астанішках на Віленшчыне (сёння Літва).
    • Была старэйшай дачкой з 11-ці дзяцей Казіміра Наішэўскага, вядомага акуліста і прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільнюсе.
    • Падчас І Сусветнай вайны працавала ў ваеннай медыцынскай установе, маючы адпаведную адукацыю.
    • Пасля складання манаскіх абяцанняў у Кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця НПМ выконвала абавязкі ўрача супольнасці. Працавала як настаўніца і выхавацельніца ў гімназіях у Язлоўцы (Украіна) і Слоніме.
    • На працягу жыцця вяла запісы, якія з’яўляюцца свайго роду дзённікам душы. Гэта свабодныя запіскі, часта без даты.
   
    “Добрыя справы, выкананыя з любоўю, расчульваюць і захапляюць Божае сэрца”.
Бласлаўлёная с. Марта Валоўская ад Езуса
   
    • Нарадзілася 12 кастрычніка 1879 года ў Любліне (Польшча) у заможнай сям’і вядомага юрыста і грамадскага дзеяча.
    • Ужо будучы падлеткам вучыла іншых дзяўчат польскай мове і гісторыі.
    • Уваходзячы ў сталае жыццё, думала пра сужэнства, але адчула пакліканне да манаства і ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Беззаганнага Зачацця НПМ.
    • На працягу многіх гадоў была настаяцельніцай у Мацееве на Валыні (сучасная Украіна). Арганізавала дзіцячы дом для больш за сотні дзяцей розных нацыянальнасцей, агульнаадукацыйную школу, настаўніцкую семінарыю і прафесійную школу.
    • Стварала вакол сябе атмасферу талерантнасці і гарманічнага суіснавання культурна і рэлігійна разрозненай супольнасці.
   
    “Адзін Пан Бог над намі і святая Яго воля для кожнай душы”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.